Соня з Пінска з дзяцінства ведала, што будзе лекарам, Валерыя паглядзела на спіс прадметаў і закахалася ў спецыяльнасць, а Лёша чакае ад вучобы кайфовой і сяброўскай атмасферы і вясёлых людзей побач. Чытачы Hrodna.life, якія ў 2022-м паступілі ў ВНУ, распавялі, як выбіралі будучую прафесію і што пераадолелі, каб стаць студэнтамі.
«Нават у дзіцячай анкеце для дзяўчынак шэсць гадоў таму я напісала, што мая будучая прафесія — урач», — распавяла Соня. На выбар прафесіі паўплывала і тое, што ў сям'і ўжо ёсць медыкі.
«У мяне не было варыянту „не паступіць“ і выбіраць сабе нешта яшчэ, каб перабегчы», — успамінае яна. Таму чацвёрты запасны прадмет па ЦТ нават не планавала. Дзяўчына лічыць, што да абранай прафесіі трэба ісці «да пераможнага канца», а не паступаць туды, куды хопіць балаў: «Так можна застацца з нялюбай працай».
Соня прыехала паступаць у Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт разам са сваімі сябрамі з Пінска. Каб трапіць у медунівер, яна пачала рыхтавацца за два гады да заканчэння школы. Сваю спецыяльнасць абрала, бо ёй падабаецца працаваць з дзецьмі і таму, што чула добрыя водгукі пра вучобу ад студэнтаў гэтага факультэта.
«Мне падабаецца медыцына, — разважае Соня, — там можна знайсці тое, што падабаецца любому чалавеку. Як кажа мая цётка, гэта „неўзаранае поле“, дзе ёсць маса спецыяльнасцяў — можна лёгка перавучыцца з аднаго медыцынскага профілю на іншы».
«Чакаю, што навучанне будзе вельмі цікавым. Разумею, што будзе нялёгка, але веру, што будзе займальна», — прызналася Соня.
«Чакаю кайфовую і сяброўскую атмасферу, разумных і вясёлых людзей побач, з якімі любыя цяжкасці будуць хоць бы што. Ну і адэкватных прафесараў, дэканаў. Увогуле, каб усё было а*уенна! — кажа Лёша Каляда пра свае чаканні ад навучання. — Галоўнае — не расчаравацца ў гэтай сферы».
Хлопец прыехаў са «слаўнага горада на рацэ Піна» і паступіў у Гродзенскі медуніверсітэт на спецыяльнасць «Лячэбная справа».
«Чаму менавіта медыцына? Не хачу хлусіць і казаць, што з самага дзяцінства я марыў стаць лекарам, гледзячы на маю маці, якая таксама працуе ў гэтай сферы», — кажа будучы лекар. Лёша распавёў, што рашэнне прыняў пасля 9 класа. Тады ён абраў прадметы, да якіх «больш цягне» — хімію і біялогію — і пачаў актыўна займацца. Ужо тады ён бачыў сябе ў будучыні толькі лекарам.
«Ніякага «у апошні момант» не было. Як гаворыцца, кідацца трэба пры выбары прафесіі, а калі выбар зроблены — застаецца толькі дзейнічаць!" — кажа Аляксей.
Бацькі падтрымалі выбар сына. Мама сказала: «Праца заўсёды знойдзецца».
Па словах студэнта, інтэрнат даюць усім жадаючым на першым курсе, «Так што, „шняга шняжная, жыццё мае абшчажнае“, сустракай мяне, ГрГМУ, я ўжо еду па цябе!».
Разам з Лёшам на «Лячэбную справу» паступіў і яго сябар Мікіта. Акрамя гэтага факультэта ён падрыхтаваў і запасныя варыянты — педыятрычны факультэт ГрГМУ і лячэбны факультэт Віцебскага медуніверсітэта.
Пры выбары профільнага хіміка-біялагічнага класа Мікіта спачатку збіраўся паступаць на спецыяльнасць спартыўнага профілю. «Але імкненне да пазнання чалавечага арганізма стала мацней, чым я чакаў. Таму летам перад 11 класам пачаў рыхтавацца да паступлення ў медыцынскі».
Мікіта абраў «Лячэбную справу», бо лічыць, што навучанне па гэтай спецыяльнасці максімальна раскрые яго моцныя бакі, дасць паспрабаваць сябе ў розных сферах медыцыны і дапаможа зрабіць правільны выбар. Ён распавёў, што абраў ГрДМУ, бо шмат чуў пра якасць навучання, пісьменны выкладчыцкі склад і магчымасці, якія прадстаўляюцца студэнтам.
«Ды і сам Гродна, у якім я не быў да падачы дакументаў, прыемна ўразіў», — распавёў Мікіта.
Усе трое будучых урачоў з Пінска паступілі на бясплатную форму навучання.
А вось Арцём з Гродна дакладна ведае, колькі каштуе яго навучанне ў медыцынскім універсітэце на «Лячэбнай справе» — 3674 беларускія рублі ў год.
Са спецыяльнасцю Арцём вызначыўся яшчэ ў 8 класе. «Ніякіх запасных варыянтаў я нават не разглядаў, бо быў упэўнены ў сваіх сілах і ведах на 100 адсоткаў», — кажа будучы студэнт.
Арцём сумарна здаў ЦТ на 240 балаў.
«Цяжэй за ўсё было на працягу двух гадоў старанна і скурпулёзна вывучаць тры прадметы, неабходных для паступлення. Запамінаць самую некарысную інфармацыю, але самую патрэбную падчас тэставання», — распавёў Арцём.
У Соні самую вялікую складанасць пры здачы ЦТ выклікала руская мова. «Я разлічвала на яе больш за ўсё і пасля здачы ЦТ была ўпэўненая, што напісала мінімум на 85 балаў. Але мяне чакала расчараванне — вынік быў 79 балаў». Па словах дзяўчыны, складанасць была яшчэ ў тым, што ў ЦТ па рускай шмат пастак — некалькі варыянтаў адказаў у адным заданні. Па трох ЦТ набрала 239.
Невялікая няўпэўненасць была і ў Мікіты пры здачы рускай мовы. «Не таму, што яна першая, а таму, што гэта прадмет, у якім акрамя ведаў трэба разлічваць і на поспех», — патлумачыў хлопец.
Астатняе аказалася нашмат спакайней, чым Мікіта думаў падчас падрыхтоўкі. «Біялогія і хімія прайшла спакойна, паказаў выдатны для сябе вынік. Агульная сума балаў 359».
Самым цяжкім для Лёшы аказалася чаканне — спачатку ЦТ, а затым вынікаў паступлення. Малады чалавек набраў пры паступленні 354 балы. «Здавалася, нямала, але спачатку ўступнай кампаніі, як заўсёды, думаў, што не хопіць», — сказаў Лёша.
«У цэлым, здача ЦТ гэта вельмі цяжка і нярвова, яшчэ раз праз гэта праходзіць я не хацела б. Досвед 0/10, не рэкамендую», — кажа Соня.
Чытайце таксама:
А вось Анастасію з Гродна нервы і перажыванні з нагоды ЦТ абышлі бокам. Яна паступіла ў каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва. «Паступала, бо хачу развівацца ў галіне манікюру. І праз тое, што астатнія спецыяльнасці ў горадзе мяне не зацікавілі», — патлумачыла дзяўчына.
Свой выбар яна абмяркоўвала з мамай і сястрой, так што рашэнне не было спантанным. Куды паступаць, выбірала сама, пакуль вучылася ў 11 класе.
«Прафесія досыць цікавая — можна шмат чаго прыдумаць і стварыць нешта новае. Будзе шмат творчых заданняў», — кажа Насця.
Чытайце таксама: На реснички к инженеру. Как мужчины в Гродно работают в сфере красоты
У працэсе паступлення на «Дызайнера віртуальнага асяроддзя» цяпер знаходзіцца Даня з Гродна.
Хлопец падаў дакументы на дзённае навучанне на платнай аснове. «Да чаго душа ляжыць, туды і паступіў», — патлумачыў Даніла выбар спецыяльнасць. Пры здачы ЦТ асаблівых складанасцяў у яго не было. Запасным варыянтам абраў рамана-германскую, ангельскую ці нямецкую філалогію на базе ангельскай мовы. Хлопец лічыць, што навучанне моцна разведзенае агульнымі прадметамі, таму ад яго шмат чаго не чакае.
«Я не з’яўляюся пераможцам розных алімпіяд, а толькі ўладальнікам залатога медаля, які ў конкурсе на паступленне асаблівай ролі не грае», — распавёў Аляксей з Гродна.
Хлопец паступіў на спецыяльнасць «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» на факультэце матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ. «Па выхадзе ў мяне будзе запатрабаваная кваліфікацыя і сама праца па спецыяльнасці мне па душы», — распавёў студэнт. Па словах гродзенца, на яго выбар паўплывала сям’я, сябры і знаёмыя.
Аляксей прызнаўся, што на тэставанні набраў не самыя высокія балы. Пацешным аказалася, што чацвёрты, запасны, прадмет ён здаў лепш за ўсё. На бюджэт набіралі ўсяго 40 чалавек са 100. «Абітурыентам давалася магчымасць расставіць прыярытэты сярод спецыяльнасцяў факультэта, — патлумачыў Аляксей. — Калі б я не прайшоў на сваю спецыяльнасць, мяне б перакінулі ў конкурс на наступную па спісе».
Чытайце таксама: «Поступила в магистратуру на слабо». Три истории о том, как взрослые гродненцы снова сели за парту
«Вывучыць новую мову для мяне хутчэй лёгка і цікава, чым складана і доўга, — распавяла Валерыя. Яна паступіла на факультэт міжнародных адносін у БДУ. — Законы, правы, юрыдычныя сістэмы — гучыць займальна».
Мяркуючы па прахадных балах, там яе будуць атачаць разумныя маладзёны, лічыць Лера: «Я натхняюся асяроддзем і перакананая, што яно ўплывае на нас. Таму хачу, каб на мяне ўплывалі разумныя і выхаваныя аднагодкі».
Праз высокія балы гродзенка паступіла толькі на платнае, але мэтанакіравана рыхтавалася на гэтую спецыяльнасць два гады. «Шчыра, я нават не памятаю сам момант, як я выбрала гэтую спецыяльнасць. Проста на сайце ўніверсітэта паглядзела дысцыпліны дадзенай спецыяльнасці і закахалася. Вучоба будзе складаная, але, я думаю, яна таго вартая».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…