Лета скончылася, адпачынкі - таксама. Прыйшоў час задумацца, дзе паесці падчас перапынку на працы. Hrodna.life узгадаў, якія сталовыя працуюць у Гродне, сабраў свежыя водгукі наведвальнікаў і даведаўся, якія каронныя стравы там падаюць.
Сталовыя горада з найлепшым рэйтынгам
Адзін з лідараў паводле адзнак у Яндэкс.Картах — сталовая «Хімвалакно» на Славінскага, 4. Яна атрымала 5 зорачак па выніках 329 адзнак.
Іван лічыць, што гэта «не сталовая, а скарб» — мужчына гатовы прыязджаць у Гродна толькі дзеля яе. Міхаіл адзначае смачную выпечку быццам у бабулінай вёсцы, а «сочнікі як жаўтком памазаныя». А вось Таццяну расчаравалі прыгаркі ў гарохавым супе.
Сярэдні чэк за комплексны абед у сталовай — 7 руб.
У сталовай «Ваенсэрвісу» на Карбышава, 25 на Яндэкс.Картах ганаровы рэйтынг у 4,9 зорачкі. Установа прымае наведвальнікаў да 15:00, а пры замове ежу падаюць да століка — як у сапраўдных кафэ. Стравы можна ўзяць на вынас. Яшчэ адзін плюс сталовай — побач ёсць вялікая стаянка, дзе можна прыпаркаваць аўто.
Кірылу спадабалася ўсё, акрамя супу. «Прыдзірлівае дзіця ўсё з’ела», — дадаў Ігар.
Сталовыя, у якіх можна паабедаць з шыкам
У сталовую прадпрыемства «Гранітэкс» на вуліцы Горкага, 91 варта зайсці хаця бы дзеля добрай мэблі - там стаяць шырокія сталы і драўляныя крэслы, а на сцяне вісіць тэлевізар.
Рэйтынг у Google Maps у сталовай — 4,3 зорачкі. Сярэдні чэк за абед — 6−8 руб. Напрыклад, Аляксандр набыў сябе боршч, тушаную капусту з катлетай, салат і кампот — за ўсё гэта ён аддаў 8 рублёў. Ганна за «добры, смачны кавалак свініны» заплаціла 3,5 руб. Іншыя наведвальнікі адзначылі шырокі выбар салатаў, смачныя другія стравы і ветлівы персанал.
Сталовая «Гродна Азот» на праспекце Касманаўтаў, 100 атрымала 4,6 зорачкі і ў Яндэкс.Картах, і ў Google Maps.
Ва ўстанове цікавы інтэр'ер: высокія белыя столі з люстрамі, стылізаванымі пад крышталь, а перагародкі на сценах упрыгожаны народным арнаментам. Дзякуючы яскраваму інтэр'еру ў сталовай нават праводзяць юбілеі і карпаратывы.
У Ганны абед на чацвярых чалавек абышоўся ў 27 руб. Сям’я замовіла пюрэ, катлеты, салаты, сокі і сасіскі ў цесце. «Вельмі смачны хлеб!» — дадала госця. Наведвальнікі таксама раяць пакаштаваць выпечку, а ў прыватнасці медавік.
Сталовыя, куды трапіць не так проста (але ёсць лайфхакі)
Плануючы зайсці ў «Сталоўку» на Урублеўскага, 5А, трэба быць уважлівым: установа працуе толькі ў абедзенны час з 12:00 да 15:30. А ў выходныя дні зачынена. Рэйтынг установы ў Яндэкс.Картах — 4,5 зорачкі.
Сярэдні чэк у «Сталоўцы» каля 10 руб. Меню кожны дзень новае. Міхаілу «асабліва спадабаліся лянівыя галубцы і салаты», а вось грэчка крыху расчаравала — была сухаватай. Аляксандра абурыла, што біфштэкс з яйкам каштаваў больш за 5 руб. Мужчына таксама заўважыў, што другія стравы ў сталовай бываюць сухімі.
З абедам у сталовай ГрДУ на Ажэшкі, 22 таксама ёсць нюанс: трапіць сюды не студэнтам — складана. Але вопытныя людзі раяць лайфхак — трэба запісацца ў вахцёра ў спецыяльным часопісе. Праўда, для гэтага спатрэбіцца пашпарт.
У Google Maps сталовая ГрДУ адзначана як «супны рэстаран» і мае 4,4 зорачкі.
Аляксандру «паўнавартасны абед на дваіх» абышоўся ў 11 руб. Павел адзначыў, што месца добрае: «асабліва мяса з сырнай галоўкай, там на галоўцы памідор і салёны агурок, вельмі смачна», напісаў малады чалавек.
Сталовую на Новакастрычніцкай, 14 наведвальнікі ацанілі ў 4,4 зорачкі на Яндэкс.Картах. Ва ўстановы няма вывескі, але Наталля адзначае, што «вахцёр ветліва пакажа, дзе знаходзіцца сталовая».
Гасцям падабаецца вялікі выбар мясных і рыбных страваў. Смак — «як у дзяцінстве», дадае Аляксей. Абед у сталовай абыдзецца прыкладна ў 7 руб.
Сталовыя, дзе можна паабедаць максімальна бюджэтна
Сталовая аўтобуснага парку на вуліцы Перамогі, 16 атрымала 4,7 зорачкі ў Яндэкс.Картах. Сяргей раіць свой стандартны набор: «пюрэ з соўсам і катлета „Асаблівая“ — смак не змяняецца, а гэта прыклад добрага повара». Дзяніс таксама адзначыў асаблівы смак соуса — у дадатку да макаронаў з каўбаскамі «гэта быў улёт». У сярэднім абед у сталовай абыдзецца ў 7 руб.
Сталовай медуніверсітэта на вуліцы Горкага, 80 паставілі 4,6 зорачкі ў Google Maps. Наведвальнікі адзначаюць смачныя супы і смажанкі. Агаце не спадабалася, што пры падачы запяканкі дэсерт прытрымлівалі голымі пальцамі - дзяўчына гадзіцца. Сярэдні чэк у сталовай — 5 руб.
Кафэ-сталовую корпуса ГрДУ на Захарава, 32 наведвальнікі ў Google Maps ацанілі на 4,3 зорачкі. Госці адзначаюць, што асартымент установы радуе не заўсёды: маленькі выбар супоў і ўсяго дзве кашы.
Затое сярэдні чэк — усяго 5 руб. Вользе спадабаліся пячоначныя аладкі. Андрэй ходзіць абедаць у сталовую кожны дзень і вельмі задаволены працай персаналу.
Яшчэ адна сталовая з сярэднім чэкам у 5 руб. знаходзіцца на вуліцы Касманаўтаў, 66 у будынку тралейбуснага ўпраўлення. Установа атрымала 4,4 зорачкі ў Яндэкс.Картах. Наведвальнікі кажуць, што ежа смачная, а выбар пазіцый вялікі. Кірыла расчаравала зветранае філе, аб якое ён ледзь не зламаў зуб. «Ганьба», — напісаў мужчына.
Сяргею спадабалася, што ўлетку ў сталовай уключаюць кандыцыянер.