Турысты з Расіі едуць у Гродна не толькі як у «самы еўрапейскі горад Беларусі», дзе можна ўбачыць каралеўскія замкі, касцёлы ў стылі барока і Аўгустоўскі канал. Паездка ў Беларусь для іх — яшчэ і магчымасць атрымаць тавары і паслугі, недаступныя цяпер у Расіі з-за санкцый або сыходу з рынку заходніх кампаній.
Разабраліся, што могуць купіць у Беларусі расійцы і якімі недаступнымі ў сябе сэрвісамі яны могуць у нас скарыстацца.
Змест
Фірменнае адзенне і рэчы
Многія заходнія брэнды сышлі з Расіі, але па-ранейшаму працуюць у Беларусі. Хоць і не ўсе. Напрыклад, шведская сетка H&M сышла з абодвух рынкаў. Затое ў Беларусі ёсць Zara і Zara Home. Крамы размешчаны ў Мінску ў гандлёвых цэнтрах Dana Mall, Green City і Galleria Minsk.

У гродзенскім ТРК Triniti ёсць крамы іспанскіх брэндаў Bershka і MANGO, якія ў 2022 годзе пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны сышлі з рынку Расіі. Прадстаўлены ў Гродна і брэнды польскай фірмы LPP: Reserved, Cropp, House, Mohito і Sinsay. З Расіі гэтыя брэнды таксама сышлі.
Чытайце таксама: Якія сувеніры прывезці з Гродна ў гэтым годзе?
Банкаўскія карткі і плацежныя сістэмы
З-за санкцый супраць расійскіх банкаў карткі Visa і Mastercard, выпушчаныя гэтымі банкамі, працуюць толькі ўнутры краіны. Новых картак гэтых міжнародных плацежных сістэм у Расіі ўжо не выпускаюць. Карты Visa і Mastercard, выпушчаныя беларускімі банкамі, прымаюцца ў большасці краін свету, за выключэннем Расіі і Украіны. Здараюцца некаторыя абмежаванні, а працэнты пры зняцці наяўных не заўсёды цешаць, але гэта ўжо нюансы. Менавіта гэтыя карты прыязджаюць афармляць у Беларусь расійцы. Імі можна карыстацца за мяжой і для анлайн-плацяжоў на замежных сайтах.

Падобная сітуацыя і з міжнароднай сістэмай міжбанкаўскіх транзакцый SWIFT. Яна дазваляе рабіць банкаўскія пераводы па ўсім свеце, але ў Расіі да яе засталіся падлучаныя ўсяго некалькі банкаў (сярод іх Райффайзенбанк, ЮніКрэдыт Банк і іншыя). У Беларусі таксама са SWIFT-пераводамі не ўсё проста, але пакуль больш магчымасцяў. З іншага боку, і яны скарачаюцца. Напрыклад, у апошнім пакеце заходніх санкцый прадугледзелі адключэнне ад SWIFT чатырох беларускіх банкаў: «Белінвестбанк», «Белаграпрамбанк», «Банк Дабрабыт» і «Банк развіцця».
Facebook, Instagram і Threads
У Расіі з вясны 2022 года ўсе сэрвісы, якія належаць кампаніі Meta, прызнаныя экстрэмісцкімі, забароненыя і заблакаваныя. У Беларусі ж можна свабодна карыстацца сацыяльнымі сеткамі Facebook, Instagram і Threads. Праўда, рабіць гэта трэба асцярожна — многія старонкі прызнаныя беларускімі судамі экстрэмісцкімі. Гэта значыць, за лайкі і падпіскі можа пагражаць штраф, арышт або нават крымінальная адказнасць.

YouTube на поўнай хуткасці
У ліпені 2024 года Роскамнагляд пачаў запавольваць на тэрыторыі Расіі YouTube — найбуйнейшы відэахостынг у свеце. З-за гэтага некаторыя блогеры пачалі сыходзіць на расійскія платформы накшталт VK Відэа. Але карыстальнікі ў Расіі імкнуцца абыходзіць абмежаванні - перш за ўсё з дапамогай платных VPN.
У Беларусі за прагляд YouTube на поўнай хуткасці дадаткова плаціць не трэба. У нашай краіне яго не запавольваюць і не блакуюць.
Чытайце таксама: Дзе паснедаць у Гродне турысту?
Тэхніка Apple
З расійскага рынку кампанія сышла цалкам. Цяпер новыя iPhone і іншую «яблычную» тэхніку ўвозяць па схеме паралельнага імпарту.
У Беларусі не было і няма фірменных магазінаў Apple, але ўсё яшчэ працуюць афіцыйныя рэсэлеры, такія як i-Store (мае статус Apple Premium Reseller). Тэхніку Apple як аўтарызаваныя прадаўцы імпартуюць мабільныя аператары і буйныя сеткі электронікі. У такіх дэвайсаў ёсць афіцыйныя гарантыя і сэрвісная падтрымка.

Адзін час у Беларусі iPhone былі танней, чым у расійскіх крамах. Выгада даходзіла да $ 100. Але зараз цэны зраўняліся. А улічваючы перыядычныя акцыі, у Расіі купіць смартфон ад Apple стала танней, чым у Беларусі.
iPhone 16 128 Гб | iPhone 16 Pro 128 Гб | |
Беларусь | ||
i-Store | 3399 BYN (1135 USD) | 4399 BYN (1469 USD) |
Электросила | 3099 BYN (1035 USD) | 4299 BYN (1436 USD) |
5 элемент | 3099 BYN (1035 USD) | 4299 BYN (1436 USD) |
А1 | 2999 BYN (1001 USD) | 4299 BYN (1436 USD) |
МТС | 3189 BYN (1065 USD) | 4459 BYN (1489 USD) |
Расія | ||
Re:Store | 81 990 RUB (1020 USD) | 112 990 RUB (1406 USD) |
М.Видео | 84 999 RUB (1046 USD) | 114 999 RUB (1431 USD) |
Цяпер будучыня iPhone у Расіі туманная. Справа ў тым, што з 1 верасня ў РФ можна будзе прадаваць толькі тэлефоны з прадусталяванай расійскай крамай дадаткаў RuStore. А паколькі Apple афіцыйна свае смартфоны ў Расію не пастаўляе, незразумела, як будуць рэалізаваныя гэтыя новыя нормы.
Чытайце таксама: Дзе ў Гродне паесці смачна, хутка і нядорага — спіс сталовых
Некаторыя заходнія прадукты
Раней расійцы прывозілі з Беларусі еўрапейскія сыры і іспанскі хамон. Цяпер з гэтым складаней, увоз гэтых прадуктаў у Беларусь у апошнія гады таксама забаранілі. Але, добра пашукаўшы, можна знайсці хамон з… Аргентыны! Ёсць і хамон беларускай вытворчасці - яго робяць на Гродзенскім мясакамбінаце. Праўда, на думку спажыўцоў, ён хутчэй падобны да кумпяка або паляндвіцы, а не да іспанскага арыгіналу.
На рынках Гродна і Брэста можна адшукаць тавары з Польшчы. Гэта пральныя парашкі, бытавая хімія, кава, шакалад і іншыя прадукты з крамаў накшталт Biedronka або Lidl — але яны больш цікавыя мясцовым жыхарам.