Мы працягваем расказваць пра цікавыя старыя рэчы, якія захоўваюцца ў жыхароў Гродна. Гэтым разам да нас у рэдакцыю прыйшоў гродзенец Ягор Малышка са статуэткай рыцара. Ён распавёў, што гэтую рэч у 1940-х гадах у падарунак ад нямецкага афіцэра атрымаў яго прадзед Лявон Малышка.
Паводле сямейнай легенды, Лявон адрамантаваў гадзіннік афіцэра і за гэта атрымаў ад яго такі падарунак.
«Гэтая гісторыя ў нашай сям'і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Мне пра статуэтку распавёў дзед, сын Лявона. Прадзеда я не застаў, ды і дзед расказаў, што яго бацька неахвотна дзяліўся гісторыямі пра акупацыю. Таму гісторыя пра статуэтку да мяне дайшла толькі фрагментамі. Сёння гэтая рэч у нашай сям'і стаіць на ганаровым месцы ў памяць пра нашага майстравітага продка».
Сям’я Малышкаў жыве ў Гродне ўжо восем пакаленняў. Прадзядуля Ягора Лявон Малышка ў 1930-я гады пабудаваў дом на вуліцы Піўной. Там яго сям’я пражыла да 1970-х. Падчас нямецкай акупацыі Лявон працаваў у немцаў пры штабе, адказваў за рамонт мэблі і іншых рэчаў.
«Яшчэ да вайны прадзед быў вядомым у горадзе столярам-чырванадрэўшчыкам і працаваў з дарагімі матэрыяламі, — распавядае Ягор. — У яго была свая крама. Магчыма, сёння дзесьці ў дамах у гродзенцаў захавалася старая мэбля, якую рабіў мой прадзед. Яго шмат хто ведаў у Гродне і называў „пан майстар“. Калі прыйшлі немцы ў 1941 годзе, яго як спецыяліста паслалі працаваць у нейкі штаб».
Ягор кажа, што яго прадзед быў адным з нямногіх гродзенскіх рабочых, каму немцы давяралі і да каго з павагай ставіліся. Ён рабіў ім мэблю, гадзіннікі і многае іншае.
Згодна з надпісам на падстаўцы, статуэтку дарылі нейкаму Адольфу на 50-годдзе. Але чаму нямецкі афіцэр у Гродне вырашыў яе падарыць Лявону? А можа ўсё-такі не падарыў і статуэтка стала трафеем гродзенца пасля ўцёкаў немцаў ў 1944 годзе?
Надпіс па-нямецку: U.I. Adolf zu seinem 50. geburtstag. Hamburg 8.II.35. Rudolf u Emil/ Адольфу 50 гадоў. Гамбург 8.II.35. Рудольф і Эміль.
“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…
З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…
Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…
Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…
«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…
У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…