Гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч у эміграцыі збірае старыя фотаздымкі Гродна. Hrodna.life пачынае публікаваць рэдкія фота Гродна міжваеннага перыяду з калекцыі Руслана. Журналіст раскажа, як яны патрапілі да яго, пра іх гісторыю, месцы і людзей, бачных на фота.
У першым выпуску мы паглядзім фотаздымкі з сямейнага архіву Леакадзіі Узаньскай, якая пасля вайны з’ехала з Гродна ў польскі горад Слупск.
«Леакадзія Узнаньска была гераіняй маёй другой кнігі. Я планаваў зняць яе для свайго фільма [»Апошнія сведкі" - Hrodna.life], яшчэ ў канцы 2022 года, жанчына жыла ў Слупску. Я патэлефанаваў, але яе дачка сказала, што Леакадзія памерла. Я прыехаў да дачкі - Басі Узнаньскай, яна сказала, што ад маці засталіся фотаздымкі. «Вы займаецеся гісторыяй, для горада, для таго, каб гісторыя горада жыла, бярыце» — сказала яна", — расказаў Hrodna.life журналіст Руслан Кулевіч.
На фотаздымках, якія перадалі ў калекцыю Руслана Кулевіча, бачны бацька Леакадзіі - Яўген Узнаньскі. Ён працаваў у Гродне пажарным. «Працаваў пры паляках, пры першых саветах і пры немцах. На фотаздымках можна ўбачыць пажарную службу ў 1930-я — 1940-я гады».
Чытайце таксама: «У пошуках гродзенцаў». Глядзіце, якія фатаздымкі мы прывезлі з польскага Памор’я
Што на фота: пажарныя, каланча, Фара Вітаўта
На частцы фотаздымкаў можна ўбачыць вежу, на якой трэніраваліся гродзенскія пажарныя. Яна размяшчалася на тэрыторыі пажарнай часткі, ля каланчы на скрыжаванні Замкавай і Вялікай Траецкай. На адным з фотаздымкаў бачна Фару Вітаўта на заднім фоне. На другім — частку Вялікай харальнай сінагогі, а таксама драўляны плот з калючым дротам, якім была абнесена пажарная частка.
Падчас нямецкай акупацыі сям’я Узаньскіх жыла ў доме побач з пажарнай часткай. Сёння гэта дом на вуліцы Замкавай, 19.
«Я бы, магчыма, і перадаў гэтыя фотаздымкі ў Гродзенскі музей пажарнай службы. Бо гэта спараўды класныя фотаздымкі. Яшчэ ёсць вялікі фотаздымак. Мне сказалі: „Як будзе магчымасць перадаць, то перадайце“. Але не пры гэтай уладзе, напэўна. А можа і свой музей фотаздымкаў зраблю».
Што прадавалі ў гродзенскіх крамах падчас нямецкай акупацыі
Падчас нямецкай акупацыі Леакадзія Узнаньска працавала ў краме ў цэнтры горада. Крама размяшчалася на вуліцы Дамініканьскай (сучасная вул.Савецкая). На фотаздымку Леакадзія ў цэнтры. На паліцах у краме можна ўбачыць падносы, фотарамкі, статуэткі. У куце крамы размяшчалася кафляная печ.
«Падчас вайны яе [Леакадзію — Hrodna.life] два разы ледзь не вывезлі ў Германію на прымусовыя працы. Але яе выратавала жонка немца, які трымаў фабрыку, дзе рабілі рэчы на фронт. Леакадзіі прапанавалі працу ў краме на Дамініканьскай. Немцы плацілі і на жыццё хапала», — расказаў Кулевіч.
Яшчэ на адных фотаздымках можна убачыць ратавальную станцыю на левым беразе Нёмана і спецыяльна агароджаную прастору на вадзе. Верагодна, там трэніраваліся і займаліся плаваннем. На заднім фоне можна ўбачыць лесвіцу паміж замкамі, а таксама Каложскую царкву.
Руслан Кулевіч пра сваю калекцыю: «Трэба браць і паказваць»
«Для мяне гэта вельмі важна, я набраў максімум фатаграфій. Іх больш за 50 [з калекцыі сям'і Узнаньскіх — Hrodna.life]. Людзі даюць, значыцца трэба браць і паказваць, распавядаць людзям. Шматлікія калекцыянеры збіраюць фотаздымкі і проста складуюць. Я зараз за сабой заўважаю, што таксама пачынаю складаваць, але так нельга. Бо людзі мне давяраюць, даюць мне гэтыя фотаздымкі, каб я распавядаў», — сказаў Руслан Кулевіч.