Як ратавацца ад спёкі: карысныя парады для сонечнага надвор’я

+28, +29, +30. Бліжэйшы тыдзень гродзенцаў чакае сапраўдная спёка. Hrodna.life сабраў парады, што трэба рабіць, каб перажыць яе і не расчаравацца ў леце.

1. Асцерагайцеся сонца

З 11 да 17 гадзін лепей па магчымасці знаходзіцца ў памяшканні. У гэты час сонца найбольш актыўнае. Калі мусіце быць у горадзе, час ад часу заходзьце ў памяшканні з кандыцыянерамі, абірайце цень.

2. Не забывайце пра ваду

Бярыце з сабой бутэльку з негазаванай несалодкай вадой. У яе можна дадаць крыху соку лімону ці іншай садавіны, мяту. Вада не мусіць быць халоднай — у спёку такім чынам вельмі проста застудзіць горла.

Можна піць цёплую гарбату без цукру, кампоты і морсы. А вось зашмат кавы можа ўзмацніць абязвожванне. Не ўжывайце алкаголь — у спёку яго дзеянне на арганізм шматкроць узмацняецца, плюс арганізм робіцца больш адчувальным да высокай тэмпературы

Актыўнае потаадзяленне спрыяе абязвожванню. Мінімальная колькасць вады на суткі звычайна вылічваецца зыходзячы з вагі - 30 мл памнажаецца на колькасць кг. У спёку гэтую лічбу варта павялічваць на 1 л.

3. Выбірайце лёгкую ежу

У перыяд спёкі не ешце шмат тлустага, смажанага, салодкага. Надавайце перавагу лёгкай ежы: салатам, нетлустаму мясу і рыбе, частуйцеся халадніком. Слодычы можна замяніць на садавіну — якраз прыйшоў час клубніцаў.

4. Правільна апранайцеся, ужывайце сонцаахоўную касметыку

Абірайце зручны адкрыты абутак і свабоднае светлае адзенне з натуральных тканін. Выдатна пасуе лён, бавоўна. Не забывайцеся на галаўны ўбор, можна абараняцца і парасонам.

Для адкрытых частак цела ўжывайце сонцаахоўную касметыку. Лекары раяць крэмы з аксідам цынку, які папярэджвае развіццё меланомаў. Ён адначасова працуе як фотапратэктар, адлюстроўваючы ўльтрафіялет, і як супрацьзапаляльнае рэчыва. Адмысловыя сродкі тэрмааховы ёсць і для валасоў.

Жанчынам, якія ўжываюць макіяж, таксама варта зважаць на спёку. Пры падрыхтоўцы да макіяжу варта абіраць звільгатняльныя сродкі з SPF. Насычаныя крэмы лепш замяніць на сывараткі, густы танальнік — на лёгкі ВВ-крэм, абіраць вадастойкую туш і падводку. Адмова ад дадатковых слаёў, напрыклад, фіксацыі макіяжу пудрай, дапаможа скуры дыхаць.

5. Правільна наладжвайце кандыцыянер

Калі ў пакоі працуе кандыцыянер, не ахалоджвайце паветра ніжэй за 18−20 градусаў і не сядзіце ад яго надта блізка — можна прастыць. Калі ёсць вентылятар, перад ім можна паставіць ёмістасць з вадой.

6. Спорт адкладзіце на прахалодны час

Ня займайцеся актыўным спортам пры тэмпературы вышэй за 25 °C. Варта па магчымасці абмежаваць і працяглыя паездкі на аўтамабілі. Калі такой магчымасці няма, будзьце максімальна ўважлівымі на дарозе, бо падчас спёкі можа пагоршыцца самаадчуванне і знізіцца рэакцыя. Старайцеся паркаваць аўто ў цень.

7. Паклапаціцеся пра дзяцей

Дзяцей трэба асабліва абараняць ад спёкі і прамога сонца — іх тэрмарэгуляцыя горшая, чым у дарослых. Паводле медыкаў, пры цяжкіх ступенях цеплавых удараў летальнасць можа дасягаць 30%. Шпацыры і актыўныя гульні лепш перанесці на вечар. Пры адпачынку ля вадаёму варта быць у цені, купацца па 15−20 хвілін і кожны раз абнаўляць SPF-ахову.

8. Бонус. Як пазнаць цеплавы ўдар і што рабіць?

Цеплавы ўдар — гэта перагрэў арганізма. Прычынай можа стаць гарачае зацішнае надвор’е, высокая вільготнасць паветра або актыўныя фізічныя нагрузкі. Сонечны ўдар — прыватны выпадак цеплавога. Адбываецца пад уздзеяннем прамых сонечных прамянёў. Ён больш небяспечны праз магчымыя апёкі скуры.

Сімптомы цеплавога ўдару — пачырваненне скуры, павышэнне тэмпературы і ўзмацненне потаадзялення, паскарэнне пульсу, галавакружэнне ці галаўны боль, слабасць, санлівасць, млоснасць, шум у вушах.

Пры цеплавым удары трэба перамясціць пацярпелага ў прахалоднае месца, зняць або расшпіліць цеснае адзенне і рамяні. Пакласці, прыўзняўшы галаву. Калі ёсць ваніты — павярнуць на бок. Апырскаць ці абцерці цела прахалоднай (не ледзяной) вадой. Да галавы прыкласці халодны кампрэс. Абмахваць. Багата паіць маленькімі глоткамі. Звярнуцца да лекара ці выклікаць хуткую дапамогу.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025

Сцэна пад «Дажынкі» vs хуткая дапамога на матацыкле. Параўналі, як у Беларусі і Польшчы падтрымліваюць грамадзянскія ініцыятывы

Хочаце новую дзіцячую пляцоўку непадалёк ад дома? Ці лічыце важным правесці ў сваім горадзе кампанію…

29 красавіка 2025

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025