+28, +29, +30. Бліжэйшы тыдзень гродзенцаў чакае сапраўдная спёка. Hrodna.life сабраў парады, што трэба рабіць, каб перажыць яе і не расчаравацца ў леце.
1. Асцерагайцеся сонца
З 11 да 17 гадзін лепей па магчымасці знаходзіцца ў памяшканні. У гэты час сонца найбольш актыўнае. Калі мусіце быць у горадзе, час ад часу заходзьце ў памяшканні з кандыцыянерамі, абірайце цень.
2. Не забывайце пра ваду
Бярыце з сабой бутэльку з негазаванай несалодкай вадой. У яе можна дадаць крыху соку лімону ці іншай садавіны, мяту. Вада не мусіць быць халоднай — у спёку такім чынам вельмі проста застудзіць горла.
Можна піць цёплую гарбату без цукру, кампоты і морсы. А вось зашмат кавы можа ўзмацніць абязвожванне. Не ўжывайце алкаголь — у спёку яго дзеянне на арганізм шматкроць узмацняецца, плюс арганізм робіцца больш адчувальным да высокай тэмпературы
Актыўнае потаадзяленне спрыяе абязвожванню. Мінімальная колькасць вады на суткі звычайна вылічваецца зыходзячы з вагі - 30 мл памнажаецца на колькасць кг. У спёку гэтую лічбу варта павялічваць на 1 л.
3. Выбірайце лёгкую ежу
У перыяд спёкі не ешце шмат тлустага, смажанага, салодкага. Надавайце перавагу лёгкай ежы: салатам, нетлустаму мясу і рыбе, частуйцеся халадніком. Слодычы можна замяніць на садавіну — якраз прыйшоў час клубніцаў.
4. Правільна апранайцеся, ужывайце сонцаахоўную касметыку
Абірайце зручны адкрыты абутак і свабоднае светлае адзенне з натуральных тканін. Выдатна пасуе лён, бавоўна. Не забывайцеся на галаўны ўбор, можна абараняцца і парасонам.
Для адкрытых частак цела ўжывайце сонцаахоўную касметыку. Лекары раяць крэмы з аксідам цынку, які папярэджвае развіццё меланомаў. Ён адначасова працуе як фотапратэктар, адлюстроўваючы ўльтрафіялет, і як супрацьзапаляльнае рэчыва. Адмысловыя сродкі тэрмааховы ёсць і для валасоў.
Жанчынам, якія ўжываюць макіяж, таксама варта зважаць на спёку. Пры падрыхтоўцы да макіяжу варта абіраць звільгатняльныя сродкі з SPF. Насычаныя крэмы лепш замяніць на сывараткі, густы танальнік — на лёгкі ВВ-крэм, абіраць вадастойкую туш і падводку. Адмова ад дадатковых слаёў, напрыклад, фіксацыі макіяжу пудрай, дапаможа скуры дыхаць.
5. Правільна наладжвайце кандыцыянер
Калі ў пакоі працуе кандыцыянер, не ахалоджвайце паветра ніжэй за 18−20 градусаў і не сядзіце ад яго надта блізка — можна прастыць. Калі ёсць вентылятар, перад ім можна паставіць ёмістасць з вадой.
6. Спорт адкладзіце на прахалодны час
Ня займайцеся актыўным спортам пры тэмпературы вышэй за 25 °C. Варта па магчымасці абмежаваць і працяглыя паездкі на аўтамабілі. Калі такой магчымасці няма, будзьце максімальна ўважлівымі на дарозе, бо падчас спёкі можа пагоршыцца самаадчуванне і знізіцца рэакцыя. Старайцеся паркаваць аўто ў цень.
7. Паклапаціцеся пра дзяцей
Дзяцей трэба асабліва абараняць ад спёкі і прамога сонца — іх тэрмарэгуляцыя горшая, чым у дарослых. Паводле медыкаў, пры цяжкіх ступенях цеплавых удараў летальнасць можа дасягаць 30%. Шпацыры і актыўныя гульні лепш перанесці на вечар. Пры адпачынку ля вадаёму варта быць у цені, купацца па 15−20 хвілін і кожны раз абнаўляць SPF-ахову.
8. Бонус. Як пазнаць цеплавы ўдар і што рабіць?
Цеплавы ўдар — гэта перагрэў арганізма. Прычынай можа стаць гарачае зацішнае надвор’е, высокая вільготнасць паветра або актыўныя фізічныя нагрузкі. Сонечны ўдар — прыватны выпадак цеплавога. Адбываецца пад уздзеяннем прамых сонечных прамянёў. Ён больш небяспечны праз магчымыя апёкі скуры.
Сімптомы цеплавога ўдару — пачырваненне скуры, павышэнне тэмпературы і ўзмацненне потаадзялення, паскарэнне пульсу, галавакружэнне ці галаўны боль, слабасць, санлівасць, млоснасць, шум у вушах.
Пры цеплавым удары трэба перамясціць пацярпелага ў прахалоднае месца, зняць або расшпіліць цеснае адзенне і рамяні. Пакласці, прыўзняўшы галаву. Калі ёсць ваніты — павярнуць на бок. Апырскаць ці абцерці цела прахалоднай (не ледзяной) вадой. Да галавы прыкласці халодны кампрэс. Абмахваць. Багата паіць маленькімі глоткамі. Звярнуцца да лекара ці выклікаць хуткую дапамогу.