На працягу трох дзён спецыялісты расійскай фірмы «НЕК4» Аляксандр і Сяргей здымалі галоўныя вуліцы Гродна для праекта «Яндекс. Карты». Праз некалькі месяцаў гарадзенцы змогуць убачыць вынікі іх працы.
У Беларусі спецыялісты былі ўжо ў Мінску, дзе таксама правялі некалькі дзён, робячы падрабязныя здымкі вуліц. З іх слоў, Гродна адрозніваецца ад іншых гарадоў Расіі і Беларусі тым, што ён больш утульны, еўрапейскі і старадаўні. Тут хлопцам было камфортна працаваць.
«Мы прыехалі па заданні, здымалі асноўныя вуліцы, каб у людзей была магчымасць „Яндекс. Картах“ убачыць падрабязныя панарамы горада і ацаніць яго прыгажосць. Тым, хто збіраецца ехаць у які-небудзь невядомы горад, такія карты вельмі зручныя: можна падрабязна разглядзець патрэбнае месца, куды прайсці, дзе павярнуць і г. д. Большасць нашых людзей не ўмеюць чытаць карту зверху, мы ж стараемся яе рабіць зручнай і падрабязнай», — кажа Аляксандр.
Калі Аляксандр увесь час за рулём, то яго калега Сяргей, там дзе машына не можа праехаць, выходзіць і здымае ўручную. Але часцей спецыялісты працуюць менавiта ў машыне, на якой ўстаноўлена спецыяльная камера.
Калі зайсці на «Яндекс. Карты», выбраць бінокль і максімальна наблізіць карту, то з’явяцца сінія палоскі. Калі на іх клікнуць, то можна будзе паглядзець, як выглядае тое ці іншае месца. На гарадзенскай карце і зараз ёсць панарамы, але ўжо дастаткова старыя. Абноўленыя можна будзе ўбачыць праз некалькі месяцаў.