Айцу Аляксею Саўко амаль 30 гадоў. Архіепіскап Арцемій блаславіў яго фармаваць праваслаўную абшчыну на Фолюшы і будаваць у гэтым мікрараёне храм. Пакуль абшчына невялікая і збіраецца ў былой спартзале ваеннага гарадка. Hrodna.life пабываў на службе ў прыходзе храма ў гонар Уваскрасення Хрыстовага.
Многія былі атэістамі
Будынак спартзалы, як і многія казармы былога ваеннага гарадка, прастойвае ўжо шмат гадоў. Гарадскія ўлады планавалі пабудаваць там спартыўна-аздараўленчы комплекс і нават стварыць мікрараён жылой забудовы. Але планы пакуль застаюцца планамі.
Праваслаўнага храма на Фолюшы ніколі не было. За савецкім часам тут жылі ў асноўным сям'і вайскоўцаў.
«Многія тут былі атэістамі. Ну, вы разумееце, якое раней было стаўленне дзяржавы да царквы. Гэта цяпер усё змянілася. Будзе ў нас храм, будзем хадзіць», — кажа жыхарка Фолюша. Сама на службу ў былую спартзалу яна яшчэ не прыходзіла, але актыўна сачыла за тымі, хто туды ідзе.
«Трэба прымаць усё як ёсць»
Айцец Аляксей даведаўся, што будзе займацца фарміраваннем праваслаўнай абшчыны на Фолюшы, у жніўні 2018 года. Для яго — маладога святара — гэта сур’ёзны выклік.
«Калі мяне выклікаў архіепіскап і сказаў, што я буду займацца храмам і абшчынай, то ў мяне жылкі трэсліся, — распавядае айцец Аляксей. — Думаў, як і што гэта. Але мінула трохі часу і зразумеў: трэба прымаць усё як ёсць. Гэта новае служэнне, подзвіг для мяне. Калі мне даручылі гэтым займацца, значыць так і павінна быць. Будзем працаваць з Божай дапамогай».
Святар распавядае, што планы стварэння суполкі і храма на Фолюшы з’явіліся пасля шматлікіх зваротаў жыхароў у епархіяльнае ўпраўленне.
У канцы лістапада абшчына атрымала рэгістрацыю і стала збірацца на першыя набажэнствы. Знаёміліся, размаўлялі, было шмат вернікаў. Але ім не было дзе збірацца. Спачатку маліліся ля помніка ахвярам Шталага — нацысцкага лагера Другой сусветнай, у тым месцы, дзе прыход хацеў бы бачыць свой храм.
У халодную пару года людзі замярзалі, а пасля хварэлі. Вернікі сталі шукаць выйсце.
З-за холаду людзей было ўсё менш
«Першы раз на малебен прыйшло каля 120 чалавек, — кажа святар. — Паглядзелі, што холадна, і з кожным разам людзей станавілася ўсё менш. Мы не маглі губляць людзей і сталі шукаць выйсце. Прагледзелі ўвесь інтэрнэт у пошуку арэндных памяшканняў у раёне Фолюша.
У выніку на савеце было прынята рашэнне папрасіць у гарадскіх уладаў будынак былой спартзалы ваеннага гарадка. Горад нам дазволіў арандаваць гэта памяшканне. Ужо лепш, чым на вуліцы. За памяшканне мы плацім грошы, хоць невялікія, але ўсё-ткі плацім. Пакуль у нас няма храма, важна каб людзі маглі хоць у нармальных умовах маліцца. Цяпер у нас у сярэднім збіраецца па 60 чалавек. Гэта не толькі пенсіянеры, да нас прыходзяць людзі рознага ўзросту".
У спартзале таксама холадна
На малебен у былой спартзале вернікі збіраюцца па нядзелях. Служба доўжыцца каля гадзіны. Але нават у закрытым памяшканні не ўсе могуць знаходзіцца доўга з-за холаду.
«Пра службу я даведалася з аб’яваў, якія вісяць на пад’ездах, — распавядае жыхарка Фолюша Аляксандра. — Уразіла, калі ўбачыла ўсё гэта ў былой спартзале. Вядома, гэта ненармальна, але гэта адзінае месца, якое пакуль прадаставіў горад. Тут вельмі халодна, я нават службу не прастаяла і замёрзла».
Яна кажа, што сёння вайскоўцаў на Фолюшы засталося мала, гэта ў асноўным пенсіянеры. Новы храм будзе больш патрэбны маладым сем’ям, для якіх цяпер будуюцца новыя дамы.
«Многія хочуць адразу гатовы храм»
У былой спартзале прыхаджане навялі парадак, заклалі акно, уставілі дзверы. Памяшканне не ацяпляецца. Каштоўныя рэчы святар там пакуль не пакідае.
«Мы ўсё робім самі і людзі паступова даведваюцца пра нас, — кажа айцец Аляксей. — Амаль са старту ў парафіі з’явіўся хор, дзякуючы ініцыятыўным маладым хлопцам, якія захацелі спяваць. Прыхаджане ўбаку не адседжваюцца, кожны дапамагае чым можа. Хтосьці пясок прывёз, хтосьці зрабіў падстаўку для абразоў, дзверы нядаўна ў памяшканні паставілі. Можа хтосьці дываны прынясе, каб не так холадна было стаяць.
Кожны працуе ў меру сваіх сіл і магчымасцяў. Гэта так заўсёды адбываецца ў любым храме, які будуецца. Спадзяемся, жыхары Фолюша будуць прыходзіць і дапамагаць нам. Шмат хто хоча гатовы храм і адразу туды ісці, але мала хто хоча пачынаць усё з самага пачатку. Дзесьці прыходы пачынаюцца з дзесяці чалавек і ў іх усё атрымліваецца. У нас, дзякуй Богу, больш і мы стараемся".
Месца масавых пахаванняў - лепшы варыянт для будаўніцтва царквы
Цяпер прыход рыхтуе дакументы па новым храме. Святар кажа, што ўжо ёсць эскізы і месца, якое выбраў савет.
«Спадзяемся, гарадскія ўлады падтрымаюць і дадуць пляцоўку пад будаўніцтва храма, — кажа айцец Аляксей. — Мы спецыяльна абралі месца, дзе побач былі масавыя пахаванні загінуўшых у Шталагу падчас апошняй вайны. Мы павінны асвяціць подзвіг тых людзей. Яны памерлі ў канцлагеры — яны не былі здраднікамі Радзімы. Яны здзейснілі подзвіг, душу і жыццё аддалі за сяброў і сваякоў. Будаўніцтвам царквы ў тым месцы мы хочам асвяціць памяць гэтых некалькіх тысяч загінуўшых».