У апошні дзень сакавіка ў Мінску прайшоў дабрачынны паўмарафон “Інакш”, прымеркаваны да Сусветнага дня інфармавання аб праблеме аўтызму. Упершыню ў такім масавым мерапрыемстве прыняў удзел прадстаўнік гродзенскага бегавога клуба Run4fun Аляксандр Боган. Ён распавёў пра свой першы вопыт у якасці спартыўнага валанцёра і пра пераадоленне больш за 16,5 км з чалавекам у вазку.
Арганізатарам паўмарафона, у якім нароўні з усімі прымаюць удзел бегуны з аўтызмам і атлеты ў вазках, выступае інклюзіўны спартыўны клуб “Крылы анёлаў”. Забег праводзіцца па правілах “таючай дыстанцыі”. Дабрачынныя ўнёскі удзельнікаў ідуць не толькі на арганізацыю мерапрыемства, але і на падтрыманне працы спартыўнага клуба «Крылы анёлаў» у 2019 годзе.
Перапаўнялі эмоцыі і пачуццё гонару
Аляксандр разам з гродзенскім клубам Run4fun бегае ўжо некалькі гадоў. У гэтым годзе ён упершыню вырашыў стаць удзельнікам паўмарафона “Інакш”.
«Я прапанаваў свой удзел у якасці валанцёра і мне пашчасціла быць крылом для Сашы Зянько [у хлопца ДЦП і самастойна кіраваць вазком ён не можа – рэд.], – распавядае Аляксандр Боган. – Было бясконца прыемна глядзець, як ён радуецца і ўсміхаецца, калі чуе словы падтрымкі ад іншых удзельнікаў, або калі мы бяжым з гары, ці забягаем пад мост. Я прыклаў максімум сваіх сіл, каб наш бег быў бяспечным і ў той жа час дынамічным, бо беглі мы нават хутчэй многіх удзельнікаў і змаглі пераадолець 16,5 км. Але, як мне падалося, Саша радаваўся не столькі кіламетрам, колькі проста магчымасці быць удзельнікам забегу. Мяне перапаўнялі эмоцыі і пачуццё гонару за яго».


Важныя не толькі грошы, але і падтрымка
Пасля забегу Аляксандр зрабіў для сябе выснову: дабрачыннасць бліжэй, чым можа здавацца на першы погляд. Гродзенец адзначае, што такія мерапрыемствы – гэта новы свет для людзей з асаблівасцямі развіцця.
«У звычайным жыцці, на жаль, спорт для іх недаступны, – кажа гродзенец. – Дзякуючы крылам-валанцёрам у “анёлаў” з’яўляецца магчымасць выпрабаваць усе тыя пачуцці, якія адчуваюць сотні іншых удзельнікаў, якія знаходзяцца на дыстанцыі. Але для іх гэтыя адчуванні значна ярчэй.
Пасля такога мерапрыемства я зразумеў, што дабрачыннасць гэта не толькі грашовы ўдзел. Хоць грошы патрэбныя, бо спецыяльныя бегавыя вазкі таксама каштуюць грошай. Калі лічыце, што бег гэта пустая трата часу, паспрабуйце гэта сказаць дзіцяці ў інваліднай калясцы, якое чакае наступнага старту. Важна не саромецца падтрымліваць такіх людзей, бо ім не жаль патрэбны, а менавіта падтрымка».

Аляксандр вядзе блог у інстаграм і расказывае там пра бег у сваім жыцці.
Што такое таючая дыстанцыя?
Таючая дыстанцыя прадугледжвае разварот роўна пасярэдзіне дыстанцыі і вяртанне да фінішу па ўжо знаёмым шляху.
Той, хто першым пераадолеў палову дыстанцыі паўмарафону “Інакш” – 10,6 км – атрымліваў сіні плашч лідара і права разварочваць да фінішу астатніх удзельнікаў. Такім чынам, дыстанцыя да фінішу пачынала «раставаць» для менш падрыхтаваных бегуноў, скарачаючы ім нагрузку.
Змаганне за прызавыя месцы ў гэтым выпадку доўжыцца толькі да сярэдзіны дыстанцыі: развярнуўшыся, удзельнікі бягуць да фінішу камфортным для сябе тэмпам.
Хто такія “Крылы Анёлаў”
Каманда «Крылы Анёлаў» створана ў 2015 годзе. “Мы назвалі сябе Крыламі, каб дапамагаць ўключыцца ў актыўнае жыццё і спорт тым, каму цяжка, і нават тым, хто лічыў гэта немагчымым”, – піша каманда на сваім сайце.
З тых часоў больш за сто новых Крылаў і Анёлаў, якія раней не думалі пра спорт, адкрылі для сябе бег як крыніцу радасці і натхнення, знайшлі новых сяброў, навучыліся дарыць і прымаць дапамогу.


