Знайшоўся спадчыннік уласніка старога дома на Міцкевіча: «Думаеце, я б давёў яго да такога стану?»

У Гродне знайшоўся нашчадак былога ўладальніка дома па Міцкевіча, 9, які гарадскія ўлады спачатку хацелі знесці, а пасля выставілі на аўкцыён. У 86-гадовага гродзенца Даната Кур’яновіча ёсць дакументы пра тое, што дом пабудаваў у пачатку 20 стагоддзя ягоны дзед.

Данат Пятровіч Кур’яновіч нарадзіўся ў 1933 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай (сучасная Карла Маркса). Праваслаўны. Усё жыццё жыве ў Гродне.

«Мой дзед — Андрэй Іванавіч Кур’яновіч — са сваімі дзецьмі прыехаў у Гродна з Самары ў пачатку 20 стагоддзя. Разам з сынамі дзядуля займаўся рамонтам і афарбоўкай вышынных будынкаў - у асноўным касцёлаў і цэркваў. Мама была дачкой мясцовага чыноўніка — начальніка кантрольнай палаты горада. У Гродне бацькі і пазнаёміліся.

Праз некалькі гадоў пасля прыезду сям’я бацькі сабрала капітал і пабудавала дом на тагачаснай вуліцы Сувораўскай, гэта сёння яна носіць назву Міцкевіча. Побач з домам пабудавалі стайню з прыбудовай з дошак, запоўненую пілавіннем для ўцяплення. Дзед там дажываў свае апошнія гады, а дом з кватэрамі здаваў людзям. З гэтага ён жыў. А яго дзеці са сваімі сем’ямі жылі ў іншых кватэрах у горадзе ці ў іншых краінах".

Сям’я Кур’яновічаў, 1920-я гг. Уласнік дома Андрэй Кур’яновіч (дзед Даната Пятровіча) стаіць злева.

«Я вырас у гэтым сямейным доме»

У міжваенны час бацькі Даната Пятровіча здымалі кватэру на вуліцы Брыгіцкай. Там ён і нарадзіўся. Толькі ў сярэдзіне 1930-х гадоў яго сям’я пераехала ў дом дзеда на Міцкевіча.

«Мы нікуды не з’ехалі з Гродна, бацька быў інвалідам. У маладосці, калі ён ішоў па горадзе, хтосьці кінуў у яго каменем. Была сур’ёзная траўма нагі, маглі ампутаваць, але нейкі польскі лекар выратаваў нагу. З-за гэтай траўмы бацька не патрапіў у войска. Пайшоў працаваць у водаканал. Яго кантора была там, дзе цяпер воданапорныя вежы. Даслужыўся да інжынера, і гэта без адукацыі.

З дзядулем на Міцкевіча мы не жылі, здымалі асобна сваю кватэру. Я нарадзіўся на вуліцы Брыгіцкай. Памятаю, у нас там была і няня,
якая выконвала ролю прыслугі. Заехалі ў сямейны дом толькі пасля смерці дзядулі. Трэба было даглядаць пабудову, там жа стайня побач была і гарод добры з пчоламі. У адной кватэры пасялілася Ганна Іванаўна — каханка дзеда, усе іншыя здавалі. Мы з бацькамі жылі наверсе, баяліся сяліцца на першым паверсе. У той час у горадзе было шмат жулікаў і злодзеяў, маглі і абрабаваць. Жылі на Міцкевіча добра, я вырас у гэтым сямейным доме".

Юны Донат ў цэнтры Гродна са сваімі бацькамі. Вуліца Ажэшкі, 1930-я гг.

Камуністы не вывезлі з-за бацькі

Да пачатку Другой сусветнай вайны сям’я Кур’яновічаў працягвала здаваць кватэры ў сямейным доме і зарабляць на гэтым. З прыходам савецкай улады жыццё змянілася. Іх сямейны дом забралі, а ўладальнікаў маглі саслаць углыб СССР.

«У 1939 годзе, калі ў Гродна прыйшла савецкая ўлада, наш сямейны дом нацыяналізавалі. З уласнікаў цэлага дома мы сталі звычайнымі жыхарамі, вымушаныя былі плаціць дзяржаве кожны месяц за арэнду сваёй жа кватэры. Вядома, і нас маглі вывезці камуністы, бо да іх прыходу мы валодалі вялікім домам, лічыліся кулакамі. Таму ў 1939 годзе сядзелі на звязаных вузельчыках, як той казаў.

Супрацоўнікі НКУС вывозілі з Гродна многіх людзей. Але нас не кранулі, дзякуючы бацьку. Тата пры паляках працаваў на водаканале і ведаў усе падземныя камунікацыі ў горадзе. Ён патрэбны быў новай уладзе, вось яны яго і пакінулі. Яго веды падземнага горада нас і выратавалі, а так усіх родных вывезлі ў Казахстан і іншыя далёкія месцы. Проста ні за што.

Крыўдна было страціць цэлы дом, але пра гэта гучна казаць мы не маглі. Падобная сітуацыя была ў многіх. Напрыклад, уладальніцу суседняга дома № 7 пані Вайцяхоўскую наогул задушылі - шукалі золата. У яе муж быў мясніком і яны добра зараблялі. У доме № 10, які насупраць, уладальнікаў вывезлі ўначы супрацоўнікі НКУС. Іх лёс невядомы".

Фатаграфіі і дакументы з архіва сям'і Кур’яновічаў

У вайну хаваліся ў падвале

У 1941 году немцы не кранулі сям’ю Даната Пятровіча. Веды ягонага бацькі зноў спатрэбіліся чарговай уладзе. Падчас акупацыі сям’я Кур’яновіч працягвала жыць на Міцкевіча.

«Калі пачалася вайна з немцамі, мы хаваліся ў склепе нашага дома. Вельмі добры падвал быў. Адзін час выбілі там дзірку ў падполлі і хавалі мужчын. Яны там сядзелі, баяліся, што іх расстраляюць. З пачаткам вайны самалёты бамбілі горад. Патрапілі і ў наш дом. Пацярпела спальня, там абрынулася столь, і сцяна ў кухні пацярпела. Калі б былі дома, то загінулі б. Але выжылі ў склепе. На нашай вуліцы немцы падчас налёту разбамбілі драўляны дом, там загінула цэлая сям’я.

Падчас акупацыі бацьку прыйшлося працаваць на немцаў, яго веды чарговы раз нас выратавалі. Неяк у сваім доме перажылі і акупацыю. У 1944 годзе ў Гродна зноў прыйшла савецкая ўлада".

Былі спробы вярнуць дом

За савецкім часам у доме Кур’яновічаў жыло шмат савецкіх сем’яў, нават у падвале была кватэра. Данат Пятровіч, як апошні спадчыннік, сышоў з сямейнага дома толькі ў 1975 годзе.

«Я працягваў жыць у сямейным доме з бацькамі і ў савецкія гады. Вырашыў сысці толькі ў 1975 годзе, пакінуў былую жонку ў двухпакаёвай кватэры. Адзін час здымаў сабе кватэру на Будзёнага, а пасля пабудаваў уласную на Болдзіна.

Пра сямейны дом не забываў. Ужо ў сталым узросце я хацеў вярнуць яго. Бо забралі дом без усялякай прычыны. Звяртаўся ў КДБ і іншыя органы, а мне — у нас няма такога закона, каб вам аддаць сямейны дом.

А чаму няма закона? Таму што ў Беларусі многія ўладальнікі кінулі сямейныя дамы і вымушаныя былі бегчы або наогул іх саджалі ў турмы. А калі б сталі аддаваць, то пачалася б сапраўдная паніка. Многія б вярнуліся з Польшчы, каб забраць свае законныя ўладанні. Мабыць, з гэтай прычыны няма ў нас такога закону.

У выніку я нічога не дамогся і кінуў гэтую справу. Казалі мне, што толькі дзеці дзеда могуць вярнуць дом, а потым ужо загаварылі, што і любы нашчадак можа лічыцца спадчыннікам. Але я домам больш не займаўся і хто там жыў нават і не ведаў".

Данат Пятровіч разглядае дакументы на сямейны дом. Дазвол на будаўніцтва дома быў выдадзены гарадскімі ўладамі ў студзені 1909 года.

«Вярнуць дом сапраўднаму спадчынніку»

У 2019 годзе гарадскія ўлады мелі намер знесці дом Кур’яновічаў з-за яго аварыйнага стану. Былі планы пабудаваць там новы будынак. Пасля абурэнняў грамадскасці дом вырашылі ўсё ж такі абследаваць. У выніку было прынята рашэнне старую пабудову захаваць і выставіць на аўкцыён. Данат Пятровіч даведаўся пра гэта толькі нядаўна.

«Вы думаеце, я б давёў сямейны дом да такога стану як зараз? Ніколі ў жыцці. Дом забрала савецкая ўлада і не сачыла за ім, вось ён і развальваецца. А яны зараз вырашаюць, што рабіць з маім сямейным домам. Я кажу: зносіць нельга! Лагічна і правільна — вярнуць дом сапраўднаму спадчынніку. У мяне ёсць дзеці і ўнукі, якія ведаюць усю гісторыю і працягваюць жыць у гэтым горадзе, захоўваць сямейныя традыцыі. У любым выпадку спадчыннікі ёсць і вырашаць лёс дома павінны яны. Усе дакументы ў нас ёсць».


На сённяшні дзень закона аб рэстытуцыі (вяртанні ранейшых правоў) нацыяналізаванай у савецкія гады маёмасці ў Беларусі няма.

У канцы чэрвеня на абласным савеце па пытаннях гіcторыка-культурнай спадчыны разглядалі прапанову прысвоіць статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў старым драўляным дадам па вуліцы Міцкевіча № 7 і 9. 11 ліпеня прадстаўнікі савета пабывалі ў гэтых дамах у Новым Свеце і зрабілі высновы. Гарадскія ўлады адмаўляюцца ад продажу ўсіх аб’ектаў адным лотам, цяпер кожны будынак плануюць выстаўляць на аўкцыён асобна. З умовай, што будучы ўласнік максімальна захавае архітэктурныя каштоўнасці старых дамоў.



Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024