Восем дзяўчат з Гродна вучацца жангліраваць, імправізаваць і рабіць з шарыкаў фігуркі. Не каб працаваць у цырку, а каб выступаць у бальніцах. Бальнічныя клоўны не лечаць у традыцыйным разуменні гэтага слова, але дзякуючы ім стан хворых паляпшаецца.
— Ёсць такая навука — гелаталогія. Яна грунтуецца на тым, што смех ўплывае на пэўныя псіхалагічныя механізмы, з-за якіх адбываецца працэс выздараўлення, — кажа Роберт Паван, клоун Пасціс. — Смех актывізуе эндарфіны і запускае працэс, калі чалавек пачынае адчуваць сябе лепш. То бок, навукова абгрунтавана, што смех уплывае на працэс выздараўлення. У медыцыне ўжо выкарыстоўваецца метад бальнічнай клаўнады ў мэтах паляпшэння лячэння пацыента.Роберт і яго калегі - сябры асацыяцыі бальнічных клоўнаў Vip Italia, якая існуе 15 гадоў. У Італіі ў кожным горадзе ёсць свая арганізацыя бальнічных клоўнаў. Яны працуюць у бальніцах, хоспісах, дамах састарэлых, турмах і іншых месцах. Акрамя гэтага, клоўны ездзяць з навучальнымі місіямі ў розныя краіны. Яны вучылі клоўнадзе, клоўнатэрапіі і сацыяльнаму тэатру у Беларусі, Германіі, Малдове, Балівіі, Камбоджы, Кітаі.
Гродзенкі з 13 па 17 мая спрабавалі асвоіць «азбуку» бальнічнага клоўна. Па-першае, трэба аб’яднаць калектыў. Вялікі акцэнт італьянцы рабілі на тым, каб згуртаваць дзяўчат, якія пасля будуць працаваць разам. Але галоўнае — гэта навучыць людзей быць больш чуллівымі і слухаць не вушамі, а сэрцам. Па-другое, дзяўчаты спрабавалі знайсці свой персанаж, паходку і падабраць касцюм. Важна, каб гэта глядзелася натуральна і чалавек адчуваў сябе камфортна ў вобразе. Па-трэцяе, дзяўчаты асвойвалі інструменты клоўнаў: фокусы, жангліраванне, імправізацыя. Цягам апошніх двух дзён навучання яны прайшлі «практыку» ў бальніцах.
«Я сеў на дыван, да мяне на калені сеў дзіцёнак, і мы прасядзелі так гадзіну»
У Беларусі першая група бальнічных клоўнаў над назвай «Funny nose» з’явілася ў Гомелі. Туды прыехала першая ў Беларусі місія Vip Italia дзевяць гадоў назад. Цяпер групы працуюць яшчэ ў Мінску і Брэсце. Гродна стане чацвёртым горадам з групай бальнічных клоўнаў і далучыцца да беларускай асацыяцыі, якая створана па прыкладзе Vip Italia.
Бальнічныя клоўны працуюць з хворымі ўсіх узростаў, і гэта зусім розныя напрамкі працы. Дзеці любяць фокусы, дарослыя — жарты над сабой. У працы са старэйшымі людзьмі важна даць ім магчымасць быць пачутымі, пабыць іх унукамі. Увогуле, кожны чалавек унікальны. Праца бальнічным клоўнам — гэта магчымасць даць людзям расці эмацыйна, развівацца, павышаць самаацэнку праз навучанне пэўным цыркавым элементам.— Сёння мы працавалі ў Доме дзіцяці, дзе знаходзяцца дзеці ўзростам паўтары-два гады. І я практычна нічога не зрабіў. Я сеў на дыван, да мяне на калені сеў дзіцёнак, і мы прасядзелі так гадзіну. Проста таму, што гэтае канкрэтнае дзіця патрабавала гэтага, — расказвае Роберт. — А вось заўтра я пайду ў бальніцу і пакажу ўсе свае акторскія здольнасці, калі будзе неабходнасць.
Клоўн па жыцці
Быць бальнічным клоўнам — гэта валанцёрства і лад жыцця. У кожнага з Vip Italia ёсць свая прафесія і асноўная праца. Не абавязкова быць лекарам ці псіхолагам, каб займацца гэтай дзейнасцю. Бо бальнічны клоўн не лечыць, а аказвае лячэбнае тэрапеўтычнае дзеянне на тое, што знаходзіцца ў пацыента ў душы.
— У нашай арганізацыі шмат прафесій. Ёсць і псіхолагі, і псіхіятры. Але іх прафесія не давала перавагі перад астатнімі. Не трэба мець асаблівых ведаў пра псіхалагічныя асаблівасці. Тое, што мы робім, грунтуецца на эмоцыях і здольнасці адчуваць чалавека. Вельмі важна разумець, што адчувае чалавек і рэагаваць адпаведным чынам, каб змяніць яго сітуацыю ў лепшы бок. Таму - ці патрэбны нам чуллівы псіхолаг, чуллівы доктар — так. Але і чуллівы механік — таксама так, — кажа Роберт.
Роберт стаў бальнічным клоўнам Пасцісам 13 гадоў таму. Калі ён пачынаў, яму далі гумавы чырвоны нос. З часам ён зламаўся, пацямнеў і сапсаваўся. І Роберт-Пасціс не стаў набываць новы. Калі ў яго пытаюць, які ж ён клоўн без гумавага носа, ён адказвае, што ў гэтым няма сэнсу. Бо ён — клоўн па жыцці.