Яўген Дарагуш праграміст паводле адукацыі і фермер паводле паклікання. Некалькі гадоў таму ён выкупіў участак з сажалкай і старым млыном каля Юбілейнага возера. На ўчастку ён пасадзіў экзатычныя ягады, а ў сажалцы разводзіць фарэль. Пра тое, як плануе развіваць свой агратурыстычны бізнес і пра спосабы пахудання з дапамогай ягад годжы ён распавёў Hrodna.life.

Ягады годжы і хайп
Пра ягады годжы Яўген даведаўся ў 2004 годзе. Спачатку ставіўся да іх скептычна, а вырошчваць іх нават думкі не было.
«Ягады годжы прыйшлі з Тыбету ў Амерыку, а затым хайп злавілі еўрапейцы. Я тады падумаў – спам нейкі», – успамінае Яўген.
Пра ягады ён не ўспамінаў да таго часу, пакуль самому не прапанавалі іх вырошчваць.
«Сябры мне кажуць: ведаем, што ў цябе ёсць зямля. Чаму б не пасадзіць там ягады годжы?»
Падумаўшы, Яўген пагадзіўся. Ягады незвычайныя і прыцягваюць увагу. Людзям цікава, што гэта такое, з чым іх ядуць і ці сапраўды гэтыя ягады дапамагаюць схуднець.
Сажанцы прывезлі з Балгарыі
Услед за амерыканцамі ягадамі годжы сталі цікавіцца еўрапейцы. Першыя саджанцы выгадавалі ў Балгарыі. Затым іх сталі вырошчваць у Польшчы і прапанавалі Яўгену працягнуць справу ў Беларусі.

«Падумаў: а чаму б не паспрабаваць? Але тады ягад годжы ў нас не ведалі, ні ў якіх рэестрах яны не значыліся. Іх нельга было ўнесці ў якой-небудзь прадукт. Ні каларыйнасць, ні іншыя параметры не былі прапісаныя ў нашых дакументах. Толькі з мінулага года яны ў Беларусі на “законных падставах””.

Праполка – найлепшы спосаб пахудання з дапамогай ягад годжы
Частка тэрыторыі, якая не прыдатная для земляробства, засаджана ялінкамі. Пакуль яны растуць, вырабляюць кісларод, паляпшаюць экалогію. Пад Новы год яны пойдуць у продаж. Частка зямлі занятая іншымі культурамі, частка знаходзіцца ў працэсе паляпшэння ўрадлівасці – пад сідэраты. Больш за ўсё месца займаюць ягады годжы.

Зараз самы вялікі ягадны куст трохі вышэй за метр. Яўген кажа, што дарослыя кусты будуць вышэй трох метраў.
Квітнеюць яны позна, а пладаносяць да маразоў. З доглядам за плантацыяй спраўляецца сваімі сіламі. Праполка, культывацыя, паліў – гарадскому жыхару ў задавальненне.
«Мы так праходзімся культыватарам і пустазелле само па сабе перагнівае, павышае ўрадлівасць глебы. Гэта трошкі складаней, чым хіміяй, але затое ўсё натуральнае».

«За зіму пару кілаграмчыкаў набралася, трэба скінуць», – дзеліцца Яўген уласным вопытам пахудання з дапамогай ягад годжы.
Інтэрнэт, ютуб – і ты трошкі аграном
Каб з праграміста стаць фермерам, даводзіцца шмат вучыцца і пераймаць вопыт. Для гэтага Яўген ўдзельнічае ў міжнародных адукацыйных праграмах. У гэтым годзе ён стаў удзельнікам праекту «Зялёная сельская гаспадарка без межаў». Праект фінансуе Еўрапейскі саюз у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвіі, Літвы і Беларусі. Абмен вопытам у праекце дапаможа ўдзельнікам вырошчваць экалагічна-чыстую прадукцыю і сертыфікаваць яе для прасоўвання на Еўрапейскім рынку. Для гэтага Еўрасаюз выдзеліў каля 300 тысяч еўра.

«У сваёй фермерскай гаспадарцы не выкарыстоўваю ніякіх пестыцыдаў”, – распавядае Яўген. Паводле яго слоў, палепшыць урадлівасць зямлі можна натуральнымі спосабамі. Калі па-старому – то гноем. Яго “вырабляе” суседскі конь Орлік. Але ёсць і больш сучасныя спосабы.
“Па прафесіі я праграміст. Але ў часы інтэрнэту усё проста. Паглядзеў ютуб – і ты трохі аграном», – жартуе Яўген Дарагуш. З інтэрнэту і ад замежных калегаў-фермераў ён даведаўся аб зялёных угнаеннях – сідэратах.
Гэтыя расліны саджаюць спецыяльна, каб палепшыць структуру глебы і ўзбагаціць яе азотам. Ён падтрымлівае карысныя расліны і прыгнятае пустазелле. Сідэраты не трэба вырошчваць да паспявання. Праз некаторы час іх закопваюць у глебу і яны самі становяцца арганічным угнаеннем.

«Сідэраты няшмат спажываюць з зямлі, але генеруюць карысныя рэчывы. Потым іх скошваюць, а зямлю пераворваюць. У выніку натуральным спосабам павышаецца ўрадлівасць”.
Грэчку – у зямлю?
У гэтым годзе Яўген прывёз на ўчастак тры вялікія мяхі грэчкі. Менавіта яна павінна павысіць урадлівасць. Таму што грэчка – адзін з самых эфектыўных сідэратаў.
Тое, што грэчку прыйдзецца закопваць у зямлю, для Яўгена сталася шокам: “Я вельмі люблю грэчку, проста выдатная каша. Я есці яе люблю. Памятаеце, як у фільме «Аперацыя Ы»: Разбіць паўлітра? Дашчэнту? Так і я: грэчку? У зямлю? Як гэта?”
Вырасціць грэчку ў Гродне да паспявання не атрымаецца. У нас халаднавата. Яна доўга спее, любіць цяпло і ваду. А вось палепшыць глебу грэчка дапаможа і гродзенскім фермерам.

Праўда, сеяць яе ўсё роўна трэба, калі цёпла. «У нас грэчку не асабліва шануюць, таму што яна баіцца маразоў. Мінус два і яна гіне. Таму я зараз зямлю падрыхтоўваю, буду яе засейваць, калі відавочна пацяплее”.
Вялікія планы на маленькі домік
У гэтым годзе Яўген атрымаў дазвол пабудаваць на ўчастку невялікі «Дом рыбака».
«Ён будзе не для жылля, а для абслугоўвання турыстаў. Можна будзе чаю ці кавы тут папіць і нават экскурсіі правесці».
Нагода для экскурсій – стары вадзяны млын. Ён – адзіны, які захаваўся ў рэгіёне. Гісторыя мясцовасці таксама зацікавіць турыстаў, упэўнены Яўген. У часы ВКЛ тут жылі татары, якія займаліся земляробствам і разводзілі фарэль. Ад іх і назва мясцовай рэчкі – Татарка, і планы самога Яўгена разводзіць фарэль.

“Калі ачышчаў сажалку, збіўся з падліку, колькі тут крыніц. А фарэль любіць месцы з самай чыстай вадой. Таму перспектыва для развядзення рыбы добрая. Я першапачаткова хацеў займацца рыбаводствам, бо рыбу люблю. Селядзец і грэчка – гэта мая ежа. А калі гэта фарэль, то ўвогуле супер».
Фарэлевая ферма, на думку Яўгена, таксама можа стаць славутасцю рэгіёна – і дарослыя, і дзеці любяць рыбку пакарміць. І купіць рыбу таксама будзе цікава. Для мясцовых будзе свежая фарэль, для прыезджых – вэнджаная.

У планах ёсць і ўласная прадукцыя з годжы. У мінулым годзе ён ужо спрабаваў рабіць заправу з гэтых ягад. Пакуль – для сябе. Падліўцы з памідораў, цыбулі і часныку годжы дадаюць цікавы смак. «Вось такі соус дакладна буду турыстам прапаноўваць».
А яшчэ турыстам і гараджанам напэўна спадабаецца мясцовая прырода. Паўгадзіны ад горада – і ты ўжо ў іншым свеце. «Месцы тут прыгожыя, – кажа Яўген. – На сажалцы лебедзі гняздуюцца, качкі плаваюць, шэрыя чаплі жывуць. На дрэвах – вавёркі. З лесу зайцы прыходзяць. Ім таксама цікава ягады пакаштаваць”.

Яўген не збіраецца спыняцца на тым, што ёсць. У 2020 годзе ён хоча стаць самым экасяброўскім фермерам. Нядаўна падаў заяўку на конкурс “Экалагічна дружалюбны фермер Балтыйскага рэгіёну – 2020”. У конкурсе могуць удзельнічаць прадстаўнікі фермерскіх і іншых невялікіх сельскагаспадарчых вытворчасцяў. Прызавы фонд – 1000 еўра. На думку Яўгена, шанцы ў яго ёсць.

Артыкул падрыхтаваны ў рамках сумеснага праекта з EU Neighbours East «СВОЙ КРАЙ: ПАРТРЭТЫ». Погляды, выяўленыя ў тэксце, належаць выключна аўтару артыкула.


