Перад тым, як патрапіць да чытача, кніга праходзіць некалькі этапаў: экспертную ацэнку, перадвыдавецкую падрыхтоўку і ўласна друк. Калі кніга перакладная, то шлях робіцца яшчэ даўжэйшы. У гэтым ланцужку задзейнічаны некалькі спецыялістаў. Яны дапамаглі Hrodna.life падрабязна разабрацца ў шляху кнігі ад рукапісу да чытача.
Падрыхтоўка гэтага матэрыялу была бы немагчымай без дапамогі беларускага выдавецтва «Янушкевіч». У ім кніга праходзіць праз усе этапы — ад ацэнкі рукапісу да друку. Вынікі працы выдавецтва можна ацаніць у краме «Кнігаўка» ў Варшаве (ul. Kłopotowskiego 4) і ў анлайн-кнігарні.
Гісторыя кожнай кнігі пачынаецца па-свойму, кажа пісьменніца Ганна Янкута. Яна ўжо шмат гадоў працуе ў літаратурным асяроддзі і звычайна ведае, якому выдавецтву хоча прапанаваць тую ці іншую кнігу.
«Я ўяўляю, каго б хацела бачыць рэдактарам ці рэдактаркай. І выдавецтва мары, і рэдактар мары могуць, дарэчы, адмовіцца. Тады трэба шукаць некага яшчэ. Знайсці добрага рэдактара складана, бо гэта праца, якая патрабуе многіх ведаў і навыкаў, можна сказаць, высокай кваліфікацыі, а плацяць за яе звычайна няшмат. Але мне шанцуе — у большасці выпадкаў тыя, да каго я звяртаюся з просьбай пра рэдактуру, не адмаўляюць».
«У любым выпадку ўсё пачынаецца з рукапісаў. Кожны рукапіс ацэньваецца. Нават аўтараў, якіх мы ведаем», — адзначае выдавец Андрэй Янушкевіч.
Экспертызу робяць людзі, звязаныя з выдавецтвам. Янушкевіч называе іх «шырокім экспертным колам, звязаным з выдавецкай справай». Яны ацэньваюць кан’юнктурнасць, злабадзённасць рукапісу, ці адпавядае ён запытам аўдыторыі, сённяшняга моманту. Таксама ацэньваецца, наколькі гэта магчыма, літаратурная якасць твору.
Пісаць тады, калі ёсць вольны час — так Ганна Янкута адказвае на пытанне пра свае рытуалы ў час працы. Часу цяпер няшмат, таму яна піша ўрыўкамі: «Часам за ўвесь дзень маю часу ўсяго на абзац ці нават на некалькі сказаў».
Працоўнае месца пісьменніцы выглядае па-рознаму, але там часцей за ўсё шмат кніг і аркушаў з нататкамі.
«Я магу пісаць толькі дома (у месцы, якое на гэты момант лічыцца маім домам), не ўяўляю, як нехта піша ў кавярні ці ў бібліятэцы. Мне патрэбныя цішыня, самота і магчымасць у любы момант зрабіць сабе кубак гарбаты».
Пасля таго, як рукапіс прачытаны і прыняты ў працу, з аўтарам заключаюць дамову.
«Сэнс дагавору — гэта перадача аўтарскіх правоў. На перыяд яго дзеяння аўтар перадае выдавецтву ў распараджэнне сваю інтэлектуальную ўласнасць», — кажа Андрэй Янушкевіч. У дагаворы звычайна агаворваецца, што выдавецтва мае права рабіць з творам: у якім выглядзе друкаваць, ці можна перакладаць і інтэрпрэтаваць твор у іншыя формы.
Ганна Янкута лічыць, што ў беларускім кантэксце кансультацыя юрыста перад заключэннем дамовы не нясе вялікай карысці. У асноўным супрацоўніцтва заснавана на даверы.
«Сур'ёзная патрэба займацца юрыдычным бокам з’яўляецца тады, калі вядзецца пра вялікія грошы. У беларускай літаратуры іх няма, таму дамову з выдавецтвам я да юрыста не нясу».
Але самому варта звярнуць увагу на некалькі момантаў:
Гэтыя пытанні варта абмеркаваць з выдаўцом загадзя.
«Мы працуем у адным полі, я ведаю, што выдавец зацікаўлены ў супрацы са мной гэтак жа, як і я з ім. Таму ўмовы мусяць быць прымальныя для абодвух бакоў», — лічыць Ганна.
На этапе дамовы адказнасць аўтара заканчваецца. Наступным разам выдавецтва завяжацца з ім, каб узгадніць тэкст перад выхадам кнігі ў друк.
«Знешні выгляд кнігі не павінны падабацца аўтару. Прэрагатыва аўтара, каб у друк пайшоў той тэкст, які ён хоча бачыць. Але тое, як выглядае кніга — у якім афармленні, якім шрыфтам, у якой вокладцы, гэта сфера дзеяння выдавецтва. Так працуе ўвесь свет», — кажа Янушкевіч.
Калі дагавор заключаны, рукапіс трапляе ў перадвыдавецкую падрыхтоўку. Гэтым працэсам займаюцца спецыялісты-фрылансеры. Спачатку рукапіс чытае рэдактар, за ім твор трапляе да карэктара, потым з рукапісу робіцца макет і ён зноў вяртаецца да карэктара. Паралельна выдавецтва шукае дызайнера, каб стварыць вокладку і іншае мастацкае афармленне. Такім чынам рукапіс рыхтуецца да друку.
Карэктар працуе з адрэдагаваным тэкстам, формай, а не зместам: выпраўляе арфаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі ды памылкі набору, дапільноўвае сістэмнасці ў граматыцы, пільнуе тэхнічныя правілы набору, вычытвае макет перад друкам.
«Часта менавіта карэктарскія вочы апошнія бачаць тэкст перад публікацыяй. Таму заданне карэктара шырокае — выправіць хібы, якіх маглі не заўважыць ці прапусціць аўтар і рэдактар, — расказвае карэктарка Настасся Кахан. — Калі пры вычытванні макету перад публікацыяй былі выпраўленні, то пасля таго, як іх улічылі і стварылі новы макет, яго варта перачытаць ізноў. І так да моманту, калі выпраўленняў ад карэктара не будзе — гэта ў ідэале».
Матэрыял на карэктуру Настасся звычайна атрымлівае тэкставым дакументам у Word ці Google Docs. «Фінальнае вычытванне карысна рабіць на паперы — гэтак іначай успрымаецца тэкст, чымся на экране камп’ютара, гэтак, як яго ўбачыць чытач», — дзеліцца спецыялістка. Гатовы тэкст Настасся перадае заказчыку.
Падчас працы для фрылансеркі важна, каб на стале і ў пакоі было прыбрана. Настассі лепей працуецца не ў тым сама пакоі, дзе яна спіць, а на яе працоўным месцы мусяць стаяць рэчы з сэнсам, якія ствараюць лагодны настрой: расліны, паштоўкі ад сяброў, шмат працоўнай літаратуры на паліцах побач.
«Мне важна настроіцца, быць у добрым эмацыйным стане: камусьці з гэтым дапамагае музыка, аздобы, пахі. Я пад музыку ніколі не працую, а натуральны шум, як з акна, зусім не хвалюе. Важна і паклапаціцца, каб на час працы з тэкстам не турбавалі з іншымі пытаннямі - працоўнымі ці побытавымі».
Чытайце таксама: Як і навошта сусветную літаратуру перакладаюць на беларускую мову
За ўнутраны выгляд кнігі - шрыфт, яго памер, размеркаванне тэксту на старонцы — адказвае вярстальшчык.
Мастачка Сафія (імя зменена па просьбе гераіні) займаецца сучасным мастацтвам і дызайнам. У працы над кнігай спачатку абмяркоўваецца сама кніга, бюджэт, далей мастачка шукае рэферэнсы. Наступная стадыя — накіды.
«Так, паступова, разам мы прыходзім да выніку. Увесь працэс нагадвае мне стварэнне скульптуры: ідэя з нявызначанай формы паступова набывае канчатковую», — расказвае Сафія.
Мастачка працуе на камп’ютары, але накіды на паперы яна таксама робіць: гуляе з формай, размяшчэннем, шукае кампазіцыю і расслабляе руку ды ўяўленне.
Звычайна Сафія ўзгадняе кожны этап дызайну. «Я зыходжу з пазіцыі, што мы працуем разам над стварэннем праекта і разам зацікаўлены ў добрым выніку. Таму я стараюся будаваць не іерархічную камунікацыю, у якой не застаецца месца „апошнім словам“ і імператывам. Дызайн заканчваецца на стадыі „ўсе задаволеныя і ўсім падабаецца“».
У працы Сафія выкарыстоўвае свае візуальныя напрацоўкі, глядзіць і вывучае іншых дызайнераў, прытрымліваецца базавых правілаў вёрсткі і дызайну.
«Прыгажосць — паняцце не ўніверсальнае. Дызайн павінен вырашаць задачу. Таму для мяне важней, каб кніга або публікацыя была канцэптуальна прадумана. Візуальная частка прапрацоўваецца толькі ва ўзгадненні з канцэпцыяй і павінна не проста „быць прыгожай“, а адлюстроўваць сутнасць і каштоўнасці - як мае, так і заказчыка. На шчасце, часта яны супадаюць».
Каб наладзіцца на працу, Сафія ўключае музыку для канцэнтрацыі ўвагі і пастаянна п’е гарбату. Таму працоўнае месца мастачкі часта не толькі поўнае эскізаў, маркераў, запісак, але і кубкаў.
Калі вокладка непрывабная, шэрая, кніга можа пыліцца на палічках, упэўнены Андрэй Янушкевіч.
«Сёння, калі паглядзець на выдавецкі працэс у свеце, на вокладках можна заўважыць вялікія літары, яркія колеры, кантрасты. Калі кніга зроблена якасна, прыгожа, для беларускага чытача гэта вельмі важна».
Папяровая кніга ў пэўнай ступені стала калекцыянерскім прадметам у часы аўдыё- і, электронных кніг.
«Чалавек не купляе кнігу па прынцыпе „пачытаю і выкіну“, як гэта было ў 90-я гады, калі не было інтэрнэту і нашыя кнігарні былі заваленыя кнігамі, што выходзілі на газетнай паперы. Сёння людзі хочуць, каб кніга выглядала як твор мастацтва, які прыемна ўзяць у рукі і прыемна адкласці», — кажа Андрэй.
На яго думку, кніга сёння займае такое ж месца, як вінілавыя пласцінкі. «Раней гэта [пласцінкі] быў абсалютна масавы прадукт, якім нікога не здзівіш, а сёння гэта прадмет для аўдыёфілаў, для тых, хто сур’ёзна цікавіцца музыкай. Мы гэта разумеем і вельмі хочам рабіць кнігі, якія не памруць, якія маюць прэтэнзію на вечнасць. А шмат якія кнігі маюць такую прэтэнзію небеспадстаўна».
Друкарню выдавецтва абірае па больш зручных умовах на момант выхаду кнігі. Зараз гэта Польшча, але не абавязкова Варшава. Выдавецтва працуе з некалькімі тыпаграфіямі-партнёрамі. З тыпаграфіі кніга прыязджае на склад. Яе выгружаюць і ставяць у продаж. Па ранейшаму большую долю — каля 70% - складаюць анлайн-продажы.
Што тычыцца афлайн продажаў, то тут выдавецтва можа трапіць на свой самы балючы пункт — вызначыцца з накладамі.
«Друкарням ты плаціш адразу даволі вялікія грошы, а кніга можа прадавацца гадамі. Кнігі, як гэта ні дзіўна, таксама старэюць. І калі яны доўга ляжаць, інтарэс да іх губляецца».
Кнігі беларускіх аўтараў і сусветныя бестсэлеры на беларускай мове выпускае выдавецтва «Янушкевіч». У яго інтэрнэт-краме «Кнігаўка» можна заказаць кнігі з дастаўкай па ўсім свеце. Таксама кнігі выдавецтва прадаюцца на польскім маркетплэйсе Allegro і на Amazon. А ў афлайн-краме ў Варшаве (ul. Kłopotowskiego 4) кожную кнігу можна перад пакупкай патрымаць у руках і пагартаць.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…