Перад тым, як патрапіць да чытача, кніга праходзіць некалькі этапаў: экспертную ацэнку, перадвыдавецкую падрыхтоўку і ўласна друк. Калі кніга перакладная, то шлях робіцца яшчэ даўжэйшы. У гэтым ланцужку задзейнічаны некалькі спецыялістаў. Яны дапамаглі Hrodna.life падрабязна разабрацца ў шляху кнігі ад рукапісу да чытача.

Падрыхтоўка гэтага матэрыялу была бы немагчымай без дапамогі беларускага выдавецтва «Янушкевіч». У ім кніга праходзіць праз усе этапы — ад ацэнкі рукапісу да друку. Вынікі працы выдавецтва можна ацаніць у краме «Кнігаўка» ў Варшаве (ul. Kłopotowskiego 4) і ў анлайн-кнігарні.

Крок першы: рукапіс

Гісторыя кожнай кнігі пачынаецца па-свойму, кажа пісьменніца Ганна Янкута. Яна ўжо шмат гадоў працуе ў літаратурным асяроддзі і звычайна ведае, якому выдавецтву хоча прапанаваць тую ці іншую кнігу.

«Я ўяўляю, каго б хацела бачыць рэдактарам ці рэдактаркай. І выдавецтва мары, і рэдактар мары могуць, дарэчы, адмовіцца. Тады трэба шукаць некага яшчэ. Знайсці добрага рэдактара складана, бо гэта праца, якая патрабуе многіх ведаў і навыкаў, можна сказаць, высокай кваліфікацыі, а плацяць за яе звычайна няшмат. Але мне шанцуе — у большасці выпадкаў тыя, да каго я звяртаюся з просьбай пра рэдактуру, не адмаўляюць».

«У любым выпадку ўсё пачынаецца з рукапісаў. Кожны рукапіс ацэньваецца. Нават аўтараў, якіх мы ведаем», — адзначае выдавец Андрэй Янушкевіч.

Экспертызу робяць людзі, звязаныя з выдавецтвам. Янушкевіч называе іх «шырокім экспертным колам, звязаным з выдавецкай справай». Яны ацэньваюць кан’юнктурнасць, злабадзённасць рукапісу, ці адпавядае ён запытам аўдыторыі, сённяшняга моманту. Таксама ацэньваецца, наколькі гэта магчыма, літаратурная якасць твору.

Як паўстае рукапіс

Пісаць тады, калі ёсць вольны час — так Ганна Янкута адказвае на пытанне пра свае рытуалы ў час працы. Часу цяпер няшмат, таму яна піша ўрыўкамі: «Часам за ўвесь дзень маю часу ўсяго на абзац ці нават на некалькі сказаў».

Працоўнае месца пісьменніцы выглядае па-рознаму, але там часцей за ўсё шмат кніг і аркушаў з нататкамі.

«Я магу пісаць толькі дома (у месцы, якое на гэты момант лічыцца маім домам), не ўяўляю, як нехта піша ў кавярні ці ў бібліятэцы. Мне патрэбныя цішыня, самота і магчымасць у любы момант зрабіць сабе кубак гарбаты».

Крок другі: дамова

Пасля таго, як рукапіс прачытаны і прыняты ў працу, з аўтарам заключаюць дамову.

«Сэнс дагавору — гэта перадача аўтарскіх правоў. На перыяд яго дзеяння аўтар перадае выдавецтву ў распараджэнне сваю інтэлектуальную ўласнасць», — кажа Андрэй Янушкевіч. У дагаворы звычайна агаворваецца, што выдавецтва мае права рабіць з творам: у якім выглядзе друкаваць, ці можна перакладаць і інтэрпрэтаваць твор у іншыя формы.

Ганна Янкута лічыць, што ў беларускім кантэксце кансультацыя юрыста перад заключэннем дамовы не нясе вялікай карысці. У асноўным супрацоўніцтва заснавана на даверы.

«Сур'ёзная патрэба займацца юрыдычным бокам з’яўляецца тады, калі вядзецца пра вялікія грошы. У беларускай літаратуры іх няма, таму дамову з выдавецтвам я да юрыста не нясу».

Але самому варта звярнуць увагу на некалькі момантаў:

  • На які час выдавецтву пераходзяць правы і якія менавіта з іх?
  • Толькі на папяровую кнігу, ці на электронную і аўдыяверсію таксама?
  • У каго застаецца права на пераклад кнігі, калі яе захочуць выдаць у замежным выдавецтве?

Гэтыя пытанні варта абмеркаваць з выдаўцом загадзя.

«Мы працуем у адным полі, я ведаю, што выдавец зацікаўлены ў супрацы са мной гэтак жа, як і я з ім. Таму ўмовы мусяць быць прымальныя для абодвух бакоў», — лічыць Ганна.

На этапе дамовы адказнасць аўтара заканчваецца. Наступным разам выдавецтва завяжацца з ім, каб узгадніць тэкст перад выхадам кнігі ў друк.

«Знешні выгляд кнігі не павінны падабацца аўтару. Прэрагатыва аўтара, каб у друк пайшоў той тэкст, які ён хоча бачыць. Але тое, як выглядае кніга — у якім афармленні, якім шрыфтам, у якой вокладцы, гэта сфера дзеяння выдавецтва. Так працуе ўвесь свет», — кажа Янушкевіч.

Крок трэці: перадвыдавецкая падрыхтоўка

Калі дагавор заключаны, рукапіс трапляе ў перадвыдавецкую падрыхтоўку. Гэтым працэсам займаюцца спецыялісты-фрылансеры. Спачатку рукапіс чытае рэдактар, за ім твор трапляе да карэктара, потым з рукапісу робіцца макет і ён зноў вяртаецца да карэктара. Паралельна выдавецтва шукае дызайнера, каб стварыць вокладку і іншае мастацкае афармленне. Такім чынам рукапіс рыхтуецца да друку.

Карэктар: працуе з формай, а не зместам

Карэктар працуе з адрэдагаваным тэкстам, формай, а не зместам: выпраўляе арфаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі ды памылкі набору, дапільноўвае сістэмнасці ў граматыцы, пільнуе тэхнічныя правілы набору, вычытвае макет перад друкам.

«Часта менавіта карэктарскія вочы апошнія бачаць тэкст перад публікацыяй. Таму заданне карэктара шырокае — выправіць хібы, якіх маглі не заўважыць ці прапусціць аўтар і рэдактар, — расказвае карэктарка Настасся Кахан. — Калі пры вычытванні макету перад публікацыяй былі выпраўленні, то пасля таго, як іх улічылі і стварылі новы макет, яго варта перачытаць ізноў. І так да моманту, калі выпраўленняў ад карэктара не будзе — гэта ў ідэале».

Матэрыял на карэктуру Настасся звычайна атрымлівае тэкставым дакументам у Word ці Google Docs. «Фінальнае вычытванне карысна рабіць на паперы — гэтак іначай успрымаецца тэкст, чымся на экране камп’ютара, гэтак, як яго ўбачыць чытач», — дзеліцца спецыялістка. Гатовы тэкст Настасся перадае заказчыку.

Падчас працы для фрылансеркі важна, каб на стале і ў пакоі было прыбрана. Настассі лепей працуецца не ў тым сама пакоі, дзе яна спіць, а на яе працоўным месцы мусяць стаяць рэчы з сэнсам, якія ствараюць лагодны настрой: расліны, паштоўкі ад сяброў, шмат працоўнай літаратуры на паліцах побач.

«Мне важна настроіцца, быць у добрым эмацыйным стане: камусьці з гэтым дапамагае музыка, аздобы, пахі. Я пад музыку ніколі не працую, а натуральны шум, як з акна, зусім не хвалюе. Важна і паклапаціцца, каб на час працы з тэкстам не турбавалі з іншымі пытаннямі - працоўнымі ці побытавымі».

Чытайце таксама: Як і навошта сусветную літаратуру перакладаюць на беларускую мову

Вёрстка можа быць часткай дызайну ці наогул замяніць яго

За ўнутраны выгляд кнігі - шрыфт, яго памер, размеркаванне тэксту на старонцы — адказвае вярстальшчык.

Мастачка Сафія (імя зменена па просьбе гераіні) займаецца сучасным мастацтвам і дызайнам. У працы над кнігай спачатку абмяркоўваецца сама кніга, бюджэт, далей мастачка шукае рэферэнсы. Наступная стадыя — накіды.

«Так, паступова, разам мы прыходзім да выніку. Увесь працэс нагадвае мне стварэнне скульптуры: ідэя з нявызначанай формы паступова набывае канчатковую», — расказвае Сафія.

Мастачка працуе на камп’ютары, але накіды на паперы яна таксама робіць: гуляе з формай, размяшчэннем, шукае кампазіцыю і расслабляе руку ды ўяўленне.

Звычайна Сафія ўзгадняе кожны этап дызайну. «Я зыходжу з пазіцыі, што мы працуем разам над стварэннем праекта і разам зацікаўлены ў добрым выніку. Таму я стараюся будаваць не іерархічную камунікацыю, у якой не застаецца месца „апошнім словам“ і імператывам. Дызайн заканчваецца на стадыі „ўсе задаволеныя і ўсім падабаецца“».

У працы Сафія выкарыстоўвае свае візуальныя напрацоўкі, глядзіць і вывучае іншых дызайнераў, прытрымліваецца базавых правілаў вёрсткі і дызайну.

«Прыгажосць — паняцце не ўніверсальнае. Дызайн павінен вырашаць задачу. Таму для мяне важней, каб кніга або публікацыя была канцэптуальна прадумана. Візуальная частка прапрацоўваецца толькі ва ўзгадненні з канцэпцыяй і павінна не проста „быць прыгожай“, а адлюстроўваць сутнасць і каштоўнасці - як мае, так і заказчыка. На шчасце, часта яны супадаюць».

Каб наладзіцца на працу, Сафія ўключае музыку для канцэнтрацыі ўвагі і пастаянна п’е гарбату. Таму працоўнае месца мастачкі часта не толькі поўнае эскізаў, маркераў, запісак, але і кубкаў.

Кнігу прадае вокладка

Калі вокладка непрывабная, шэрая, кніга можа пыліцца на палічках, упэўнены Андрэй Янушкевіч.

«Сёння, калі паглядзець на выдавецкі працэс у свеце, на вокладках можна заўважыць вялікія літары, яркія колеры, кантрасты. Калі кніга зроблена якасна, прыгожа, для беларускага чытача гэта вельмі важна».

Папяровая кніга ў пэўнай ступені стала калекцыянерскім прадметам у часы аўдыё- і, электронных кніг.

«Чалавек не купляе кнігу па прынцыпе „пачытаю і выкіну“, як гэта было ў 90-я гады, калі не было інтэрнэту і нашыя кнігарні былі заваленыя кнігамі, што выходзілі на газетнай паперы. Сёння людзі хочуць, каб кніга выглядала як твор мастацтва, які прыемна ўзяць у рукі і прыемна адкласці», — кажа Андрэй.

На яго думку, кніга сёння займае такое ж месца, як вінілавыя пласцінкі. «Раней гэта [пласцінкі] быў абсалютна масавы прадукт, якім нікога не здзівіш, а сёння гэта прадмет для аўдыёфілаў, для тых, хто сур’ёзна цікавіцца музыкай. Мы гэта разумеем і вельмі хочам рабіць кнігі, якія не памруць, якія маюць прэтэнзію на вечнасць. А шмат якія кнігі маюць такую прэтэнзію небеспадстаўна».

Друкарня. Фінал, з якога ўсё пачынаецца

Друкарню выдавецтва абірае па больш зручных умовах на момант выхаду кнігі. Зараз гэта Польшча, але не абавязкова Варшава. Выдавецтва працуе з некалькімі тыпаграфіямі-партнёрамі. З тыпаграфіі кніга прыязджае на склад. Яе выгружаюць і ставяць у продаж. Па ранейшаму большую долю — каля 70% - складаюць анлайн-продажы.

Што тычыцца афлайн продажаў, то тут выдавецтва можа трапіць на свой самы балючы пункт — вызначыцца з накладамі.

«Друкарням ты плаціш адразу даволі вялікія грошы, а кніга можа прадавацца гадамі. Кнігі, як гэта ні дзіўна, таксама старэюць. І калі яны доўга ляжаць, інтарэс да іх губляецца».

Кнігі беларускіх аўтараў і сусветныя бестсэлеры на беларускай мове выпускае выдавецтва «Янушкевіч». У яго інтэрнэт-краме «Кнігаўка» можна заказаць кнігі з дастаўкай па ўсім свеце. Таксама кнігі выдавецтва прадаюцца на польскім маркетплэйсе Allegro і на Amazon. А ў афлайн-краме ў Варшаве (ul. Kłopotowskiego 4) кожную кнігу можна перад пакупкай патрымаць у руках і пагартаць.