Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве — музыканты робяць каверы, а творы застаюцца актуальнымі. Што адбываецца з гуртом зараз? Журналіст Hrodna.life пагутарыў з лідарам гурта Славай Коранем пра апошні канцэрт, магчымае адраджэнне калектыву і беларускіх музыкантаў, якія скарысталіся нагодай і перайшлі на іншы бок.
Па актуальным стане я сябе адчуваю рок-музыкам. А таксама з’яўляюся чалавекам, які працуе на стыку двух прафесій: музыкальнай і інжынернай. Я — музычны дырэктар «Еўрарадыё». Я праграмую ўсе аўтаматычныя працэсы, фармірую плэйлісты.
Рок-гурт Ulis быў заснаваны ў 1988 годзе ў Мінску. Перажыў некалькі распадаў і зменаў калектыву. Апошні канцэрт даў у 2009 годзе. Канцэрты дае рэдка праз раскіданасць музыкантаў - басіст Віктар Самарукаў жыве ў Канадзе. Пачыналі з псіхадэлік-рока і дайшлі да прагрэсіў-рока. Выпусцілі дзевяць альбомаў.
Пра сям’ю
Мая сям’я жыве ў Менску. Мы не бачыліся шэсць год. Да часоў кавіда я прыязжаў. Але з пачаткам каранавіруса і падзей 2020 года перастаў.
Мая жонка заўсёды ведала, што я знаходжуся ў музыкальнай плыні, займаюся музыкай, і ўспрымала гэта добра. Яна кажа, што было б добра зараз наведаць канцэрт Ulis, каб была такая магчымасць. Калі казаць пра майго сына, то я не магу сцвярждаць, што ён падзяляе мае погляды і цікаўнасць да музыкі. Ён пайшоў сваім шляхам. Зараз майму сыну 34 гады.
Мне здаецца, што пакаленне, народжанае ў 90-х, — гэта згубленае пакаленне. Падзеленае на дзве часткі. Адныя ўвайшлі ў палітычную атмасферу, імкнуліся нешта змяніць, стварыць, атрымаць адукацыю. Некаторыя з іх, на жаль, з’язджалі. А другая частка гэтага пакалення проста згубілася, не разумеючы, што ім рабіць. Яны жадалі добра жыць, але як гэта зрабіць, яны не разумелі.

Пра пераезд
Мой пераезд у Польшчу сын і жонка ўспрынялі добра, бо для мяне гэта не была вымушаная эміграцыя. Я ехаў сюды на працу. Я дагэтуль не атрымаў польскі пашпарт і не збіраюся яго атрымоўваць. Для таго, каб тут кімсьці стаць, тут трэба было б нарадзіцца. Кімсьці мы з’яўляемся там (на радзіме). Але тут мы — ніхто.
Я думаю, што ў хуткім часе нешта мусіць змяніцца. Немагчыма, каб сітуацыя так доўга напружвалася і кіпела бясконца. Такое заўсёды канчаецца. А як скончыцца вайна ва Украіне, то ўсё зменіцца адразу і ў нас.
Зараз так хутка ідзе час, тыдзень пралятае як дзень. І калі ў Польшчы «Салідарнасць» ішла да перамогі каля 10 год, то ў нас павінна атрымацца хутчэй (смяецца — Hrodna.life).
Пра (ня)згубленыя магчымасці
Я яшчэ маю надзею на працяг дзейнасці Ulis. Пры магчымасці я гатовы пачаць рэпетыцыі. Можа, будзе і новы матэрыял. Хаця ў мяне ёсць пэўнае адчуванне, што я ўжо ўсё сказаў.
Ёсць шмат невыкарыстанага матэрыялу. Але я лічу, што кожны матэрыял старэе. І музыка можа быць сучаснай толькі тады, калі ты яе робіш тут і зараз. Пагэтаму наўрадці я буду рэалізоўваць свае старыя напрацоўкі. Ёсць выканаўцы, якія прыбягаюць да старых напрацовак. Але калі ты згубіў надзею, што ўжо зможаш нешта сказаць новае, і ўзяў старое, — гэта ўжо не мае нічога блізкага да творчасці. Таму што чалавек ужо не мае таго натхнення, энергіі, а значыць, і творчай душы.
Палітызацыя музыкі
Узгадваючы 90-я і наша гучанне, я разумею, што яно ішло ў ногу з сучаснай музыкай, а Беларусь у музычным сэнсе ўжо тады адставала на год 10. Магчыма, пагэтаму нашу музыку тады не заўважыў шырокі слухач. Я лічу, што Ulis апярэдзіў свой час.
Мы мяняліся, я мяняўся. Пагэтаму кожны наш альбом быў розным. Мы па-іншаму адчувалі гэты свет і па-іншаму стваралі нашу музыку. Нас аб’ядноўвала тое, што ўсе мы натхняліся той сітуацыяй, якая была ў грамадстве. Нашы тэксты заўсёды былі палітызаваныя.
Калі браць першы альбом, то там тады ўжо былі словы «Калі імперыя знікне», «краіна ў кратах» і гэтак далей. Калі ў маім двары ды і па ўсім Менску зрубалі дрэвы і рабілі з іх такія пафарбаваныя напалову калекі, адлюстраваў гэта ў песні «Гэты горад». Таксама актуальная песня для сённяшняй Беларусі.

Калі слухаць апошні альбом Ulis «Люстэрка», які быў запісаны ў 2002 годзе, то зразумела, што яго тэксты адлюстроўваюць тое, што адбываецца зараз. Некаторыя пыталі, чаму я не напісаў новыя песні пад новую сітуацыю, я ім адказваю, што я ўсё напісаў яшчэ тады. На жаль, больш дадаць няма чаго. Паслухайце песню «Уладар», гэта песня як бы спецыяльна была напісана для 2020 года.
Можна звярнуць увагу, што ва Ulis музыка стаіць на першым месцы. Заўсёды тэксты пісаліся на ўжо гатовую музыку. Насамрэч, для рок-музыкі гэта нармальная практыка: прыносіш музыку і тэкставік (аўтар тэкста) ці ты сам на гэту мелодыю пішаш так званую «рыбу», то бок проста пустыя безсэнсоўныя словы, якія гучаць з музыкай, робіш акцэнты і гд. Потым на музыку кладуцца патрэбныя словы. Высокія паэтычныя тэксты, на жаль, не надта пасуюць рок-музыцы. Рок-музыка нават адным словам можа выразіць купу энергіі.
Натхненне могуць даваць розныя рэчы: некаторыя натхняюцца сваім каханнем да жанчыны, некаторыя — індыйскай філасофіяй, а ёсць такія, якія натхняюцца тымі абставінамі, якія існуюць навокал. Тым, што адбываецца каля цябе і з чым ты не згодны. Нязгода, дарэчы, дае вельмі моцны штуршок да натхнення. Так было і з намі. Калі б Ulis зноў пачаў пачаў сваю дзейнасць на поўную, я б ужо не шукаў натхнення ў палітыцы. Мне гэта ўжо не цікава. Усё, што можна было сказаць на гэты конт, я ўжо сказаў. Магчыма, я б рабіў зараз толькі інструментальную музыку. А можа, і запісаў бы дуэт з кімсьці.
Пра каверы на Ulis
Ні я, ні Фелікс Аксёнцаў (чалец гурта і аўтар тэкстаў), ніколі не забаранялі браць нашы песні і рабіць на іх каверы. Гэта заўсёды цікава — пачуць іншае ўспрыняцце таго, што было напісана раней. З іншага боку, яны робяць гэта так жа прафесійна, але гучыць гэта па-іншаму, больш сучасна. Ёсць кавер на нашу песню «Радыё Свабода» пад фартэпіяна. Нечакана. І мне спадабалася, як гэта гучыць.
Пра шоў-бізнес і натхненне
У Беларусі ніхто ніколі не зарабляў выключна музыкай. Чаму? Адказ відавочны. Каб не здарыўся 1994 год, у нас было б так жа, як і ва Украіне, магчымасці для развіцця шоў-бізнесу. Але пра што можна весці размову, калі галоўнай была і працягвае быць лаяльнасць існуючай уладзе?!
Свабодны чалавек можа творча думаць, працаваць. Людзі, якія падзяляюць яго ўспрыняцце свету і яго меркаванні і г. д. — гэтыя людзі і прыходзяць на канцэрты, набываюць плыты. А ў нас і сёння жадаюць пасярод Еўропы зрабіць Паўночную Карэю.
Памятаю, як мы выступалі на адным фестывалі ва Украіне з «Воплі Відоплясова», у 1989-м, здаецца. Мы ўжо тады гралі больш прафесійна. Але практыка, канцэрты, існуючы украінскі шоў-бізнес, разумнае прадзюсіраванне і праца за мяжой паспрыялі іх развіццю. Яны сталі тым, кім сталі. Я думаю, каб у пачатку 90-х нам прапанавалі паехаць з турам па заходніх краінах, мы маглі б мець поспех. Калі б у Беларусі быў уласны шоў-бізнес, то, я ўпэўнены, усе існуючыя гурты б ад гэтага толькі выйгралі. Адсутнасць шоў-бізнеса не дала развівацца нікому.

Пра апошні канцэрт
Апошні канцэрт Ulis быў у 2009 годзе, ва ўкраінскім Чарнігаве, які мы рабілі разам з «Еўрарадыё». Мы знайшлі прастору наўпрост у поле. Ніхто не чакаў, што там збярэцца каля 20 тысяч чалавек на двухдзённы фестываль. Памятаю, што хэдлайнерамі былі і «Воплі Відоплясова». Два дні беларуска-ўкраінскі фестываль гуляў і спяваў. Людзі ночылі ў намётах прама там жа. Некаторыя спалі наўрост на полі. Была вельмі свабодная атмасфера. З тэхнічнай часткі было ўсё зроблена не так, як звычайна робіцца для беларусаў, быў якасны гук і добра зробленае святло.
Так і з шоў-бізнесам у цэлым: каб усе ўмовы былі зроблены як трэба, то любую беларускую музыку можна было б падаць слухачу ў лепшым выглядзе. Тут мы зноў вяртаемся да таго, што без развіцця і інвестыцый зрабіць якасць вельмі цяжка.
Чытайце таксама: «Мы проста не хлусілі людзям». Гітарыст Seven B Андрэй Макарэвіч распавёў пра Гродна, рок-н-рол і тое, што самае хрэновае
Пра дзіцячыя ўспаміны і рускіх
Я нарадзіўся ў Пскове. Так склалася, што мой бацька працаваў там доктарам у ваеннай частцы. Але мае бацькі беларусы, і я таксама. Гэта былі 50-я гады. Адзінае, што я памятаю з тых часоў, гэта як скакалі парашуцісты на старых парашутах і пры іх адкрыцці выляталі міні-парашуты, за якімі бегалі дзеці, і збіралі іх.
Працуючы пасля ўніверсітэта наладчыкам вылічальных устаноў, я паездзіў па Расіі і зразумеў, што мы з рускімі розныя ментальна народы. Культурна таксама. Шчыра кажучы, зараз культура там увогуле адсутнічае. А калі паглядзець на рускую культуру мінулых стагоддзяў, то кім рускія ганарацца? Чайкоўскі, Пушкін, Бродскі, і іншыя, яны ж не былі цалкам рускімі. Гэта былі французы, палякі, габрэі і іншыя. Дык якая ж гэта руская культура?
Пра беларускую музыку і заняпад рока
Зараз мы маем сусветную тэндэнцыю заняпада рок-музыкі. Але я лічу, што гэты перыяд мусіць прайсці. Думаю, гэта ўсё з-за таго, што з’явіліся новыя тэхналогіі, якія дазваляюць з выкарыстаннем штучнага інтэлекту рабіць хуткую музыку, дзе і спяваць не абавязкова, тэкст можна проста начытаць на музыку. Для мяне ў гэтым корань папулярнасці рэп-музыкі зараз, бо яна літаральна прасцей робіцца.
Не хачу нікога крыўдзіць, але шматлікія беларускія гурты да 2020 года былі на іншым боку, а пасля пабачылі новыя магчымасці і памянялі лагер. Пасля 2020 года яны атрымалі новае бачанне сітуацыі і энергію для працы. Шмат хто, гледзячы на колькасць людзей на вуліцах, паверыў у змены, і змяніўся сам. Зараз гэтыя гурты таксама ў эміграцыі.
Не маю нічога супраць змен. Напрыклад, я не разумею тых спрэчак, што былі вакол гурта Linkin Park, у склад якога ўзялі жанчыну замест Чэстара, які ўчыніў самагубства (Чэстар Бенінгтан скончыў жыццё самагубствам у 2017 годзе, пасля гэтага ў 2024 годзе ў гурт прыйшла вакалістка Эмілі Армстранг. Фанаты ўспрынялі яе неадназначна — Hrodna.life). Яны маглі бы ўзяць хлопца, які б гучаў падобна да экс-вакаліста, але яны зрабілі так, як захацелі. Цікава слухаць Nine Inch Nails, якія ў студыйных запісах і на канцэртах робяць рознае гучанне.

Па волі сваёй працы я слухаю шмат альтэрнатыўнай музыкі. Па-за працай амаль не спажываю. Дагэтуль слухаю Rage against the machine, Faith no more, Muse, The Queen, Pink Floyd і г. д. Сярод сучаснай музыкі амаль няма гуртоў, якія б самі ўсё рабілі, як гэта было раней. Зараз нават у рок-музыцы пануе дыктат прадзюсераў, якія кажуць, як трэба рабіць. А старыя рок-музыкі самі выбіралі свой шлях. Для мяне яны больш цікавыя, асабліва калі граюць сучасную музыку, развіваюць свае музычныя здольнасці. Ёсць таксама і тыя, якія засталіся ў 70-х і працягваць граць тое, што гралі тады, без змен.
На самой справе ў музыцы музыка не самае галоўнае, як бы парадаксальна гэта не гучала. Важна, як чалавек сябе адчувае, калі яе піша і як яе аддае слухачу. Энергія — вось што сапраўды важна. Тая, якая сыходзіць ад выканаўцы. Калі ты не пражываеш тое, што робіш, творыш толькі па патрэбе, гэта нічога не будзе несці. Як прыклад: сучасная беларуская і руская поп-музыка. Яны думаюць, што яны прафесіяналы. А іх музыка мала каму цікава, бо яна не мае душы.
Слухай усё навокал, забудзь пра гэта назаўсёды і яно само трансфарміруецца ў нешта новае і цікавае ў тваёй галаве. Тады ў нас не было музычных куміраў, але мы жылі такой філасофіяй. Для нас гэта ўсё і было крыніцай натхнення. Мы не гралі ноты, мы гралі нашы адчуванні, як гучыць гэты свет. Ты павінен не проста граць на гітары, ты павінен выражаць на ёй свае пачуцці. І калі будзе так, то і людзям будзе гэта падабацца. А калі творцы не кіруюцца гэтым правілам, то яны проста рамеснікі.
Пра радзіму, эміграцыю і вяртанне
Эміграцыя не дае магчымасці пісаць, штосьці рабіць. Магчыма, каб я меў тут свой дом, сітуацыя была іншай. Энергія роднай краіны, ведаеце, яна ўзбуджае ўсе пачуцці.
Калі ўсё зменіцца, я, канешне, адразу вярнуся дахаты. Я хачу пабачыць сваю сям’ю, ката і новага сабаку. На жаль, стары сабака памёр без мяне. Трэба будзе знаёміцца з новым.
Чытайце таксама: «За Сашу Саладуху большай звязды няма». Бард Віктар Шалкевіч — пра самагонку ў вёсцы, 4000 пласцінак і пярсцёнак ад Бенэдыкта XVI
Размаўляў Мікалай Наваградскі