«Да гэтага часу ўсё як у сне, — распавядае Надзея Сцепанцова. — Не разумею, у чым маё злачынства. Крымінальніцай сябе не адчуваю». Пакуль яе сястра Жанна Захаркевіч запарвае каву, Надзея пачынае расповяд пра здарэнне, якое прывяло сясцёр на лаву падсудных. Абедзве жанчыны атрымалі тэрміны ў папраўчых установах адкрытага тыпу — «хімію». Жанна — 3 гады, Надзея — 3,5. У дзень, калі абвясцілі вырак, 10 сакавіка, сыну Надзеі спаўнялася 18 гадоў. 12 сакавіка, калі жанчыны атрымалі прысуд на рукі, у Надзеі быў юбілей. Ёй споўнілася 50 гадоў. «Ніколі мяне так с днём нараджэння не віншавалі», — жартуе яна. Пра тое, як сёстры апынуліся злачынцамі і пра планы на будучыню яны распавялі Hrodna.life.
«З дзяцінства Жанна бегала за мной, як лісіны хвосцік, — успамінае Надзея. — А ў мяне ж свае сяброўкі, свае таямніцы. Потым жыццё паказала, што лепш і надзейней за сястру нікога няма».
«Нас бацькі з’ядналі, — распавядае Жанна. — Мы заўсёды разам, заўсёды стаялі адна за адну».
Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч — родныя сёстры. Надзеі зараз 50 гадоў. Жанна на два гады маладзейшая. Яны жывуць ў Гродне ад нараджэння. Кватэра бацькоў была на Фартах, абедзве сястры скончылі школу № 21. Надзея паводле спецыяльнасці інжынер. Жанна — юрыст. Абедзве замужам, у сем’ях па двое дзяцей.
Пасля смерці бацькоў сёстры зблізіліся яшчэ больш. «Раней толькі мама нас збірала. Цяпер часцей сталі сустракацца, амаль кожныя выхадныя разам праводзім».
У той дзень, 6 верасня, сёстры таксама былі разам. «Сабраліся ў горад пагуляць, па крамах прайсціся. Я такая няўпэўненая ў пакупках, заўсёды прашу Жанну дапамагчы выбіраць», — кажа Надзея.
Жанчыны выйшлі на прыпынку ля завода карданных валаў і пешшу накіраваліся ў бок Савецкай плошчы.
«Калі і быў там мітынг, то мы да яго не дайшлі. Нас сталі абганяць, мы апынуліся ў натоўпе. Наперадзе — людзі ў чорным. Пазней даведаліся, што гэта быў АМАП», — распавядае Жанна.
Па справе «аб счэпцы» абвінавачанымі праходзілі пяць чалавек. Іх вінавацілі ў тым, што 6 верасьня 2020 года, каля 13.20 на вуліцы Гарнавых, 10 яны прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак (арт. 342 КК). Пазней, па версіі пракурора, яны ўсталі ў счэпку і «целам сталі выштурхоўваць супрацоўнікаў са свайго шляху», што прычыніла 11 супрацоўнікам фізічны боль і пабоі (арт. 364 КК).
«Страшна было бачыць такую жорсткасць. Людзей кідалі на зямлю. Па дзяўчыне маладой нагамі тапталіся. Мужчыну амапавец каленам шыю да зямлі прыціскаў - чалавек спачатку пачырванеў, а потым стаў сінець. Усе вакол крычалі, і мы таксама — ад жаху», — успамінае Надзея.
«Жанчыны крычалі: „Што вы робіце!“, А яны ў адказ: „Мы вас білі і біць будзем“, — распавядае Жанна. „Толькі матам“, — папраўляе Надзея. „Так“, — згаджаецца Жанна, — матам».
Чытайце таксама: Омоновец в суде Гродно: скандирование «Фашисты!» причинило моральные страдания
— На судзе потым пыталіся — чаму вы засталіся? — успамінае Надзея. — А што было рабіць? Мы ідзём па родным горадзе, а тут людзей збіваюць. Як уцякаць, калі так здзекуюцца з народа?"
«За тое, што проста бачылі гэта, нас і прызналі «злачынцамі», — кажа Жанна.
Першыя адгалоскі вераснёўскіх падзей прыйшлі ў пачатку лістапада. Абедзвюх жанчын позвамі выклікалі ў следчы камітэт. Дома ў іх прайшлі ператрусы. У Надзеі наклалі арышт на маёмасць — халадзільнік і два тэлефоны. «Тады думалі, што штрафам ўсё абыдзецца», — кажа яна. Далей выклікалі да следчага амаль кожны дзень: «Хадзілі туды, як на працу».
Спачатку сёстрам ставілі ў віну ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК). У снежні да абвінавачвання дадалі прычыненне супрацоўнікам міліцыі фізічнага болю і збіцця (арт. 364 КК). Надзею палічылі асабліва актыўнай. На відэа з месца жанчыне паказалі - у яе рухаецца рука.
«Я сумку на плячы папраўляла, — кажа Надзея. Але следства і абвінавачванне налічылі не менш за пяць „удараў“. — Так і пайшло, што я збіла гэты спецатрад міліцыі».
«Першае пасяджэнне [суда] - гэта быў кашмар. Я яшчэ трымалася, а ў Надзі проста каленкі трэсліся, кажа Жанна — На апошнія пасяджанні мы прыходзілі ўжо з рэчамі». Вынясенне прысуду адкладалі тройчы: «Гэта было як здзек. Раз ужо вінаватыя — скажыце адразу», — успамінае Надзея пра псіхалагічны ціск сітуацыі.
Прысуд гродзенкам вынеслі 10 сакавіка. У гэты дзень у сына Надзеі быў дзень нараджэння. Хлопцу споўнілася 18 гадоў. На суд прыйшлі абедзве сям'і ў поўным складзе. Калі суддзя агучыла прысуд, усе плакалі.
«Вядома, не так мы планавалі адзначыць паўналецце сына, — распавядае Надзея. — У нас усе сямейныя святы з выдумкай, з гульнямі і конкурсамі. І ў лазертаг усе разам гулялі, і ў боўлінг хадзілі, і на прыроду выязджалі. Гэтым разам думала, што мяне забяруць [з залы суда], загадзя склала меню, каб без мяне змаглі прыгатаваць».
У святочнае меню да паўналецця сына Надзея ўпісала тры салаты: «Цэзар» — любімая страва сына, салата «Павуцінка» (гэта з ананасамі, у нас заўсёды «на ўра») і аліўе — (першых два адразу сыдуць, а аліўе пазней даясце, калі прагаладаецеся). На гарачае — французскія адбіўныя і фаршаваныя сырам памідоры. Абавязковыя нарэзкі - мясная, агароднінная і з садавіны. На гарнір — бульбяное пюрэ.
«У нас уся сям’я гатуе. Калі святы, усё вакол мяне — разам нешта робім. Адзін каўбаску парэжа, другі - памідоры. Усе выдатна папрацуем, потым разам за стол. Яшчэ сказала сыну — адсвяткуеце, разам з сябрамі ўсё прыбярыце. Каб чыста было, нават калі я не ўбачу».
Калі ў судовым пасяджэнні 10 сакавіка абвясцілі перапынак, сем'і Надзі і Жаны ўсё-такі сабраліся павіншаваць хлопца. «Дачка сказала: Мама, трэба. Такі дзень!». Замовілі піцу, купілі сок і сабраліся. У 14.00 адзначылі дзень нараджэння, а ў 16.00 суддзя вынесла прысуд.
«Абвяшчаюць — траім па тры гады. І паўза. У мяне ў вачах пацямнела — няўжо Надзю „вывядуць“? Потым сказалі, што ёй тры з паловай гады з пасяленнем», — распавядае Жанна.
Зараз абедзве жанчыны дома, пад падпіскай аб нявыездзе. «Сёння зноў усю ноч не магла заснуць, — кажа Жанна. — Проста пустэча ў галаве, як на раздарожжы стаіш. Днём дома ні да чаго рукі не ляжаць».
«Злачынца, крымінальніца… Не магу да канца ўсвядоміць, што гэта пра мяне. Трэба неяк гэта выпрабаванне прайсці», — кажа Надзея. Трымацца ў складанай сітуацыі дапамагае сям’я. Муж стараецца больш часу праводзіць побач, дачка кажа: «Мама, я табой ганаруся», а сын — што яму ёсць з каго браць прыклад. «Дзеці разумеюць, што мы не вінаватыя».
«Уявіла, а што б я адчувала, калі б гэта мужа вось так асудзілі? — кажа Жанна. — І зразумела — яму цяпер яшчэ цяжэй, чым мне. Мы ніколі так надоўга не расставаліся. Я неяк вырашыла паехаць у Польшчу на заробкі, то ён праз два тыдні прыехаў па мяне і папрасіў вярнуцца ў Гродна. Казаў, абыдземся без гэтых грошай, лепш, калі ты дома».
Зараз жанчыны рыхтуюць апеляцыю. «На гэта ёсць 10 дзён, будзем абскарджваць». Паводле ацэнак адвакатаў, перагляд справы можа заняць каля месяца.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…