Сапраўдная піца гатуецца не больш за сем хвілін. За гэты час спрактыкаваны піцаёла расцягне рукамі шарык цеста і выкладзе начынне, а полымя з дубовых дроваў зарумяніць скарыначкі і расплавіць сыр. Паназіраць за тым, як шчыруе майстар і пакаштаваць адзін (а мо і не адзін) з 45 відаў італьянскай піцы могуць зараз і гродзенцы. Напачатку студзеня ў горадзе адкрылася піцэрыя «Форно», дзе «палымяны» сіцыліец Сальваторэ гатуе сапраўдную італьянскую піцу на агні.
У пошуках правільнай піцы
Што магло прывесці сіцылійца ў Гродна? Правільны адказ — каханне. Сваю жонку, гродзенку Марыю, Сальваторэ сустрэў на Сіцыліі, на вяселлі сяброў. Неўзабаве яны і самі зладзілі вяселле. У Гродна з таго часу прыязжалі толькі пару разоў на год, праведаць бацькоў і блізкіх Марыі. Канечне, падчас шпацыраў па горадзе наведвалі мясцовыя піцэрыі. Але знайсці піцу, што адпавядала б густу Сальваторэ, так і не ўдалося.
Гэта і не дзіўна — ён сам больш за 20 гадоў гатуе піцу ў рэстаране, што трымае яго сям’я на Сіцыліі, і добра ведае, якой мае быць гэта італьянская страва.
У выніку летась сям’я вырашыла прыехаць у Гродна і працягнуць сямейную справу з піцай у Беларусі. Каб адкрыць «установу харчавання» аб’ядналіся з гродзенскімі сябрамі, яшчэ адной сямейнай парай.
«Мы з Марыяй сябруем больш за 10 гадоў, — распавядае саўладальніца бізнесу Анастасія. — Не парывалі сувязь і тады, калі яна жыла ў Італіі. Зараз сябруем сем’ямі і наша піцэрыя таксама такая — сямейная і сяброўская. Хацелася стварыць месца, куды б маглі прыйсці і вясёлыя кампаніі, і бацькі з дзецьмі».
Піца ў падарунак за гістарычныя факты
Каб адкрыць піцэрыю з печчу, патрэбен быў будынак, куды можна было б правесці дымаход. Знайсці такое месца атрымалася ў ціхім цэнтры, побач са стаянкай каля «Абухаўскай» крамы.
«Самым галоўным для нас была магчымасць усталяваць печку. Але тое, што дом мае ўласную гісторыю, што гэта не новабуд, таксама вельмі парадавала. Таму і аўтэнтычную цагляную кладку вырашылі пакінуць у дызайне інтэр'еру. Навошта выдумляць нешта новае, калі выдатна захавалася старое».
З гісторыяй будынку гаспадарам таксама хочацца «разабрацца», але пакуль не стае часу. Дапамагчы з гэтым яны прапанавалі чытачам Hrodna.life
Калі вы ведаеце якія факты ці гісторыі пра дом па вуліцы 1-ай Працоўнай, 11−12, напішыце іх у каментарах. Той, чыя гісторыя найбольш спадабаецца гаспадарам піцэрыі, атрымае ў падарунак піцу на свой выбар.
Меню з сямейнага рэстарана і піца з бульбай
Выбіраць дакладна будзе з чаго. Меню «Форно» налічвае 45 відаў піцы і паўтарае меню сямейнага рэстарана сям'і Сальваторэ на Сіцыліі. Усю рэцэптуру ён ведае напамяць і гэта дапамагае пераадолець моўны бар’ер. Замест словаў афіцыянт перадае піцаёла замову з нумарам — і ўсё робіцца ясна. Праўда, калі наведвальнікам хочацца праявіць творчы падыход і дадаць складнікі па ўласным жаданні, іх прыходзіцца дапісваць да нумара.
Найбольшай папулярнасцю сярод наведвальнікаў карыстаюцца класічныя «Капрычыёза», «Маргарыта» і «Сальсіча». Але піцаёла раіць пакаштаваць і новыя для Гродна смакі, каб пашырыць сваё ўяўленне пра сапраўдную піцу. Пагартаўшы меню, тут можна знайсці піцу з селядцом, з грэцкімі арэхамі і нават — з бульбай.
Італія + Беларусь = піца
Каб піца атрымалася сапраўднай, амаль усе складнікі для яе замаўляюць у Італіі. «Мы адкрывалі піцэрыю „пад Сальваторэ“, а ў яго вельмі высокія патрабаванні да прадуктаў. Практычна ўсё замаўляем з Італіі. Са „зробленага ў Беларусі“ выкарыстоўваем мясныя вырабы, вяршкі і… дубовыя дровы», — распавядае Анастасія.
Усе супрацоўнікі, акрамя піцаёла, — людзі мясцовыя. Пакуль піцэрыя працуе ў тэставым рэжыме — каманда і тэхніка настройваюцца, спрацоўваюцца і пераймаюць італьянскі досвед.
Сальваторэ ўсяму вучыць супрацоўнікаў, паказвае, расказвае. Адзінае, што ён трымае ў сакрэце — гэта ўласны рэцэпт цеста для асновы. Такога сапраўдны піцаёла ніколі не выдасць.
Але і ад Сальваторэ сябры-саўладальнікі маюць свой сакрэт.
«Як прывезлі бацькоў, паказаць ім нашу піцэрыю, то мама, пабачыўшы печку, адразу сказала — «Вось бы ў ёй бабку ў кішцы прыгатаваць!»
Пакуль што такіх вольнасцяў Сальваторэ не дазваляе. Але ж цалкам можа быць, што тутэйшыя сябры ўпалююць вольную хвілінку, і па-партызанску прыгатуюць у італьянскай печы беларускую бабку.
Грацыя мілле! Дзякуем па-італьянску
Па словах супрацоўнікаў піцэрыі, з Сальваторэ вельмі прыемна працаваць. Ён заўжды ў гуморы і з усмешкай. «Мабыць, часам забывае, што на працы — пачынае спяваць ці падтанцоўваць. Падобна, што агонь у яго не толькі ў печы, але і ў душы», — жартуюць калегі. «Часам усё што трэба гэта крыху сонца і добрая піца», — тлумачыць Сальваторэ. А вось чаго апроч сонца не хапае сіцылійцу ў Гродне, то гэта роднай мовы.
Таму, калі вам спадабаецца ў піцэрыі, то можна ўзаемна зрабіць прыемнасць піцаёла і падзякаваць па-італьянску. Для чытачоў Hrodna.life ён напісаў некалькі фраз, каторыя будзе прыемна пачуць ад наведвальнікаў:
La pizza è molto buona! — Ла пiцца э мольто буона! — Піца вельмі смачная!
Questa pizza è bellissima! — Куэста пiцца э беллiссiма! — Гэта піца проста цудоўная!
Grazie mille, meravigliosa! — Грацiе мiлле, мэравiльёза! — Вялікі дзякуй, выдатная піца!
Ho mangiato una pizza buonissima! — О манджато уна пiцца буонiссiма! — Я пакаштаваў найсмачнейшую піцу!
Davvero fantastica, grazie! — Даввэро фантастiка, грацiе! — Насамрэч фантастычна, дзякуй!