Даўні чытач Hrodna.life, уражаны тым, што “Гроднааблкінавідэапракат” падаў на рэдакцыю ў суд, вырашыў сам спраўдзіць рэпертуары гродзенскіх (і не толькі) кіно. А таксама пры нагодзе згадаў гольф, ідэолагаў і “захоп з удушэннем” як аргумент у спрэчцы.
Я таксама, як і журналістка з Менску, люблю добрае кіно. Праўда, найлепшым кінатэатрам у свеце для мяне была і застанецца “Чырвоная зорка”, што, зразумела, вельмі суб’ектыўна. З іншага боку, падобнае прызнанне моцна прасякнута настальгіяй ды не нясе за сабою юрыдычных наступстваў. Вось што па-сапраўднаму мяне раздражняе, дык гэта, калі адзіным метадам аргументацыі ў спрэчцы з’яўляецца “захват з удушэннем”. Што праўда, і ў гэтым выпадку ў Гародні ёсць тая-сяя традыцыя.

Парочыць, парочыць ды парочыць
Артыкул студэнткі-стажора з Менску з крытыкай рэпертуара мясцовых кінатэатраў, які нечакана скончыўся судовым разбіральніцтвам, мне не вельмі спадабаўся. Магчыма таму, што, як чалавека эпохі відэа-салонаў, “прыгнятаючае чырвонае царства лесвіц” наўрад ці ў стане мяне запалохаць, ды і адчуванне дэжавю ад старых афіш для правінцыйнага горада справа звычайная. Нават есць нейкі асаблівы каларыт, калі падаецца, што час затрымаўся і гэта – твой асабісты “Дзень Сурка” ў тры кінастужкі!

Ну, а тое, што сам фільм у выніку аказаўся “агідным”, зноў жа, справа суб’ектыўная. І ўсе ж такі, каб гэтыя алегорыі “парочылі дзелавую репутацыю”?! Як кажуць у нас у Гародні: “З гэткай рэпутацыяй вас варта парочыць, парочыць ды парочыць”…
Сем стужак – але ніводная не выцягне з дому
Але ж Суд – установа, якая аддае перавагу фактам. Тое, што сёння нядзеля – гэта факт [аўтар даслаў тэкст у нядзелю, 29 кастрычніка – рэд.]. Адчыняем раздел “Афіша” ў пашукавіку і вось вам расклад ЧАТЫРОХ гарадзенскіх кінатэатраў на выходныя: “Геашторм”, “Матыльда”, “Мы – монстры”, “Піла 8”, “Апошні асілак”, “Кінгсмэн”, “Скайплан”. Сем пазіцый, быццам бы і не блага? Іншая рэч, што ніводная з заяўленых стужах не ўстане прымусіць асабіста мяне пакінуць цёплую, утульную кватэру.

Хтосьці запярэчыць, што добра там дзе нас няма і ў такім суседнім Брэсце – надвор’е лепей, ды фільмы цікавейшыя. Дык не. Плюс шэсць, дождж, ды семь фільмаў, што праўда, на ДВА кінатэатры: усё тыя ж “Геашторм”, “Матыльда”, Піла…”. Праўда, ёсць адна істотная розніца – у мясцовым пракаце круцяць беларускі “Жоўты пясочак”!
А ў райцэнтрах – яшчэ горш
Гомель, Віцебск, Магілёў – дарма сталічная журналістка крыўдзіла нашых кінапатрыетаў. На ТРЫ кінатэатры ў Гомелі – семь стужак, на ДВА ў Віцебску – восемь! Нават у гэткім Магілёве з ягонымі ПЯЦЮ кінатэатрамі – 11 (!) розных карцін, з якіх самым прывабным падаўся кінафестываль “Анімаёўка”.

У райцэнтрах кінажыццё дык наогул трывае вакол АДНОЙ-адзінай кропкі. Пінск, Ліда, Наваполацак, Наваградак. Не змяняецца толькі назва фільмаў: усё тыя ж “Геашторм”, “Матыльда” ды “Піла”. Дык варта ж было аўтару крытыкаваць? Тым больш, у маленькіх гарадах жывуць людзі з вялікім сэрцам. Іх вельмі проста параніць…
У Мінску і Беластоку – выдатна. Але ці магчыма тое ў Гродне?
Але, пачакайце. Застаўся яшчэ стольны-град Менск, адкуль і прыехала журналістка, з ягонымі ДВАЦЦАЦЮ кінатэатрамі. Сёння там агулам можна выбіраць сярод 26 (!) пазіцый. Да ўжо пералічыных вышэй дадайце, калі ласка: “Галем”, Салют 7” (толькі што быў у гарадзеніскім пракаце), “Зроблена ў Амерыцы”, “Оскар шотс”, “Далека на Поўначы”, “Рэальны Роккі”, “Шанхайскі перавозчык”, “Мой маленькі поні”, “Той, хто бяжыць па лязе” (быў)… Акрамя некалькі тэматычных зборак (як, напрыклад, “Кіна-хоррар” – прывітанне, Хелоўін), вельмі прыемна было даведацца пра стужку “Манэ: жыцце на халсце”. Зноў жа, як казалі класікі: “Вось зараз я разумею, што значыць якасны, айчынны кінапракат”?

Толькі ці можна тое паўтарыць у Гародні? Добрае пытанне. Не збіраюся нікому даваць парады, але яшчэ не так даўно тая ж “Чырвоная зорка” з кінаклубам “Ракурс” была ў стане рабіць гэткія кінапрэм’еры, якія і Менску нават не мроіліся. І ўжо гэтага аднаго хапала, каб у мясцовых кінаманаў стварыць уражанне свята. Вось толькі ці то ідэолагі тады былі іншымі, ці трава на полі для гольфа ніжэйшай, баюся, гэтага нават Суд гэтага не ведае.
P.S: Як казаў голас за кадрам у кінашэдэўры “Сямнаццаць імгненняў вясны”: “Інфармацыя да роздуму”. Беласток, Польшча, цэнтр Падляшскага ваяводства. Тры гадзіны бусам ад “Чырвонай зоркі”. ПЯЦЬ вялікіх кіназалаў (пры падобным насельніцтве) і 22 (!) стужкі. Адное радуе – у іх так сама ідзе “Піла”.
“Прыгнятаючае чырвонае царства лесвіц” раптам набірае новы сэнс…



