15 снежня падчас дабрачыннай акцыі, калі галоўны Дзед Мароз уключаў навагоднюю ілюмінацыю ў горадзе, гродзенцы сабралі шмат корму для бяздомных жывёл. Усё перададзенае павінна было адправіцца ў пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл САГ. Але ў сацыяльных сетках пачаліся дыскусіі: нібыта валанцёры так і не дачакаліся корму для жывёл. Hrodna.life разабраўся ў сітуацыі.
Адразу карміць жывёл нельга
Ініцыятарам дабрачыннай акцыі выступіў аддзел культуры Гродзенскага гарвыканкама, рабілася гэта спецыяльна напярэдадні надыходзячага года сабакі. Да акцыі за некалькі дзён далучыліся гараджане і прадпрыемствы горада. У выніку было сабрана шмат корму, які 18 снежня перадалі ў пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл.
«Мы забралі ўсё сабранае на акцыі і завезлі на прадпрыемства, і цяпер корм захоўваецца на складзе, – расказвае майстар участка №4 САГ Алег Алешка. – Адразу карміць жывёл мы не можам, трэба ўсё ацаніць і паставіць на прыход па кошту. Толькі пасля таго, як усё з’явіцца ў нас у справаздачы, мы зможам выдаваць. Корм, які прывезлі нам, валанцёраў не тычыцца, яны яго не могуць бачыць, бо ён на складзе. Валанцёры кормяць жывёл кашамі і косткамі, мы ж купляем сухі корм і выдаем строга ў прызначаны час”.

Займаецца жывёламі каля шасці чалавек
На сённяшні дзень у САГу складзена больш за 60 дагавораў з валанцёрамі, якія могуць прыходзіць карміць і выгульваць жывёл. Робяць валанцёры гэта бясплатна ў свой вольны час.
«Рэальна мы бачым, што ў нас займаецца жывёламі каля шасці чалавек. Так, валанцёры робяць добрую працу, і мы зацікаўлены ў іх сяброўстве. Але ёсць і «пісьменнікі», якія не ведаюць, што адбываецца насамрэч з жывёламі. Такім людзям абы пісаць і нагнятаць абстаноўку», – дадаў майстар.
Валанцёры гатуюць гарачую ежу і выгульваюць жывёл штодня акрамя нядзелі і святаў. У гэтыя днi рабіць гэта на тэрыторыі прадпрыемства забаронена, бо ў супрацоўнікаў выходны.
Важна знайсці кампраміс
У пункце часовага ўтрымання безнаглядных жывёл па стане на 20 снежня знаходзіцца 46 сабак. Месца ў трох вальерах для жывёл пакуль хапае.
“Дзякуючы працы валанцёраў, гараджане актыўна бяруць сабак на ўтрыманне. Папулярнасцю карыстаюцца не толькі шчанюкі, але і іншыя сабакі, нават хворыя, – распавядае валанцёр Іна. – Мы зацікаўлены, каб жывёлы знайшлі новы дом. Сабак у САГ прыносяць часта. Мы людзям стараемся растлумачыць , што гэта не прытулак, што тут жывёл могуць усыпіць, але не ўсе гэта разумеюць. Іншы раз проста падкідаюць сабак.
Таксама сёння для нас важна знайсці кампраміс з майстрам пункта і начальствам САГа, каб нам у далейшым камфортна разам працавалася, каб не было такога, што мы не можам падчас дзяжурства знайсці якога-небудзь сабаку. У нас адзіная ўмова – гуманнае стаўленне да жывёл”.


















