Шоп-туры ў Беласток доўгія гады былі часткай паўсядзённага жыцця гродзенцаў: па адзенне, хімію і тавары для дома ў польскі горад ездзілі як у суседні раён. Цяпер пункты пропуску «Кузніца» і «Баброўнікі» зноў запрацавалі. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, што адбываецца з шоп-турамі, якія прапановы з’явіліся пасля адкрыцця мяжы і ці ёсць рэальныя варыянты для гродзенцаў. Некаторыя прапануюць і візавую падтрымку.
Як выглядалі «класічныя» шоп-туры з Гродна
«Класічны» шоп-тур у Беласток у лепшыя часы выглядаў так: ранняй раніцай маршрутка забірала пасажыраў па раёнах горада. Дарога разам з праходжаннем мяжы займала некалькі гадзін. Маршруткі ездзілі праз «Кузніцу», а крыху пазней — праз «Баброўнікі», і неўзабаве турысты апыналіся ў Беластоку.
Звычайна маршрут пачынаўся з Кавалерыйскага рынку, затым ішлі гандлёвыя цэнтры — Galeria Atrium Biała або Alfa Centrum Białystok, а завяршаўся наведваннем гіпермаркета Auchan. Яшчэ некалькі гадзін дарогі назад, і вось вы дома.
Кошт шоп-тура ў 2019 годзе складаў 16 рублёў (каля $ 7). І, вядома, прапаноў было вельмі шмат.

Начныя туры і спробы адаптавацца
Пасля закрыцця найбліжэйшых да Гродна памежных пераходаў турфірмы адаптаваліся і пачалі прапаноўваць паездкі з начлегам. Дабіраліся ў Польшчу часцей за ўсё праз Літву. Час у дарозе павялічыўся, як і кошт: за начлег у гасцініцы разам са сняданкам трэба было даплаціць каля 110 злотых ($ 30). Сама паездка каштавала 150 рублёў ($ 52). Большасць прапаноў была з Мінска, але ездзілі так і з Гродна.
Сітуацыя змянілася пасля 1 сакавіка 2024 года, калі Літва забараніла ўезд і выезд турыстычных аўтобусаў, пакінуўшы толькі рэгулярныя рэйсы. На мяжы з Польшчай пры гэтым працаваў толькі памежны пераход «Брэст». Гэта прывяло да велізарных чэргаў. Праходжанне мяжы ў Польшчу стала займаць ад 18 да 32 гадзін у адзін бок. Нават рэйсавыя аўтобусы, якія маюць прыярытэт перад турыстычнымі, спазняліся на 8−12 гадзін.
Да таго ж, з 1 красавіка 2024 года скарацілі нормы ўвозу тавараў у Беларусь: да 25 кілаграмаў вагой і агульным коштам не больш за 500 еўра. Гэтыя фактары зрабілі ранейшы фармат гродзенскіх шоп-тураў немагчымым.

У Брэсце выезды па пакупкі ў суседнюю краіну захоўваліся даўжэй. Ездзілі мікрааўтобусамі на 15−21 месца з прычэпамі. Часцей за ўсё наведвалі Бялу-Падляску на самой мяжы з Беларуссю. Былі і рэйсы ў Беласток, хоць такіх тураў было прыкметна менш.
В Бресте выезды за покупками в соседнюю страну сохранялись дольше. Ездили микроавтобусами на 15−21 место с прицепами. Чаще всего посещали Бялу-Подляску на самой границе с Беларусью. Были и рейсы в Белосток, хотя таких туров было заметно меньше.
Чытайце таксама: Вільня заменіць Беласток? Як выглядалі шоп-туры ў Польшчу і Літвуў 2023 годзе
Першыя прапановы пасля адкрыцця КПП: большасць пакуль з Мінска
Цяпер жа, калі КПП побач з Гродна зноў функцыянуюць, у сеціве з’явіліся першыя прапановы паездак у Беласток. Іх пакуль няшмат, што зразумела — атрымаць візу ў Польшчу цяпер значна складаней, чым раней.
На турыстычным партале vp.by ёсць усяго пяць прапаноў шоп-тураў у Польшчу — і ўсе яны з Мінска. Фірма «Нова Тур» прапануе паездку ў Беласток за 145 рублёў. Выезды — 19 і 21 снежня, а таксама 4, 9 і 11 студзеня 2026 года. У праграме наведванне Кавалерыйскага рынку, Galeria Atrium Biała, Alfa Centrum Białystok, а таксама гандлёвых аб’ектаў Auchan, Leroy Merlin (крама з таварамі для будаўніцтва і дома) і Selgros (крама прадуктаў і не толькі, дзе цэннік залежыць ад колькасці набытага).
Турфірма «Кактус-тур» (Kaktus Tour) прапануе як кароткі тур за 150 рублёў, так і паездку з начлегам у трохзоркавым атэлі Беластока і сняданкам за 195 рублёў. Выязджаюць з Мінска кожную пятніцу і нядзелю.

Шопінг і экскурсіі
Некаторыя агенцтвы таксама прапануюць трохдзённыя туры, якія спалучаюць шопінг і экскурсіі. Такую мікс-паездку ў Беласток прапануе кампанія «Сандыта». Акрамя шопінгу ў гандлёвых цэнтрах, у тур уваходзіць начлег у гатэлі Gołębiewski і наведванне Супрасля — невялікага мястэчка, дзе знаходзіцца Благавешчанскі манастыр і ікона Супрасльскай Божай Маці.
Кошт такога тура — 145 еўра. Бліжэйшыя даты: 19−21 снежня 2025 года і 2−4 студзеня 2026 года. Паездка разлічана на беларусаў, у якіх ёсць візы.

Кампанія «ЯвашТур» таксама арганізуе шоп-туры з выездам з Мінска. Візавай падтрымкай фірма не займаецца. Тур каштуе 150 рублёў, выезды — кожную пятніцу і нядзелю: 19, 21, 26, 28 снежня. Аўтобус перасякае мяжу праз КПП Бераставіца — Баброўнікі. У праграме — крамы duty free, начны рынак Fasty (калі дазволіць час праходжання мяжы), Кавалерыйскі рынак, гандлёвыя цэнтры і гіпермаркет Auchan.
Што прапануюць у Гродне: ёсць візавая падтрымка
Прапаноў для гродзенцаў цяпер зусім няшмат. Адну з іх прадастаўляе кампанія LEMITRAVEL. Яна арганізуе выезды ў Беласток з Гродна і Мінска кожную сераду і суботу.
У праграме — наведванне Кавалерыйскага рынку, гандлёвых цэнтраў Galeria Atrium Biała і Alfa Centrum Białystok, гіпермаркета Auchan, а таксама Leroy Merlin і Media Markt. Турыстычная кампанія дапамагае і з афармленнем візы ў Польшчу. Кошт шоп-тура для гродзенцаў, па словах чытачоў Hrodna.life, якія звярнуліся ў кампанію, складае 100 рублёў — калі ёсць віза.
Раз на месяц LEMITRAVEL фарміруе групу для шоп-тура з начлегам, куды ўключана і візавая падтрымка. Кошт такога падарожжа складае 400 рублёў плюс 20 еўра (візавы збор не ўваходзіць). Для жыхароў Гродзенскай вобласці падача дакументаў на візу праходзіць праз візавыя цэнтры ў Гродне або Лідзе.


