Вясельная мода цягам стагоддзя змянялася не раз: ад доўгіх сукенак пераходзілі да міні, ад фаты адмаўляліся на карысць каплюшыкаў і кветак. Гісторыя вясельнага стылю захавалася ў фотаздымках гродзенцаў.
Некалькі соцен такіх фотаздымкаў сабралі вучні і вучаніцы Гродзенскай гімназіі № 7, але выбралі з іх толькі 99. На гэтых фотаздымках — вясельныя пары, што ўзялі шлюб у Гродне ў розныя гады ХХ стагоддзя.
Гімназісткі Любоў Булько і Кацярына Пятрова пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Алены Фіронавай даследавалі, як змянялася вясельная мода ў нашым горадзе і якія строі выбіралі для шлюбу мамы і бабулі. Графічную рэканструкцыю тыповых вясельных сукенак з Гродна зрабіла выпускніца гімназіі Ганна Шматко.
«Хоць краем свядомасці большасць дзяўчынак думае пра будучы шлюб: уяўляе сабе вясельную сукенку ці марыць пра нейкі незвычайны строй. Для больш сталых жанчын успаміны пра вяселле таксама па большасці пазітыўныя, бо яны ў дзень шлюбу былі маладымі, прыгожымі, акрыленымі каханнем», — мяркуе Алена Фіронава.
Праз тое прапанову даследваць тэму гімназісты і настаўнікі прынялі з цеплынёй. «Збіралі здымкі „усім мірам“, дзеці прыносілі выявы сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў. Выкладчыкі таксама падзяліліся ўласнымі фотаздымкамі. Найбольш складана было выявіць тыя вяселлі, што адбываліся менавіта ў Гродне. Калі бачылі не нашы ЗАГСы, то адхілялі здымкі».
Асаблівасць строяў гродзенскіх нявестаў, на думку даследчыц, у большай блізкасці да Еўропы. У нашым горадзе часцей сустракаліся вясельныя ўборы з-за мяжы, альбо шылі вясельныя сукенкі пад уплывам заходняй моды. Таксама паўплывала на вясельную моду палітыка. У розныя часы ХХ стагоддзя Гродна ўваходзіла ў склад чатырох дзяржаваў - Расійскай імперыі, Другой Рэчы Паспалітай, Савецкага Саюзу і Рэспублікі Беларусь. Праз гэта ўборы гродзенскіх нявестаў былі больш разнастайнымі ў параўнанні з іх равесніцамі з усходу Беларусі.
Нявесты 1900-х - вянок і доўгая фата
Як высветлілі даследчыцы, на пачатку ХХ стагоддзя небагатыя гараджанкі выходзілі замуж у сукенках простага крою з доўгімі рукавамі і падкрэсленай таліяй. Колер сукенак традыцыйна быў белым. Галаву ўпрыгожваў вянок і доўгая фата.
Але ужо ў 20-х гадах у моду ўвайшоў стыль ар-дэко. Сілуэты сукенак сталі больш геаметрычнымі, а даўжыня — меншай. Вянкі змяніліся капялюшыкамі-кацялкамі, упрыгожанымі кветкамі. Дадаліся і аксесуары — сумачкі і пальчаткі.
Першыя савецкія нявесты — «не» мяшчанству і маміны сукенкі
З прыхродам Савецкай улады вясельныя строі ў Гродне на пэўны час перасталі быць актуальнымі. З аднаго боку гэтаму спрыяла нястача і паваенная разруха, з іншага — новая ўлада не падтрымлівала «мяшчанскія» перажыткі.
Гродзенскія маладажоны 1940−1950 таксама не шмат маглі сабе дазволіць. Жаніхі звычайна былі ў ваенным адзенні, нявесты — у той сукенцы, якая мелася ў гардэробе. У лепшых выпадках іх вылучалі з шэрагу гасцей вянок з фатою. Часта расказвалі, што ўпрыгожанні, туфлі ці бусы на вяселле дзяўчаты пазычалі ў сябровак.У гэты час таксама выкарыстоўвалі сукенкі, што засталіся «ў куфрах» ад мінулых часоў - матчыны ці знаёмых жанчын.
1960-я: вясельнае міні і вяртанне фаты
Вяртанне да традыцыі вясельных сукенак адбылося ў канцы 1950−1960 гадах. Спачатку прыйшлі проста ўрачыстыя сукенкі, якія можна было адзяваць пры нагодзе і пазней, а пасля вярнуўся і белы колер. У моду ўвайшлі вясельныя сукенкі-міні простага крою з сілуэтам-трапецыяй. Паводле даследчыц, гэта звязана з коштам тканіны і яе дэфіцытам. Абявязковым дадаткам да строю нявесты сталі лакавыя туфлі і кароткая фата.
1980−1990-я: Прынцэсы ў сукенках-торт
Пачатак 1980-х вярнуў у гродзенскую вясельную моду рамантычны стыль і доўгія сукенкі. Піскам моды стаў гіпюр. Фата ў нявестаў стала шматяруснай. Купіць такія ўборы можна было ў вясельным салоне на Свярдлова. Аднак — толькі па талонах з ЗАГСаў.
Адметнасцю нявестаў 1980-х сталі сукенкі-торты з мноствам карунак, стужак і валанаў. У моду ўвайшлі каляровыя сукенкі - ружовыя, блакітныя ці крэмавыя. Модным галаўным уборам нявесты лічыўся капялюш з шырокімі палямі.У канцы 1980-х гродзенскія нявесты часам адмаўляліся ад фаты, замяняючы яе на ўпрыгожанне прычоскі кветкамі. А 1990-я падарылі нявестам выгляд прынцэс — сукенкі сталі яшчэ больш пышнымі дзякуючы крыналінам, а вянкі замяніліся на капялюшыкі-джульеткі, што аддалена нагадвалі сярэднявечны галаўны ўбор.Не зазорным лічылася і пазычыць вясельны строй у замужняй сяброўкі. Гімназісткам нават удалося знайсці здымкі вясельнага строю, што ў розныя гады выкарысталі дзве нявесты.
Вясельная маляванка
Яшчэ адным вынікам даследвання стала графічная рэканструкцыя вясельных строяў. Яе зрабіла выпускніца гімназіі Ганна Шматко, зараз — студэнтка мастацкага факультэта. У дадатак да строяў мінулага стагоддзя ў маляванцы з’явіўся і адзін строй пачатку ХХІ - строй з сілуэтам-русалкай.
Зараз даследчыцы праводзяць у пачатковай школе майстар-класы для дзяўчынак па размалёўцы эскізаў. Хаця строй нявесты звычайна пакідаюць белым, маляваць ёсць што, запэўнівае Алена Фіронава. «Дамалёўваюць пярсцёнкі, браслецікі, кветкі. Дадаюць пейзажы за спіной нявесты. Дзяўчынкам вельмі падабаюцца такія заняткі і самі назвы сукенак, кшталту „торт“ ці „русалка“. Нашы майстар-класы распісаны на некалькі месяцаў наперад».
Высока ацанілі працу даследчыц і прафесійныя гісторыкі. Праект ужо атрымаў дыпломы навуковых канферэнцый для школьнікаў у Гродне і Смаленску.
На думку Алены Фіронавай, сабраныя падчас даследванняў матэрыялы будуць і ў далейшым выкарыстоўвацца ў гімназіі на ўроках «жывой гісторыі». А ў планах аматараў гродзенскага краязнаўства ўжо новы праект. Гэтым разам гімназісты разам з настаўніцай зацікавіліся паваеннымі рэстаранамі і сталоўкамі Гродна.