Ігару 54 гады і вялікую частку жыцця ён займаецца індзеяністыкай. Яшчэ ў дзяцінстве ён пазнаёміўся з гісторыяй карэнных плямёнаў Амерыкі і з тых часоў вывучае гэтую тэму. У яго ёсць свой касцюм, а таксама група аднадумцаў, якая ўтварылася яшчэ ў 1980-я.

Рух індзеяністаў быў папулярным сярод савецкай нефармальнай моладзі. Пра іх з сярэдзіны 1970-х час ад часу пісала савецкая прэса, у асноўным дзіцячыя і моладзевыя выданні. Праз газеты людзі з розных гарадоў знаёміліся.

Якія ў Гродне індзейцы?

У дзяцінстве Ігар збіраў фігуркі індзейцаў, а ў сярэдзіне 1980-х пазнаёміўся з гродзенцамі, якія пачыналі займацца рэканструкцыяй побыту карэнных народаў дзвюх Амерык.

«У індзеяністыку мяне прывёў мой таварыш. Мы былі яшчэ дзецьмі, бегалі па Пышках і потым ён нечакана прапанаваў пайсці на „белы камень“ — так мы называлі Мелавыя горы. Ён казаў, што там збіраліся гродзенскія індзейцы. Я падумаў: якія ў Гродне індзейцы? Прыйшлі на месца, а там ужо было некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак. Моладзь старэйшая за мяне і ўсе яны захапляліся побытам і гісторыяй індзейцаў. У будучыні такіх людзей сталі называць індзеяністамі».

Макасіны за 180 $, трубка міру за 200 $. Як «Дзіўны» з Гродна стаў індзейцам
Ігар надзявае аксэсуары. Індзейцы вельмі любілі разнастайныя ўпрыгожванні, надаючы ім святы сэнс, лічачы абярэгам ад злых духаў

Сур’ёзным індзеяністам стаў пасля войска

Індзеяністы — людзі, якія захапляюцца і якія займаюцца вывучэннем культуры індзейцаў. Звычайна чалавек спецыялізуецца на нейкім асобным народзе. Папулярныя некалькі найбольш вядомых плямёнаў раёнаў Вялікіх Раўнін ці ўсходніх лясоў Паўночнай Амерыкі.

«На першых этапах у гродзенцаў было вартае жалю падабенства касцюмаў. Звычайныя кеды замянялі макасіны. Тасьму і махры куплялі і нашывалі на штаны, выглядала як лампасы. На першых этапах гэтыя людзі мала чым адрозніваліся ад хіпі. Мне было цікава за гэтым назіраць. Мы гулялі ў вайнушку, адзін аднаму расказвалі гісторыі пра індзейцаў. Але сур’ёзным індзеяністам я стаў толькі пасля войска».

Ігар вярнуўся з войска ў 1987 годзе. Ён шукаў адмысловую літаратуру і працягваў вывучаць гісторыю індзейцаў. Бліжэй да распаду СССР гродзенскі рух пачаў набіраць папулярнасць.

«Пасля войска я сустрэў знаёмага і ён прапанаваў мне зноў далучыцца да руху. Я прыйшоў на сустрэчу, а там столькі знаёмых асоб, усе нешта распавядаюць, дзеляцца інфармацыяй. Гродзенскія індзеяністы прыкметна змяніліся: з’явіліся касцюмы, у кагосьці з вышыўкай бісерам, дзесьці з іголкамі дзікабраза. Прымітыўна ўсё было, але быў вялікі інтарэс. Гэта мяне і прыцягнула. Мы сталі наладжваць кантакты з такімі ж хлопцамі з іншых гарадоў Саюза».

Макасіны за 180 $, трубка міру за 200 $. Як «Дзіўны» з Гродна стаў індзейцам
Ігар у 1990-я гг.

Расшыць камізэльку бісерам — 700 долараў

У савецкі час было няшмат інфармацыі пра індзейцаў Амерыкі, але па кнігах і малюнках гродзенцы спрабавалі ўзнавіць побыт старажытных плямёнаў.

«У савецкі час інфармацыі было значна менш, чым цяпер. І яна яшчэ была трохі ідэалагічная: індзейцы пакутуюць ад зласлівых буржуяў. Пасля распаду Саюза, дзесьці ў 1990-я, адбыўся росквіт індзеяністыкі ў Гродне. Мы ездзілі ў Піцер і іншыя гарады на з’езды».

З’езды сярод індзеяністаў называюць паў-ваў - у перакладзе гэта азначае сход карэнных амерыканцаў (native Americans, natives). Назва паходзіць з мовы наррагансет, ад слова powwaw, што азначае «духоўны лідар». Сучасны паў-ваў - спецыфічнае мерапрыемства, на якім індзеяністы і рэканструктары збіраюцца і аднаўляюць лагер і побыт індзейцаў, танчаць, спяваюць, а таксама абмяркоўваюць гісторыю і культуру старажытных народаў Амерыкі.

Макасіны за 180 $, трубка міру за 200 $. Як «Дзіўны» з Гродна стаў індзейцам
На з’ездзе ў 2004 годзе на рацэ Котра
«Мы ў Гродне займаемся толькі індзейскімі плямёнамі Паўночнай Амерыкі. Часткова Канада і да паўднёвага захаду ЗША. Мне больш падабаюцца Апачы, камусьці падабаюцца Шаены. Я вельмі люблю чытаць літаратуру пра індзейцаў. У мяне ёсць свой касцюм. Паха (галаўны ўбор) рабіў мне бурат з Санкт-Пецярбурга, ёсць сумка для свяшчэннай трубкі і сама трубка — усё гэта абышлося ў 235 долараў. Макасіны — 180 долараў. Я на гэтым не спынюся: хацеў бы камізэльку бісерам расшыць, гэта ручная работа і абыдзецца дзесьці ў 700 долараў».
Макасіны за 180 $, трубка міру за 200 $. Як «Дзіўны» з Гродна стаў індзейцам
Макасіны

Макасіны за 180 $, трубка міру за 200 $. Як «Дзіўны» з Гродна стаў індзейцам
Галаўны ўбор. Вянок з пёраў
Макасіны за 180 $, трубка міру за 200 $. Як «Дзіўны» з Гродна стаў індзейцам
Свяшчэнная трубка і пояс

Індзейская вёска пад Гродна для дзяцей

Ігар кажа, што сёння ў Гродне чалавек 10 чалавек займаюцца індзеяністыкай. У 1990-х зацікаўленых людзей было значна больш.

«У Гродне ўжо гадоў 15 як рух спыніўся. Перасталі выязджаць на паў-ваў, збіраемся радзей. Але мы сувязь не губляем і рэгулярна маем зносіны. І нас заўсёды клічуць у іншыя гарады. Сёння каля Гродна ёсць індзейская вёска, але гэта больш для дзяцей. Там я не бываю. Калі мне трэба, то я магу спакойна выбрацца ў лес — з духамі пагутарыць. Магу зрабіць сабе навес, магу турыстычную палатку ўзяць. Але з-за занятасці апошнім часм рэдка выбіраюся ў лес. Улетку быў усяго адзін раз».

Амерыканская мара

Гродзенец у будучыні хацеў бы павандраваць па Паўночнай Амерыцы, наведаць знакавыя для індзейцаў месцы. Але некалькі гадоў таму яму адмовілі ў амерыканскай візе.

«У мяне ёсць мара — заехаць у некалькі месцаў і ўбачыць сапраўдных індзейцаў. Жывога індзейца я ніколі не бачыў. Мінскія калегі распавядалі, што неяк адзін з Наваха прыязджаў. Завялі яны яго ў сталічны музей і калі ён убачыў слуцкія паясы, то пачаў крычаць: „арапаха“! Гэта ў іх падобныя паясы былі. Аказваецца, у нас шмат агульнага».

Макасіны за 180 $, трубка міру за 200 $. Як «Дзіўны» з Гродна стаў індзейцам
Індзеяністы з Гродна называюць Ігара «дзіўным»

У мінулым жыцці мог быць індзейцам

Сярод індзеяністаў Ігар вядомы як «Дзіўны». Такую мянушку яму далі гродзенцы, хоць і спрабавалі яго спачатку называць «Самотны воўк».

«Я сказаў, што не хачу быць такім, таму што як назавеш карабель, так ён і пойдзе. А чаму «Дзіўны»? Можа, з-за маіх паводзін.

Чаму вучыць індзеаністыку, адразу так і не скажаш. Гэта з гадамі прыходзіць. Хтосьці, магчыма, шкадуе пра страчаны час, а хтосьці жыве гэтым і гэта яго натхняе, як мяне.

Мы неяк з калегам Амахам хадзілі да аднаго з вучняў расійскага астролага Паўла Глобы і спрабавалі вылічыць, кім мы былі ў мінулым жыцці. Па натальнай карце ён вызначыў, што мой гродзенскі таварыш быў народжаны ў 1830-я на тэрыторыі сучаснай Небраскі. І я паспрабаваў, карат паказала поўдзень Паўднёвай Амерыкі - сучасная Аргенціна або Чылі. А там роуканы жылі, тыя з кім не варта варагаваць. Звалі іх паўднёваамерыканскімі Апачы. Так што можна меркаваць, што індзеяністыка для мяне нешта большае чым хобі".

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life