Калі закрануць тэму неіснуючых цяпер прыгожых дамоў старога Гродна, то расказаць пра дом на вуліцы Татарскай трэба ў першую чаргу.
Пачнем з таго, што Гродна пачатку ХХ ст. быў горадам кантрастаў. Так як цяпер суседнічаюць стогадовыя камяніцы і сучасныя банкаўскія будынкі са шкла і бетона, так і некалі - каля зусім новых тады дамкоў з жоўтай цэглы стаялі драўляныя шляхецкія асабнякі, якія быццам сышлі са старонак раманаў Генрыка Сянкевіча.
Да пажара 1885 г. увесь цэнтр горада амаль суцэльна быў драўляны. Пасля пажара дамоў, зробленых з гэтага прыгожага, але недаўгавечнага матэрыяла, заставалася няшмат. Такія дамы хаваліся ў глыбіні вуліц, каля ручаёў, над абрывамі.
За тытунёвай фабрыкай на вуліцы Кляшторнай стаяў дом Ромеляў з садам, над Нёманам, дзе цяпер школа-ліцэй № 1, дом палкоўніка Баркоўскага. Аднак самым маляўнічым быў дом на вуліцы Татарскай.

Упершыню яго заўважыў гісторык Юзаф Ядкоўскі, належным чынам апісаў, замаляваў і нават размясціў малюнак у сваёй манаграфіі «Гродна», надрукаванай у 1922 г.

Паводле Ядўкоўскага, гэты вялікі дом быў класічным прыкладам шляхецкай сядзібы XVIII, а магчыма і XVII стагоддзя, і быў равеснікам лямуса ў кляштары брыгітак. Высокі дах, крыты дранкай, атынкаваныя драўляныя сцены і ганак такіх шляхецкіх сядзіб натхнілі міжваенных польскіх архітэктараў да стварэння так званага «дварковага стылю», прыклады якога можна ўбачыць на гродзенскіх вуліцах 17 Верасня, Свярдлова, Мядовай. Сядзіба на Татарскай вуліцы акурат і была адным з класічных правобразаў гэтага стылю.

У 1920-х гг. гэты будынак сфатаграфаваў вядомы віленскі фатограф Ян Булгак, які, таксама як і Юзаф Ядкоўскі, выдатна адчуваў мясцовы каларыт і добра ведаў гісторыю.
Дом так і не дачакаўся аднаўлення ў міжваенныя гады і згарэў у вогненым смерчы ў ноч на 22 чэрвеня 1941 года. Таксама як і ўсе кварталы вакол Сяннога Рынка. Такіх вось утульных дамоў з прыгожымі дворыкамі ў глыбіні вуліц сучаснаму Гродна хіба не хапае найбольш.