Калі дзяцей распытваюць пра харчаванне ў школьных сталоўках, яны часцей за ўсё ўзгадваюць пра катлеты і «нейкія» кашы. Бацькі, якім не падабаецца такая ежа, збіраюць для школьнікаў ссабойкі. Чыноўнікі ж ў чарговы раз распрацоўваюць рэформу школьнага харчавання. Hrodna.life разам з чытачамі разбіраўся, што ёсць паесці ў школах зараз і якія змены чакаюць школьнікаў далей.
Сын чытачкі Hrodna.life Наталлі (імя зменена) вучыцца ў школе № 15. З яго слоў жанчына так апісвае меню:
«Звычайна на абед даюць кашы (сын рэдка можа іх апазнаць) з „нейкім“ мясам. Бываюць катлеты і запяканкі, тварожныя сыркі. З садавіны даюць толькі яблыкі. Раней былі коржыкі. Зараз іх няма і дзеці скардзяцца».
Дачка чытачкі Hrodna.life Кацярыны (імя зменена) вучыцца ў адной са школ Ленінскага раёна Гродна.
«У школе, дзе вучыцца маё дзіця, харчаванне нясмачнае і аднастайнае. Чатыры разы на тыдзень на абед катлета - курыная, свіная, рыбная ці пячоначная. На гарнір звычайна каша — пярлоўка, пшонка ці грэчка. Часам бываюць макароны. Піць даюць кампот, кісель ці салодкі чай. Салатаў са свежай гародніны няма зусім. Дзеці слаба ядуць такія абеды. Мая дачка сталоўскія кашы не есць увогуле, а пра катлеты кажа, што яны ўжо надакучылі».
«Мая дачка вучыцца ў пачатковых класах 41-й школы, — распавяла для Hrodna.life Марыя (імя зменена). — Школьнае харчаванне ёй не падабаецца. Рэдка калі нешта там есць».
Сітуацыю са школьным харчаваннем ўжо не першы раз спрабуюць палепшыць. У 2023 годзе плануюць пашырыць меню школьных сталовых. Там можа з’явіцца гародніна, прыгатаваная па пары, і хот-догі, а выпечку ўласнай вытворчасці будуць рабіць з паменшанай колькасцю цукру.
Чытайце таксама: Былога дырэктара гродзенскага КШП асудзілі на 5 з паловай гадоў калоніі
У школьных буфетах больш не будзе шакаладу і зефіру, але з’явяцца кукурузныя палачкі, хлебцы, цукеркі з ягад і садавіны. Зараз тут павінна прадавацца толькі прадукцыя з пазнакай «для дзіцячага харчавання» ці «для школьнага харчавання». Напрыклад, печыва-саломка з паніжаным утрыманнем цукру і павялічанай колькасцю кальцыя і вітамінаў. Рэцэптура прадукцыі для дзяцей распрацавана сумесна з Акадэміяй навук. Пра гэта напачатку года паведамілі «Минск-Новости». Таксама ў буфетах павінна з’явіцца больш ёгуртаў, тваражкоў, малочных кактэйляў і сокаў.
Разам з меню і асартыментам зменіцца і арганізацыя харчавання. Плануецца адмяніць сняданак, а на абед пабольшыць порцыі. Мяркуюць, што раніцай дзеці кепска ядуць, бо пад’елі ўдома і яшчэ не адчуваюць голад. Школьны абед плануюць зрабіць пасля трох — чатырох урокаў.
Праверыць, ці спрацуе такі падыход, вырашылі эксперыментальным шляхам. Для гэтага на новую сістэму харчавання спачатку перавялі па некалькі школаў з кожнага рэгіёна краіны.
Чытайце таксама: Чем будут кормить в школах и сколько это стоит
У Гродзенскай вобласці эксперыментальнымі сталі школа № 37 у Гродне, школа № 1 у Шчучыне і Вярэйкаўская сярэдняя школа. Тут ад 19 снежня да 30 красавіка дзеці харчуюцца па новых правілах. На абед у межах эксперымента прапануецца на выбар два комплексы — з супам і без. Такім чынам спрабуюць высветліць, якім стравам дзеці аддаюць перавагу.
Таксама ад пачатку года змянілася арганізацыя аплаты за школьнае харчаванне. Зараз не будуць аплочвацца дні, калі дзеці адсутнічалі на занятках. Бацькам трэба напярэдадні сказаць настаўніку, што сына ці дачкі не будзе ў школе. Аплату харчавання бацькам трэба рабіць штомесяц не пазней за 25-е чысло.
Пакуль жа вырашаць, як не пакінуць ўласных дзяцей без звыклай ежы, бацькам даводзіцца самастойна.
«Зараз дачка ў пачатковай школе, і мы не плацім за харчаванне, — пракаментавала для Hrodna.life Марыя. — З пятага класа, калі сітуацыя не зменіцца, буду збіраць ёй бокс з ежай. Бо плаціць за тое, што дзіця не збіраецца есці, я не буду. Было б някепска даць дзяцям выбар. Тады разумна за гэта заплаціць».
«Мой 14-гадовы сын не харчуецца ў школе, не бярэ ссабоек і нічога не купляе ў буфеце, — сказала Hrodna.life Святлана (імя зменена). — І сняданак, і абед ён есць дома. Кажа, што яму так лепш. Ён вельмі пераборлівы ў ежы, гэта звязана з пэўнымі асабістымі пытаннямі».
«Даю з сабой бутэрброды і садавіну ці печыва на салодкае, — распавяла Hrodna.life Марыя, — іншую ежу ў школе няма дзе пагрэць. Ды і не дазволяць гэта рабіць дзецям».
«Буфета ў нашай школе няма, — расказала Hrodna.life Кацярына. — Збіраю дачцэ ссабойкі. Пра змены мяркую, што было б добра ўвогуле прыбраць супы са школьнага меню. Прынамсі, малочны суп — дакладна. Яго ядуць 1 — 2 чалавекі з класа. Спажыўчая каштоўнасць супоў сумнеўная, ды і дзеці не вельмі іх любяць. Лепш бы давалі салаткі са свежай гародніны. Таксама было б добра, каб стравы былі больш разнастайнымі, а напоі каб гатавалі без цукру».
Чытайце таксама:
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…