Распавядаючы новую тэму, матэматыкі ў беларускіх школах павінны звесці лічбы да памятных дат — напрыклад, 3 ліпеня (Дзень незалежнасці). Настаўнікі замежнай мовы, паказваючы замежныя славутасці, павінны прыводзіць і беларускія. Да даносаў пакуль не дайшло, але абмяркоўваць палітыку і начальства калегі могуць толькі ў вузкім коле. Hrodna.life пагаварыў з настаўнікам з Гродна пра тое, як уладкавана адукацыя ў 2024 годзе.
Матэматыка + палітыка = ідэалогія
Калі браць працу класнага кіраўніка, адна з праблем — гэта ідэалогія. Наогул, ідэалогія цяпер прысутнічае ў кожным закутку школы. Напрыклад, «выхаваўчы патэнцыял» урока — калі ты на сваім прадмеце павінен падвесці да ідэалогіі. На матэматыцы трэба звесці лічбачкі, напрыклад, да памятных дат накшталт 3 ліпеня. На ўроку замежнай мовы ты павінен паказаць, як у краіне мовы нешта [уладкавана], і потым падвесці, як гэта добра ў нас. Паказалі славутасці, увялі новую лексіку, а потым трэба параўнаць. Крынжова выходзіць.
Раз у месяц праводзіцца «ШАУ» — Школа актыўнага грамадзяніна. На adu.by выходзіць метадычка — там яны скідваюць прэзентацыю, рэкамендацыі, тэкст. Ты па іх павінен правесці ўрок, сфатаграфаваць, даць справаздачу, што — «красаўчык», усё, як трэба, правёў. Былі метадычкі пра спартсменаў. Не было там ні Герасімені, ні гэтых, якія супраць. Там усё выверана — нічога лішняга не будзе. Улетку ты павінен праводзіць мерапрыемствы ў лагерах, паказваць гэтыя фільмы цудоўныя АНТ і БТ.
Былі мерапрыемствы, дзе распавядалі, што будзе за распаўсюд [экстрэмісцкіх матэрыялаў]. Сярод калектыву таксама праводзяцца такія мерапрыемствы. Падпісваюцца, што ты азнаёмлены, што калі гэта зробіш, то табе будзе тое і тое. Напрыклад, звольняць, па артыкуле пойдзеш. Нават калі ты суткі не сядзеў, а штрафам адкараскаўся, працаваць ты ўжо не будзеш. І далей ты ўжо нікуды ў дзяржструктуру не ўладкуешся. Таму што галоўнае — гэта характарыстыка, якая выпісваецца на папярэднім месцы працы. Там адзін з пунктаў - як ты ставішся да дзяржаўнага ладу. Прапішуць, што цябе звольнілі, бо ты быў асуджаны па такім і такім артыкуле. Працадаўца паглядзіць на тваю характарыстыку і «Давай, да пабачэння!».
Чытайце таксама: 3000 вакансій ёсць у Гродне. Але супрацоўнікі не могуць працаўладкавацца праз чорныя спісы
Напэўна, заўсёды было гэта ўсё, толькі не ў такой жудаснай форме. Ужо пасля 20-га года пачалося. Калі ты адзін на адзін з дзецьмі, ёсць магчымасць сказаць, што гэта так, а насамрэч вось так. Але трэба гэта акуратна рабіць, таму што дзеці прыйдуць дадому і раскажуць — бацькі розныя бываюць.
Да 20-га года можна было спакойна хадзіць на працу ў «Пагоні». Дзесьці сцяжок павесіць маленькі, значок на сумку. Ніхто ні слова не скажа. І мітынгі ж былі дазволеныя. А пасля 9-га жніўня рэзка — табу.
Чытайце таксама: Лідчаніна аштрафавалі на 50 базавых за БЧБ-налепку ў кватэры
«Што расказаць пра курэнне, калі кураць і мама, і тата?»
Пастаянна справаздачы нейкія: колькі мерапрыемстваў правяла па тэме. Усё гэта павінна быць запісана ў часопісе. Таму што потым прыедзе пракуратура, праверыць, а ў цябе нічога няма. Ты, можа быць, і правёў, але не запісаў. Трэба прама лічыць, колькі ты павінен правесці ў месяц па гвалту [гутарак], колькі — прафілактыку супрацьпраўных парушэнняў, колькі — пра курэнне.
Трэба, каб гэта ўсё ішло з сям'і. Калі браць, напрыклад, тытунекурэнне. Ну што я магу вучню расказаць пра курэнне, калі ў яго дома кураць і мама, і тата? І «электронку» яму купляюць?
Чытайце таксама: Не прададуць у краме — купяць праз Telegram. Як школьнікі ў Гродне набываюць электронныя цыгарэты
Бесяць праверкі бясконцыя. Праверка можа заехаць у школу на тыдзень: аддзел адукацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, потым аблвыканкам, потым — міністэрства, санстанцыя, пракуратура, міліцыя. Пастаянна на стрэснячку працуеш. Калі прыязджаюць дакументацыю правяраць, ты не ўрокі праводзіш, а бегаеш і паперкі робіш. Зразумела, што не заўсёды запоўніш часопіс своечасова. Калі сем урокаў адвяла, думаеш «Ай, заўтра запоўню», а заўтра прыязджае праверка з раніцы. Як завучы працуюць, не ўяўляю. Калі ёсць праблемныя дзеці, сям'і, можна адразу страляцца.
Даносаў няма
Асабіста ў мяне ў школе даносаў не было. Настаўнікі часцей за ўсё не выходзяць за рамкі. Яны асцерагаюцца, што хтосьці з дзяцей нешта ляпне дома, і гэта можа выліцца ў страту працы. Настаўнікі нейкіх вучняў могуць абмеркаваць. Пра палітыку стараюцца не гаварыць. Калі і абмяркоўваюць, то толькі ў маленькім коле. У адкрытую сказаць — потым дойдзе наверх.
Цяпер дзеці розныя. Хтосьці ў шостым класе пачынае чымсьці цікавіцца, таму што гэта дома прагаворваецца. А хтосьці ў 11-м ходзіць, яму далі павесіць сабе гэты значок, апрануў і пайшоў.
Пра піянераў і БРСМ
У БРСМ была, была справа. Афіцыйна не сыходзіла. На другім годзе працы сказала, што я не знаходжуся, даўно не плаціла ўнёскі, і неяк адсталі. Я сказала: няхай я лічуся ў вас у статыстыцы, але плаціць нічога не буду.
Дзяцей не наўпрост прымушаюць [ісці ў піянеры і БРСМ], але кажуць, што «не паступіце, дрэнную характарыстыку напішам». Дзеці дадому прыходзяць, ну і бацькі кажуць: «Ну, фіг з ім, на, уступі». Такім чынам выбіваюцца 100% БРСМ, 100% піянераў. Хоць ёсць бацькі, якія кажуць: «Не, уступаць не будзем», і ўсё. Класныя кіраўнікі тэлефануюць дадому, спрабуюць угаварыць. Я ніколі не прымушала, казала: «Гэта ваш выбар». Не вельмі добрая статыстыка ў мяне была. Потым напісалі заявы. Думаю, бліжэй да канца выпуску тыя, каму трэба, дапішуць.
«Старалася быць сябрам»
У класным кіраўніцтве нічога складанага няма, на самай справе. Проста шмат часу сіл адымае. Так, праца прышпільная, цікавая. Адчуваеш сябе маладзей, калі маеш зносіны з дзецьмі: трэнды, TikTok.
Я была не проста настаўнікам, а старалася быць яшчэ і сябрам. Трэба з дзецьмі знаходзіць канэкт такі. Калі ў сем’ях выкрываюцца праблемы, калі ў іх асабістыя праблемы, яны, бывае, не ідуць да бацькоў. Калі ты настроіла іх да сябе, дзеці могуць прыйсці па параду, спытаць, як у гэтай сітуацыі паступіць. Я ведаю, многія класныя кіраўнікі нікуды асабліва не ездзяць, ні ў паездкі, ні ў паходы. А хтосьці малады, наадварот, сам любіць рух, і дзяцей цягае.
Цяпер прымушаюць раз на два месяцы вывозіць дзяцей кудысьці. Прыходзяць разнарадкі - вось вам спіс экскурсій, арганізуйце і даць справаздачу.
Як у 30 гадоў стаць дырэктарам
З кадрамі ў школах бяда. У Гродзенскай вобласці ў школах недахоп настаўнікаў матэматыкі і фізкультуры. Праблема дзесяцігоддзяў - сацыяльныя педагогі і педагогі-псіхолагі. Аплата маленькая, а з кожным годам «гемара» больш дадаюць. Многія год-два адпрацавалі і сыходзяць. З’язджаюць за мяжу альбо сыходзяць у іншую сферу, не звязаную з выкладаннем.
Па вобласці ў мінулым годзе даволі-такі шмат сыходзілі людзі — 30−40 чалавек. Чуткі хадзілі, што быў чорны спіс людзей, якіх трэба звольніць.
Калі ты работнік граматны, цябе могуць дадаць у рэзерв кадраў. Напрыклад, цябе бачаць завучам па ідэалогіі, па выхаваўчай працы. Калі хтосьці на пенсію ідзе, табе могуць прапанаваць пасаду. Многія ўжо ў 30 гадоў дырэктары. Яны прыйшлі на адпрацоўку ў 22 гады, папрацавалі пару гадоў там, праявілі сябе. Іх паставілі завучам, яны прапрацавалі пяць гадоў — у дакументацыі разбіраюцца. І вось, калі ласка, хтосьці на пенсію сыходзіць — малады выкладчык становіцца дырэктарам.
Пакуль ты просты работнік, ніхто асабліва цябе не правярае. Калі ідзеш на павышэнне, дасканала ўсё вывернуць.
Збіралі на бежанцаў і дзяжурылі на мяжы
Прыходзяць разнарадкі сабраць з дзяцей і работнікаў у Чырвоны Крыж, Фонд міру, АСВОД. Па жаданні, але мінімум рубель-два. Плюс балючая тэма — падпіска на выданні. Прыходзіць спіс, колькі газет трэба выпісаць. Адміністрацыя размяркоўвае. Ты ідзеш і выпісваеш, квітанцыю прыносіш. У некаторых школах збіралі на бежанцаў, калі вось гэтая праблема была. Адпраўлялі настаўнікаў на мяжу.
Што тычыцца збораў з дзяцей, цяпер ёсць бацькоўскі камітэт. Яны збіраюць нейкую суму, кладуць на рахунак школы. Кажуць дырэктару, што паклалі суму і хацелі б гэта і гэта купіць. Школа сама закупляе. Каб настаўніку наўпрост прынеслі грошы — цяпер такога няма.
«Адукацыю кідаюць з боку ў бок»
Атмасфера часам непрыемная, таму што пад ціскам працуюць і выкладчыкі, і адміністрацыя. Праверкі, ідэалогіі, усякія навіны, скарачэнне гадзін, даданне гадзін. Адукацыю кідаюць з боку ў бок. Кожны новы міністр адукацыі нешта новае хоча зрабіць. ЦТ увялі, гэта ўвялі, гэта не спадабалася — прыбралі. Эксперыментуюць пастаянна. Толку як такога няма, і дзеці гэта разумеюць. Усё гэта адбіваецца на працэсе, як ні круці.
Не скажу, што ўвесь час гэта. Часам бывае і нядрэнна, калі ніякай праверкі няма. Спакойна прыйшла на працу, адпрацавала ўрок у задавальненне і пайшла дадому.
.