У Гродне на сакавік 2023 года адкрыта больш за 3000 вакансій. Аднак некаторыя гродзенцы не могуць уладкавацца ў дзяржаўныя арганізацыі, нягледзячы на падзякі на папярэднім месцы працы і адсутнасць дысцыплінарных спагнанняў. Прычына гэтага — чорныя спісы, у якія супрацоўнікі трапілі праз затрыманне на пратэстах або сваёй пазіцыі.

Гэты матэрыял можна прачытаць па-англійску.

Паводле дадзеных службы занятасці, у Гродне адкрыта 3446 вакансіі. Шукаюць 127 лекараў і 116 медыцынскіх сясцёр. У вобласці лічбы складаюць 717 і 278 медработнікаў. 47 супрацоўнікаў запрашаюць на «Гродна Азот», 27 — на Гродзенскі шклозавод. У Гродзенскай вобласці ёсць вакансіі для 13 000 людзей. Некаторыя з іх адкрыты з мінулага года. У вобласці не хапае 64 настаўнікаў і 52 выкладчыкаў.

Беларусь імкліва губляе работнікаў - у 2022 годзе колькасць занятых у беларускай эканоміцы некалькі разоў абнавіла гістарычныя мінімумы. Лічба на лістапад 2022 года склала 4,2 млн, паведамляе «Цэнтр новых ідэй».

«Не патрэбны работнік, які «засвечаны»

З 2020 года кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый пры прыёме на працу абавязаны запытваць іх характарыстыкі з папярэдніх месцаў працы. У ёй павінны адлюстраваць прафесійныя, маральныя і дзелавыя якасці спецыяліста, а таксама — інфармацыю аб тым, ці прыцягваўся чалавек да дысцыплінарнай і іншай адказнасці. У тым ліку трэба апісаць «стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў», паведамляе партал 1prof.by. За недакладную характарыстыку пакараюць кіраўніка, які яе падпісаў — аж да крымінальнай адказнасці.

«Не патрэбны работнік, які „засвечаны“, не патрэбныя праблемы», — з такой фармулёўкай гродзенцу Аляксандру (імя змененае) адмаўляюць у прыёме на працу. Аляксандру — за 50. Ён даведаўся, што знаходзіцца ў чорных спісах праз паўтара года пасля звальнення. Тады яго звольнілі з папярэдняга месца працы на адным з гродзенскіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Мужчына працаваў будаўніком.

Паводле яго, начальству паступіла папера, што гродзенец затрымліваўся падчас пратэстаў у жніўні 2020. Начальству «далі зразумець, што гэтага работніка трэба звольніць». Прычынай звальнення стала тое, што ён нібыта нядобранадзейны. Сам Аляксандр гэтую паперу не бачыў. Адкуль яна паступіла, ён таксама не ведае. Аляксандр чуў, што падобныя спісы на звальненне ёсць і для іншых ягоных калегаў, але не бачыў іх.

Митинг на площади Ленина 16 августа. Фото иллюстрационное
Мітынг на плошчы Леніна 16 жніўня 2020 года. Фота ілюстрацыйнае

Па словах Аляксандра, ён лічыўся добрым работнікам, не атрымліваў заўваг або вымоў. Пасля звальнення ўладкавацца ў дзяржаўныя ўстановы не атрымалася. Год Аляксандр прапрацаваў у прыватніка. Пасля звольніўся — той стаў «дрэнна плаціць».

Пошукі працы пачаліся зноўку. Пры працаўладкаванні ў новае месца начальства патэлефанавала на мінулую працу, каб даведацца прычыну звальнення. «Там сказалі, што ў характарыстыцы пазначаць гэтую прычыну [затрыманне]. Не пазначыць не могуць…», — распавёў Аляксандр Hrodna.life.

Ён плануе шукаць працу ў прыватным сектары. Эміграцыю ён не разглядае.

Прыватныя арганізацыі не абавязаны запытваць характарыстыку пры прыёме на працу, але могуць гэта рабіць. На практыцы ў супрацоўнікаў, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, ёсць складанасці супрацоўніцтва і з прыватнікамі.

Краіна губляе работнікаў

 — Мяне звольнілі і нідзе не давалі працаваць, — распавядала праекту «Мы вернемся» медык Мая Церакулава, якая эмігравала з Беларусі. — Як кажуць: «Паедзеце, будзеце там унітазы мыць». Так у мяне ў Беларусі, у прынцыпе, заставалася тая ж альтэрнатыва. У мяне ёсць дыплом лекара, ёсць дыплом медсёстры. Нават санітаркай я б не ўладкавалася ні ў адну дзяржаўную ўстанову аховы здароўя. У мяне больш за 15 адмоваў у працаўладкаванні.

Паводле апытання, праведзенага ў 2022 годзе аналітычным цэнтрам «Цэнтр новых ідэй», з’язджаць з Беларусі маюць намер перш за ўсё забяспечаныя людзі з адукацыяй. З’язджаць збіраюцца перш за ўсё мінчукі, а таксама жыхары абласных цэнтраў, піша Zerkalo.io. Краіну пакідаюць у асноўным высокакваліфікаваныя спецыялісты, прычым як інтэлектуальнага профілю, так і рабочых спецыяльнасцяў.

увольнение в гродно
Сферы, у якіх было больш за ўсё «публічных» звальненняў. Скрыншот даследавання Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі

Тыя, хто застаецца, вымушаныя ісці да прыватніка ці жыць на падпрацоўкі. Падпрацоўваць вырашыла Алёна. Яна жыве ў адным з рэгіянальных гарадоў Гродзенскай вобласці, працавала ва ўстанове адукацыі.

У 2020 годзе Алена не пагадзілася з фальсіфікацыяй выбараў. Праз паўгода на яе пачалі ціснуць. Вынеслі вымову і засумняваліся ў яе кампетэнцыі. Неўзабаве з ёй не працягнулі кантракт, не даўшы дапрацаваць да канца навучальнага года. Алёне паведамілі, што яна ў спісах КДБ.

Алене ўдалося ўладкавацца на працу ў іншую дзяржаўную ўстанову. Але яго кіраўніка выклікалі ў КДБ і вымусілі звольніць Алену, нягледзячы на тое, што цаніў яе і кіраўнік, і калектыў. Далейшыя спосабы ўладкавацца на працу пачаліся з пытання, што здарылася на папярэдняй. Пасля гэтага ёй адмаўлялі.

«Без пытанняў падпісаў»

«Прадстаўнік з КДБ, які курыруе наша ведамства, прыйшоў да начальніка. Ён перыядычна і так заходзіў па нейкіх пытаннях. Тут зайшоў, праз 10 хвілін выйшаў. Праз пяць хвілін выклікалі мяне», — распавёў гродзенец Мікалай, якога звольнілі з адной дзяржустановы. Раней «праверылі на лаяльнасць» яго вышэйстаячую ўстанову.

«Дзесьці нейкая інфармацыя па мне выпаўзла. І настолькі, аказваецца, для начальніка і арганізацыі крамольная, што ён сказаў, што ў дадзеных умовах мы не можам працаваць. Калі ён ніяк не адрэагуе, будуць вялікія праблемы для яго — і ў наступным для мяне. Маўляў, калі мы цяпер палюбоўна не разыходзімся, то на мяне заведзеная „папачка“, якая лёгкім рухам можа папоўніцца. І абставінаў, каб звольніць па артыкуле, знойдзецца на раз-два».

Мікалай не здзівіўся і, нядоўга думаючы, пагадзіўся напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні. Спрачацца было бессэнсоўна, палічыў гродзенец. Ён разумеў, што на яго могуць «накапаць». Таксама вырашыў не псаваць адносіны з кіраўніцтвам. Звольнілі Мікалая цягам некалькіх дзён. Ён хацеў скончыць працу і дапрацаваць да канца месяца. Але начальнік сказаў, што сітуацыя неадкладная.

Здание КГБ по Гродненской области. Источник: photobuildings.com
Будынак КДБ па Гродзенскай вобласці. Крыніца: photobuildings.com

Ён паспрабаваў даведацца, з якой прычыны яго палічылі «нелаяльным». Працадаўца паведаміў, што прычынай стала падтрымка Украіны і ўдзел у мітынгах 2020 года. Адкуль гэтая інфармацыя, Мікалаю не паведамілі. «Мне сказалі: яна ёсць, калі трэба будзе для пацверджання, прынясуць у папачцы. Але тады ўжо мы палюбоўна не растанемся і я буду звольнены па артыкуле з наступствамі абцяжваючымі - і для яго, і для мяне». Да гэтага калегі часам даносілі кіраўніцтву на некаторыя «крамольныя» пасты і сторыс Мікалая. Ён пагаварыў з начальствам і закрыў сацсеткі — пытанне было вычарпанае.

«Для мяне праца не была настолькі каштоўная. Я не быў на высокай пасадзе. У перспектыве я б мог быць дзяржслужачым. У мяне была б вышэйшая зарплата. Я б больш цаніў яе і атрыманы вопыт. Гэта матывавала б мяне падчысціць за паўтара года ўсё, што толькі можна, і не праяўляць меркаванне наконт таго, хто адбываецца у Беларусі і Украіне. Але я гэтага не рабіў. Я ў глыбіні душы быў гатовы, таму без пытанняў падпісаў. Кіраўніку было што губляць — ён прыкрываў сябе і баяўся, быў напалоханы пасля прыходу супрацоўніка спецслужбаў», — сказаў Мікалай.

Ён лічыўся перспектыўным супрацоўнікаў з вопытам у сваёй сферы, сцвярджае гродзенец. У прафесійным плане да яго не было пытанняў. Але Мікалай быў даволі замяняемы, лічыць ён. Пакуль яго пасада не закрытая — абавязкі размеркавалі паміж іншымі супрацоўнікамі.

Мікалай вырашыў вярнуцца ў сферу, якой займаўся да папярэдняй працы. У некаторых арганізацыях яго ведалі як спецыяліста і чакалі — працы было шмат. «Але ўсё ўпіралася ў характарыстыку, якая ў выніку была напісана вельмі мутна, няпэўна. Пасля стэлефанавання з былым начальнікам, ідэолаг патэнцыйнай працы вырашыў, што я ўсё ж такі ідэалагічна нядобранадзейны. Маю персону не ўзгаднілі. І я зразумеў, што ў дзяржпрадпрыемствы з такім падыходам дарога закрытая для мяне», — мяркуе Мікалай.

Дзе яшчэ ў Гродне былі чорныя спісы?

 — Футбольны клуб «Нёман». Дакумент змяшчае 49 імёнаў футбалістаў. 43 чалавекі са спісу зняліся ў роліку супраць гвалту ў 2020 годзе.

 — «Гроднаэнерга». Там людзей са спісу кіраўніцтва выклікае ў кабінет, дзе праводзіць гутарку, па выніках якой чалавек павінен звольніцца па пагадненні бакоў. Калі чалавек адмаўляецца — пагражаюць звальненнем па артыкуле. Таксама «нядобранадзейным» грамадзянам не падаўжаюць кантракты, паведамляе «Наша Ніва».

 — На «Гродна Азот» яшчэ ў канцы 2021 года «папрасілі» з працы людзей, якія былі датычныя да ініцыятыўных груп альтэрнатыўных кандыдатаў. За палітычную пазіцыю звальняюць як шараговых завадчан, якія працуюць у цэхах, так і вопытных спецыялістаў з адміністрацыйных будынкаў.

 — Беларуская чыгунка — там пацярпела кіраўніцтва, якое адмовілася звальняць супрацоўнікаў.

 — Сфера культуры: тэатры, галерэі.

Чорныя і шэрыя спісы

Спісы на звальненне нібыта знаходзіцца ў намеснікаў дырэктара ўстаноў у ідэалагічнай працы. Звольненыя кажуць, што спісы складае КДБ. Ёсць спісы тых, з кім дастаткова правесці прафілактычную гутарку, а ёсць — на звальненне. Папрасіць аб звальненні можа і міліцыя.

Прычыны сабрала праваабарончая арганізацыя «Вясна».

  • факт пераследу па адміністрацыйным артыкуле 24.23 КаАП;
  • асуджэнне па крымінальным «пратэстным» артыкуле;
  • наяўнасць подпісу і асабістых дадзеных грамадзяніна ў спісах за падтрымку некаторых альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года;
  • удзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі;
  • актыўнасць у сацыяльных сетках, чатах, наяўнасць непажаданых каментароў, фатаграфій з акцый пратэсту.

Спісы дзеляцца на «чорныя» і «шэрыя», распавядала Мая Церакулава. Калі супрацоўнік у шэрым, яго яшчэ могуць узяць на працу. Калі ў чорным — не.

«Практычна на кожным прадпрыемстве ёсць спісы, згодна з якімі кіраўнікі прадпрыемстваў павінны звольніць сваіх нядобранадзейных работнікаў, — каментавала Алена Маслюкова з праваабарончага цэнтра „Вясна“. — Спісы, тыя, якія я ведаю, напісаныя ад рукі. Пісьмовыя загады аб звальненнях кіраўнікі сярэдняга звяна не атрымлівалі: вусныя распараджэнні былі прыкладна такога плану: рабіце што хочаце, але гэты чалавек павінен быць звольнены».

Звольніць могуць і за прагулы, якімі палічаць адміністрацыйны арышт. У 2021 годзе ўступілі ў сілу змены ў Працоўны кодэкс, згодна з якімі наймальнік можа датэрмінова скасоўваць працоўныя адносіны з работнікам, калі той падвергнуўся адміністрацыйнаму арышту, з-за чаго не змог выконваць свае працоўныя абавязкі.

Гродно Азот
Прадпрыемства «Гродна Азот» — адно з месцаў, дзе былі масавыя звальненні. Фота: Hrodna.life

Яшчэ адной прычынай могуць стаць подпісы пад адкрытымі лістамі або запісаныя відэа супраць гвалту. Як правіла, супрацоўніку прапануюць скасаванне кантракту па пагадненні бакоў або яго непадаўжэнне. У адваротным выпадку яго чакае звальненне па адным з артыкулаў Працоўнага кодэкса. Часам працадаўца стварае такія ўмовы працы, каб супрацоўнік сам сышоў. Гэта значыць, выкарыстоўваюцца законныя падставы, якія маскіруюць рэальны ціск.

Супрацоўнікі пасля звальнення кажуць пра тэчку, у якой нібыта сабрана дасье на іх. Свабодны прафсаюз рэкамендаваў работнікам не згаджацца на звальненне па пагадненні бакоў. А ў выпадку звальнення звяртацца ў суд, каб зафіксаваць факт дыскрымінацыі.

«З праблемамі могуць сустрэцца людзі вузкіх прафесій»

Падобныя працэсы адбываюцца па ўсёй краіне, распавёў Hrodna.life эканаміст Леў Львоўскі. У Беларусі кожны год скарачаецца колькасць удзельнікаў рынку працы. Гэта адбываецца пераважна па натуральных прычынах — на пенсію выходзяць шматлікія пакаленні, а на рынку працы іх замяшчае адносна малалікае пакаленне, народжанае ў 90-х і пачатку нулявых. Але ў 2022-м годзе да натуральнага фактару дадаўся яшчэ і міграцыйны. Мяркуючы па некаторых ускосных дадзеных, хваля эміграцыі з Беларусі ў 2022 была большай, чым у 2020-м і 2021-м, лічыць эксперт.

Наступствы ў гэтых дзеянняў будуць падтрымліваць бягучыя трэнды. Частка людзей будзе выціскацца з краіны. Працадаўцам прыйдзецца паляваць за менш кампетэнтнымі кадрамі, якія прэтэндуюць на больш высокія зарплаты.

У прыватным сектары недахоп працоўных рук адчуваецца гэтак жа востра, як і ў дзяржсектары. Таму тыя людзі, чые ўменні прыдатныя ў прыватным сектары, хутчэй за ўсё, знойдуць сабе добрыя месцы. З праблемамі могуць сустрэцца людзі вузкіх прафесій. У Беларусі цяпер практычна няма прыватных школ, ідуць пастаянныя атакі на прыватную медыцыну, інжынеры вузкага профілю могуць быць не так запатрабаваныя на альтэрнатыўных вытворчасцях, якія не займаюцца менавіта іх спецыфікай.

 — Раней адным з выратавальных плытоў у Беларусі заўсёды выступаў сектар IT — перавучыцца на некаторыя з «айцішных» спецыяльнасцяў было не вельмі складана і чалавек, які пайшоў з папярэдняга месца працы, хутка атрымліваў запатрабаваныя навыкі і кваліфікацыі. Але з пачатку вайны беларускі IT-сектар гэтак жа пачаў сціскацца, звальненні перавышаюць наём, а пошук малодшых супрацоўнікаў — менавіта тых, хто нядаўна вырашыў змяніць прафесію, практычна спынены, — лічыць эканаміст.

Да чаго гэта прывядзе?

Аднаўленне практыкі «забароны на прафесію» ў незалежнай Беларусі стала формай барацьбы з палітычнай апазіцыяй і іншадумствам у аўтарытарнай сістэме, сцвярджаюць аўтары ў даследаванні Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі. Акрамя звальненняў, можна казаць аб неатэстацыі, непраходжанні па конкурсе для акадэмічных работнікаў, пазбаўленні званняў і рангаў, пазбаўлення працы з-за перашкодаў у вядзенні бізнесу і ліквідацыі НДА.

3000 вакансій ёсць у Гродне. Але супрацоўнікі не могуць працаўладкавацца праз чорныя спісы
Розніца паміж прынятымі на працу і звольненымі. Скрыншот даследавання Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі

Сітуацыя прыводзіць да кадравага голаду і спусташэння эканомікі. Найбольш прыкметна гэта ў адукацыі, медыцыне, культуры, медыя і іншых галінах. Паўстае пытанне кваліфікацыі тых, хто застаецца. Часцей за ўсё, грамадская актыўнасць і пазіцыя спалучаныя з ініцыятыўнасцю, высокай кваліфікацыяй і прафесійнымі амбіцыямі. Звальненні ўдарылі па найбольш кваліфікаваным кадрах. Усё гэта аказвае негатыўны ўплыў на эканоміку, у тым ліку і ў сілу рэзкага зніжэння пакупніцкай здольнасці тых, хто апынуўся пазбаўлены працы.

Сітуацыя змяняе структуру грамадства. У ім не застаецца прастор для нелаяльных, якія вымушаныя з’язджаць, часта — сем’ямі. Таксама выніку «чыстак» у працоўных калектывах ствараецца прыгнечаная атмасфера, у якой прафесійнае самавыяўленне і развіццё замяняецца устаноўкай лаяльнасці.

Мікалай сышоў да прыватнікаў: «Цалкам памяняў сферу дзейнасці. Займаюся рэчамі больш прыкладнымі, больш прыемнымі і перспектыўнымі. Я нарэшце з чыстым сумленнем займаюся тым, што мне падабаецца, што адкладаў да гэтага. Асвойваю новыя спецыяльнасці, якія дастаўляюць мне задавальненне».

«Белыя каўнерыкі» Мікалай змяніў на робу і шмат працуе фізічна. Але паніжэннем гэта ён не называе. Эміграцыю пакуль малады чалавек не разглядае. Яго спецыяльнасць з беларускім вопытам не вельмі запатрабаваная на захадзе. Але вопыт, які ён атрымлівае цяпер, спатрэбіцца яму і ў Беларусі, і ў іншых краінах.

Чытайце таксама: