Наш сухапутны, ці амаль сухапутны Гродна не раз атрымліваў цёзкаў у выглядзе караблёў, якія перасякалі моры і акіяны. Іх лёсы былі розныя: часам шчаслівыя, а часам трагічныя.
«Нёман» на Вісле і «Нёман» на Нёмане
Самым першым караблём, які меў рэгіянальную назву, быў выпушчаны ў 1856 годзе на Вісле параходзік з назвай «Нёман». Гэты невялікі колавы карабель вазіў пасажыраў па лініі Варшава — Завіхост. «Нёман» меў слабенькі паравы рухавік у 40 конскіх сілаў, выпушчаны ў французскім Нанце. У 1871 г. «Нёман» прадалі ў Расію. Магчыма, ён нават паспеў яшчэ пахадзіць па нашым Нёмане.Вядомы таксама інспектарскі параход «Нёман», які хадзіў па Нёмане ў 1870-х гг. У гэтага парахода была спецыяльная прыстань пад чыгуначным мостам. Параход прыдаваўся начальніку гродзенскага рачнога ўчастка, задачай якога было сачыць за станам ракі і караблях на ёй.
«Нёман» на экватары
Лёс наступнага «Нёмана» быў куды больш трагічны, але і больш цікавы. У 1928 г. польскі гандлёвы флот купіў для сябе на брытанскай верфі карабель, які атрымаў назву «Нёман» і стаў самым вялікім польскім гандлёвым караблём тых часоў. Ён быў першым гандлёвым караблём Польскай рэспублікі, які перасёк экватар, а яго капітан нанёс візіт маршалу Пілсудскаму, калі той адпачываў на Мадэйры.
У кастрычніку 1932 г. «Нёману» моцна не пашанцавала: у праліве паміж Даніяй і Швецыяй у яго борт ударыў жалезны фінскі паруснік. Удар быў настолькі магутны, што «Нёман» затануў на працягу ўсяго сямі хвілін! Уся каманда выратавалася. Ахвярай катастрофы стаў адзін фінскі афіцэр, на якога ўпала папярочная бэлька парусніка.
«Нёман» з танкавым сэрцам
Чацвёрты «Нёман» ходзіць дасюль. Гэта збудаваны ў сярэдзіне 2000-х гадоў у Пінску цеплаход, які возіць турыстаў па Аўгустоўскім канале. Ён збудаваны на аснове звычайнага буксіра-таўкача і з’яўляецца адзіным у сваім родзе. На карабле стаіць дызельны рухавік ад савецкага танка Т-55, які мае магутнасць у 580 конскіх сілаў - у 15 разоў магутней таго малога «Нёмана», які хадзіў па Вісле 150 гадоў таму.[irp posts="46 696″ name="На Гродзенскай вуліцы: дзе ў свеце ёсць вуліцы ў гонар Гродна і як яны выглядаюць"]
«Гродно» і «Гродна»
Што ж тычыцца караблёў, названых у гонар нашага любімага Гродна, то мы знайшлі іх аж пяць. Два хадзілі па Нёмне ў пачатку ХХ ст. Адзін называўся «Гродно», а другі меў назву «Гродна»: у расійскім правапісе 100 гадоў таму можна было пісаць і так, і гэтак.
Адзін з гэтых параходаў быў пабудаваны ў Пінску на верфі, якой валодалі таксама звязаныя з нашым горадам О’Браены дэ Ласі. Параходы былі грузапасажырскія — гэта значыць перавозілі адначасова і пасажыраў і тавары. Напрыклад, «Гродна» перавозіў пасажыраў з горада да вайсковых лагераў у Солах. У 1915 г. яго ўзарвалі адступаючыя расійскія войскі, але ў 1921 г. карабель паднялі і былы «Гродна» пад назвай «Сокал» хадзіў пад Вільняй яшчэ цэлых 20 гадоў.«Гродна», які даплываў да Нью-Ёрка
Першым марскім караблём з назвай «Гродна» стаў нямецкі параход, куплены ў 1906 г. Расійскім усходне-азіяцкім таварыствам разам з параходам «Коўна» для арганізацыі перавозак грузаў і пасажыраў з Лібавы (цяпер Ліепая ў Латвіі) ў Філадэльфію і Нью-Ёрк (ЗША). Хаця на «Гродне» і быў падняты расійскі сцяг, але карабель, фактычна, працягваў заставацца ва ўласнасці немцаў, а канкрэтней Нямецка-амерыканскага таварыства з Гамбурга.
За 1906 і 1907 гады параход «Гродна» пяць разоў перасякаў Атлантычны акіян, наведаў некалькі амерыканскіх партоў, перавозячы за адзін раз па 680 эмігрантаў з Расійскай Імперыі. Цікава, ці давялося на параходзе «Гродна» трапіць у Амерыку каму-небудзь з гродзенцаў.
Па дарозе назад «Гродна» завітваў у Капенгаген і Гамбург з грузамі. Ужо ў 1907 г. Расійскае ўсходне-азіяцкае таварыства адмовілася ад лініі праз Атлантыку і «Гродна» ды «Коўна» вярнуліся пад нямецкі сцяг, што наводзіць на думку аб тым, што насамрэч яны належалі Расіі толькі фармальна.
«Гродна» застаўся толькі ў Брэсце
А вось савецкі танкер «Гродна» меў такую назву ад самага свайго нараджэння да моманту, калі быў адпраўлены на металалом. Спусцілі яго на ваду 22 красавіка 1956 года ў Херсоне і прыпісалі да Наварасійскага марскога параходства.
Сімпатычны танкер «Гродна» быў адным з 60 тыпавых савецкіх танкераў для перавозак нафты і праслужыў аж да 1983 года. Цікава, што Гродна быў першым горадам Беларусі пасля Мінска, які ў савецкі час атрымаў свой уласны карабель. Хутка з’явіўся яшчэ і танкер «Маладзечна»: да 1959 г. Маладзечна, як і Гродна, было абласным цэнтрам Беларусі.Сёння працягвае працаваць толькі адзін карабель «Гродна» — пасажырскі цеплаход серыі «Масква», які абслугоўвае адпачываючых на Мухаўцы ў Брэсце. Яго прывезлі сюды ў далёкім 1980 г. і з тых пор брэсцкі «Гродна» перавёз сотні тысяч людзей, бо можа за адзін раз узяць на борт больш чым 230 чалавек.
Лёсы «Беластока», «Віграў» і «Ліды»
Нямногія з гарадоў Гродзеншчыны мелі сваіх братоў на морах. Усяго толькі адзін карабель называўся «Беласток». Гэта быў пабудаваны ў 1942 годзе амерыканскі транспартнік, прыстасваны да канвояў праз Атлантыку. У канцы 1940-х гг. ён трапіў у польскі гандлёвы флот і яшчэ ў 1960-х гг. вазіў з Кубы цукар, а на «Востраў Свабоды» адвазіў важныя грузы, у тым ліку і зброю.Самым нешчаслівым караблём з суседскімі назвамі аказаўся транспартнік «Вігры», які ў час Другой Сусветнай вайны курсіраваў паміж Еўропай і Амерыкай. У пачатку 1942 г. карабель трапіў у вялікі шторм і загінуў каля берагоў Ісландыі. Загінула 25 маракоў, палякаў і брытанцаў. Сярод іх быў і выхадзец з Беларусі Аляксандр Труцько, які разам з іншымі маракамі пахаваны ў брацкай магіле на далёкім востраве.
Куды больш шчаслівым аказаўся лёс сухагруза «Ліда», які ў 1938 г. быў куплены ў Брытаніі польскай гандлёвай фірмай. Вайна застала гэты карабель у моры, а ў 1940 г. яго інтэрніравалі французы ў Касабланцы. Яны толькі што прайгралі вайну немцам і не хацелі выпускаць польскі карабель, бо палякі працягвалі ваяваць супраць немцаў.Капітан «Ліды» загадаў паціхаму вырвацца з порту і чацвёра сутак сухагруз на поўных парах ратаваўся ад нямецкіх падводных лодак і французскіх самалётаў, даплыўшы да Азорскіх астравоў. «Ліда» ўнесла свой важны ўклад у перамогу перавозячы вайсковыя грузы. Аднаго разу ў карабель трапіла нямецкая бомба, але звалілася з борта яшчэ да выбуху. «Ліда» паспяхова дажыла да 1970-х гг., праўда ў 1950 г. была пераіменавана ў «Глівіцы».