Пяць крамаў «Всё по 1.50 2.50 3.50» працуе ў спальных раёнах Гродна. Там можна купіць практычна любыя тавары: касметыку, дзіцячыя цацкі, тавары для дома, кухні, рамонту і іншыя. Уладальнік сеткі расказаў Hrodna.life, чаму абраў спальныя раёны і чаму нізкая цана не азначае дрэнную якасць.

Першы магазін адкрыўся ў красавіку 2018 года на праспекце Кляцкова — каля «Нікі». За год з’явіліся яшчэ чатыры крамы — усе па-за цэнтрам.

— Усе нашы аб’екты адкрываем у спальных раёнах, таму што мы лічым, што такі фармат каля дома — гэта той, які патрэбны людзям. Пакуль усе імкнуцца адкрыцца ў цэнтры, мы робім упор на дробны бізнкс — невялікі магазінчык на 30−50 «квадратаў» у спальным раёне. Наша мэта — каб у кожным спальным раёне быў наш магазін, — кажа гаспадар.

У Гродне працуе мясцовая сетка крам фіксаванай цаны: даведаліся, як яны працуюць

Чаму тры цаны

Спачатку ўладальнік думаў над тым, каб запазычыць назву для сеткі. А потым вырашыў адразу даць зразумець людзям, што яны могуць знайсці ў краме.

Выбралі тры цэны, таму што ў межах адной цяжка даць вялікі асартымент. «Частку тавару будзеш прадаваць з вельмі вялікай накруткай, і ён будзе неканкурэнтаздольным. Частку будзеш прадаваць па сабекошце, каб прыцягнуць людзей. Мы вырашылі зрабіць некалькі дыяпазонаў, каб даць рэчы і больш танныя, і больш дарагія», — кажа ўладальнік сеткі.

Што можна купіць у краме

Тавары прывозяць з Расіі, Кітая, ёсць і беларускія. «Ёсць практычна ўсё: цацкі, сувеніры, для рыбалкі, нешта гаспадарчае. Тавары для школы, для кухні, для дачы, для творчасці, касметыка. Усякая дробязь патрэбная», — распавядаюць прадаўцы пра асартымент у краме на Горкага.

Гэта крама адкрылася ў лістападзе 2018. Прадаўцы кажуць, што людзі заходзяць часта, асабліва ў абед і пасля працы. На іх думку, уплывае ўдалае месцазнаходжанне. Хоць гэта і не цэнтр, але побач шмат крамаў. «Такая алея — крамы, „Элема“, „Марка“ побач. Людзі пасля іх да нас заходзяць», — кажуць прадаўцы.

У Гродне працуе мясцовая сетка крам фіксаванай цаны: даведаліся, як яны працуюць

Яны і самі купляюць тавары ў краме, дзе працуюць. Так як у іншых крамах такога фармату патрэбных рэчаў не знайшлі, і каштавалі яны даражэй.

Нізкая цана не азначае дрэнную якасць

У цэнаўтварэнне закладваюць маленькую маржу, каб кошты прыцягвалі пастаянных кліентаў. Але на якасць тавараў гэта не ўплывае, запэўнівае ўладальнік бізнэсу.

— За кошт чаго кошт ўтвараецца? Кошт рэчы ў Кітаі можа складаць 30 цэнтаў. Яна пройдзе праз 10 пасярэднікаў - і будзе каштаваць 3 долары. І той, хто завязе яе ў Беларусь, павінен накруціць яшчэ 50 працэнтаў - і тавар у выніку будзе каштаваць усё 6 баксаў. Мы працуем з першымі імпарцёрамі, не праз пасрэднікаў. Таму нізкая цана — не значыць дрэнна. Зразумела, што бывае і брак, не схаваю. Але і ў любым тавары бывае брак, — распавядае ўладальнік.

У Гродне працуе мясцовая сетка крам фіксаванай цаны: даведаліся, як яны працуюць

Быць непадобным да іншых

Калі адкрывалі краму, была мэта, каб яны былі не падобныя да іншых такога фармату. А яшчэ важна, каб цана тавараў адпавядала заяўленай у назве крамы.

— У нас таксама ёсць частка тавараў з цэнамі вышэй. Але большасць адпавядае назве, — кажа ўладальнік.

Даведка

У Гродне ў падобным фармаце працуюць крама расійскай сеткі FixPrice на Пушкіна і «Еврошоп» на Савецкай.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life