Што пакласці ў змешаныя адходы, а што адсартаваць у пластык? Ці любую паперу варта класці ў макулатуру? Колькі прыродных рэсурсаў можа ўратаваць выкарыстанне другаснай сыравіны? На гэтыя ды іншыя птанні дае адказы камп’ютарная гульня «Сартуем смецце з аленем Лявонам». Яе стварылі журналісты Hrodna.life разам з праграмістамі вэб-студыі Іквадарт.
Гульня з’явілася ў сеціве 21 лютага. Зараз кожны ахвотны можа спраўдзіць свае навыкі ў сартаванні смецця і нават атрымаць прызы за лепшыя вынікі.
Як гуляць і ў чым фішка?
Гульня мае знаёмую многім механіку «лінія». Каб адсартаваць смецце для перапрацоўкі, трэба сабраць у вертыкальную ці гарызантальную лінію не менш за тры выявы са смеццем аднаго віду. Гэта не абавязкова маюць быць аднолькавыя малюнкі. Галоўнае, каб такое смецце ішло ў адзін кантэйнер.
Напрыклад, разам можна сабраць розныя віды другаснай паперы.
А ў кантэйнер з для змяшаных ад’ходаў могуць патрапіць разам вельмі непадобныя рэчы.
Што новага я даведаюся?
Тут усё як у рэальным жыцці. Складанасць таксама павышаецца ад узроўня да ўзроўня. Калі на пачатку гульні трэба ўпарадкаваць 4 віды смецця, то напрыканцы іх ужо больш за дзясятак. За кожную адсартаваную «лінію» удзельнік атрымлівае прызавыя балы. У канцы гульні можна падзяліцца вынікам праз сацыяльныя сеткі.
«Падбіраючы розныя малюнкі ў адну лінію, удзельнік задумаецца — ці можна іх выкідаць разам? А нават калі памыліцца, то гульня падкажа і не дасць аб’яднаць тое, што трэба сартаваць асобна. Такім чынам, удзельнікі напрацуюць звычку задумвацца — як правільна адсартаваць рознае смецце. Спадзяемся, што пагуляўшы, яны змогуць перанесці гэты навык у сваё паўсядзённае жыццё», — кажа Ірына Новік, аўтарка ідэі гульні.
Як можна выйграць прызы?
Прызы за найлепшы гульнёвы вынік можна будзе атрымаць, падзяліўшыся вынікам з хэштэгам #сартуемзлявонам і #hrodnalife у сацыяльных сетках VK, OK або Twitter.
Сёлета вясною вынікі падвядзём тройчы:
3 сакавіка, у Сусветны дзень дзікай прыроды (удзельнічаюць вынікі, якія будуць апублікаваныя ў сацсетках ад 21.02 да 02.03)
20 сакавіка — у Дзень Зямлі (вынікі ад 03.03 да 19.03)
30 сакавіка, падчас акцыі Гадзіна Зямлі (вынікі ад 20.03 да 29.03).
Удзельнікі, што набяруць максімальную колькасць балаў, атрымаюць прызы ад Hrodna.life.