Людзі і справы

Ад настаўніцы музыкі да дырэктара салона ў Беластоку: як гродзенка дзякуючы мінуламу не страціла сябе ў эміграцыі

У пачатку ліпеня Марыя (імя зменена ў мэтах бяспекі - Hrodna.life) разам з калегай адкрыла касметалагічны салон у цэнтры Беластока. Беларускі робяць манікюр, педыкюр, масаж і касметалагічныя працэдуры. Здараюцца дні, калі Марыя прымае да дзесяці кліентаў. З Гродна яна прыехала з дзецьмі - старэйшае дзіця ўжо здало экзамены ў польскай школе і зусім хутка перад ім стане выбар, куды рухацца далей. Зрэшты, як і перад Марыяй — яна ўжо выбірала для сябе прафесію, горад і хобі, але эміграцыя ўсё абнуліла. У Беларусі жанчына паспела папрацаваць настаўнікам музыкі, уладкавалася на дзяржаўнае прадпрыемства, а потым знайшла сябе і занялася масажам. Hrodna.life пагаварыў з беларускай і даведаўся, як з Гродна Марыя апынулася ў Беластоку.

«Я заўсёды ведала, што буду ў Гродне»

Марыя нарадзілася і вырасла ў вёсцы пад Ваўкавыскам. Упершыню ў Гродне яна апынулася, калі прыехала на вучобу ва ўніверсітэт. Вучылася Марыя на музычную выкладчыцу па класе баяна і ўжо ў студэнцкія гады зразумела, што Гродна - яе горад.

— Калі я вучылася, ўжо тады ведала: я заўсёды буду ў Гродне. Было адчуванне, што ты прыехаў дадому. Гэта тое месца, дзе я хацела б жыць, — успамінае жанчына.

Любімым месцам у горадзе для Марыі стаў мост на вуліцы Савецкай — яна прыходзіла туды ўвечары, усаджвалася на горку і праз Нёман любавалася на драматычны тэатр.

Драмтэатр. Фота: pixabay.com/snibl111

Пасля ўніверсітэта Марыі давялося вярнуцца ў Ваўкавыск на адпрацоўку. У 1999 годзе было незразумела, як выжываць на настаўніцкі заробак, распавядае жанчына.

— Заробак залежаў непасрэдна ад нагрузкі. Даводзілася хадзіць па школе і шукаць дзяцей, якія б хадзілі на заняткі.

Бянтэжыла Марыю і тое, што кіраўніцтва не ўспрымала музыку як мастацтва. Ад дзяцей патрабавалі, каб «яны гралі весела».

— Для мяне прафесіяналізм і паняцце «весела» — розныя рэчы. Увогуле тое, што зараз адбываецца ў школах, мне зусім не падабаецца. Пачалі змешваць класіку з поп-музыкай — ставяць у адну пазіцыю эстраду і класічнае спяванне, — лічыць Марыя.

Пасля размеркавання жанчына звольнілася з школы. «Хацелася большага, усе маладыя людзі амбіцыёзныя», — дадае яна.

Да вяртання ў Гродна заставалася яшчэ некалькі гадоў.

«Калі бачыш несправядлівасць, у цябе ідзе ўнутраная барацьба»

З дзяцінства Марыя прызвычаілася, што ўсяго трэба дасягаць уласнымі намаганнямі. Таму складанасцяў не баялася, а ўспрымала іх як неабходны этап на шляху да мэты.

Так Марыя апынулася на адным з дзяржаўных прадпрыемстваў у Ваўкавыску.

— Была цяжкая фізічная работа, я некалькі гадоў адпрацавала. Але там былі моцныя сямейныя кланы: ты прыходзіш, працуеш, імкнешся дасягнуць пэўнага ўзроўню, а цябе намагаюцца заткнуць. Сядзі і не высоўвайся — мяне гэта заўсёды напружвала, — дзеліцца жанчына.

Акардэон. Фота: pixabay.com/Schlumpf98

У сваіх разважаннях Марыя амаль не здзіўляецца таму, што апынулася ў эміграцыі - усё пачалося яшчэ дваццаць гадоў таму на прадпрыемстве.

— Напэўна, гэта пайшло адтуль. Калі ты бачыш несправядлівасць, у цябе ідзе ўнутраная барацьба. Тады я, як і шмат іншых, яшчэ не ведала, што такое апазіцыя. Я не разумела, што адбываецца, але мне гэта не падабалася. На тых узроўнях, дзе я была, імкнулася змагацца. І атрымалася так, як атрымалася.

Адпрацаваўшы адну з сменаў на заводзе, Марыя вырашыла, што «больш ніколі там не застанецца і з’ехала ў нікуды». Гэтым «у нікуды» стаў Гродна.

— Так, было складана. Я сядзела ў машыне і плакала: іншы горад, ты нічога не ведаеш, у цябе няма сяброў. Ты павінен неяк выграбці з той сітуацыі, у якой апынуўся.

І ў Марыі атрымалася. Жанчына знайшла працу, пабралася шлюбам і нарадзіла.

Калі жыццё наладзілася, Марыя прыгадала сваю даўнюю мару. Яшчэ ў юнацтве яна хацела звязаць сваё жыццё з медыцынай, але тады ўмяшаліся бацькі і настаялі: дзяўчыне лепш займацца музыкай.

Цяпер Марыі нічога не перашкаджала зрабіць так, як ёй хацелася: у 2014 годзе яна скончыла курсы масажу, увайшла ў прафесію і моцна яе палюбіла.

«Проста забрала дзяцей і з’ехала»

Размернае жыццё Марыі, як і ў многіх беларусаў, скончылася ў 2020 годзе.

— Вельмі складана сядзець і чакаць, калі цябе забяруць. Ты выходзіш на вуліцу і пачынаеш вар’яцець, таму што не ведаеш, з кім можаш паразмаўляць. На цябе напішуць данос ці не? Ты чалавека ведаеш 15−20 гадоў, а ён ад цябе пачынае шарахацца. Жывеш з суседзямі, але не разумееш, хто яны. 2020 год зрабіў вельмі добрае адлюстраванне — стаў паказальным, калі ты даведаўся, хто ёсць хто. І я лічу, гэта добра.

На эміграцыю жанчына наважылася праз год. Амаль адначасова Марыя страціла сваіх блізкіх: першым пайшоў з жыцця бацька, праз некалькі месяцаў не стала брата, а праз тры месяцы сыйшла маці.

— Гэта быў кароткі прамежак часу. Ім была патрэбна дапамога — я не магла іх пакінуць. А калі іх не стала, я зразумела, што тут мяне нічога не трымае. Я проста забрала дзяцей і з’ехала, — успамінае Марыя.

«Жыццё ў эміграцыі цячэ па-іншаму»

Марыя абрала Беласток, «падобны да Гродна, але, канешне, іншы горад». Яна проста не магла дазволіць сябе марнаваць час на настальгію і сум. Трэба было гадаваць дзяцей і выбудоўваць жыццё з нуля — тут і адразу.

Беласток. Фота: pixabay.com/kamzyw

— Жыццё ў эміграцыі цячэ па-іншаму. Здараецца, у цябе няма часу ні на што ўвогуле. Таму што тут такі тэмп жыцця, дзе ты імкнешся выжыць і нешта зрабіць. Ты не можаш проста прыйсці дамоў і ногі задраўшы ляжаць. Калі ты хочаш быць тут, значыць, цані свой час — па-іншаму гэта не працуе, — лічыць Марыя.

Аб’яднаўшыся з яшчэ адной гродзенкай, напачатку ліпеня Марыя адкрыла касметалагічны салон у цэнтры Беластока.

Салон працуе з дзевяці гадзін раніцы і да васьмі гадзін увечары. За невялікі прамежак часу гродзенкі паспелі напрацаваць кліенцкую базу. У дзень Марыя прымае да дзесяці кліентаў, яшчэ столькі ж прыходзіць да яе калегі.

— Ёсць тыя, хто прыходзяць да мяне як на працу — кожны тыдзень. У мяне ёсць полька, якая сказала: «Будзеш масажыраваць мяне да маёй смерці. Калі ласка, толькі не з’яжджай адсюль», — распавядае Марыя.

Жанчына адзначае, што любы бізнэс звязаны з рызыкай, і за адзін дзень пачаць уласную справу не атрымаецца. «З іншага боку, не паспрабуеш — не даведаешся», — дадае Марыя.

Прадметы для масажу. Фота: pixabay.com/stevepb

— Гэта месяцы працы, адкладвання сродкаў, каб зрабіць нешта нармальнае. І ў любым выпадку павінна быць разуменне, што ў першыя месяцы работы ты будзеш выходзіць у нуль або ў мінус — гэта нармальна. Але ніколі нельга сядзець на месцы, не атрымаецца ў соты раз, атрымаецца ў сто першы, — лічыць жанчына.

«Я люблю свабоду выбара»

Марыя глядзіць ў будучыню з упэўненасцю. Але ўсё ж такі ў Гродне засталіся важныя для яе месцы. Першае, што яна хацела бы зрабіць, калі прыедзе дамоў - наведаць могілкі бацькоў.

Сумуюць па Гродне і дзеці Марыі. У сям'і была традыцыя — па выхмдных яны выбіраліся ў «Трыніці» на піцу.

— Малодшаму дзіцёнку хочацца пабачыць сваіх сяброў. Старэйшы хоча пашпацыраваць па старым горадзе. Беластока дзецям мала, ім яго не хапае — я па іх гэта бачу, — дадае Марыя.

Успаміная сваё жыццё да эміграцыі, жанчына адзначае: грошы даваліся складана, але ў кожнай, нават самай складанай сітуацыі, выхад атрымлівалася знайсці.

— Чаму я люблю свабоду выбара, таму что я нікому нічога не павінна. Той шлях, які я прайшла — я прайшла сама. У мяне не было ні дапамогі, ні фінансавай падтрымкі. Захацела здаць на правы: зарабіла грошы, адвучылася — зарабіла грошы зноў і набыла машыну. Гэта класныя моманты майго жыцця, калі ў мяне былі сілы, было шмат энергіі - я ішла туды, куды хацела.

Салон. Фота: pixabay.com/ChristianeBrand

Пакуль жанчына не загадвае, дзе будзе яе дом: «Калі мае дзеці застануцца тут, я таксама буду тут. Наш дом там, дзе мая сям’я».

І ўсё ж такі планы на Гродна ў яе ёсць.

— Я бы адкрыла салон і працавала там з вялікім задавальненнем, — усміхаецца Марыя.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024