Адзін з двух на Беларусь валанцёрскіх кіналагічных атрадаў з 2014 года працуе ў Гродне. Разам з кінолагамі тут валанцёраць сабакі. Яны сталі часткай атрада хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, каторы быў арганізаваны пры аддяленні Чырвонага Крыжа.
Валанцёрскі атрад – не спецпадраздзяленне, таму адбора паводле пароды ад самага пачатку не было. Ніякіх умоваў не ставілі, проста павесілі абвесткі на пляцоўках для выгула сабак, размясцілі інфармацыю ў сеціве. Адразу прышло шмат ахвотных, а вось засталося на стала менш за дзясятак. Першымі з “касцінга” выбылі пакаёвыя і дэкаратыўныя сабачкі, пасля “адваліліся” тыя, кого прывялі павучыцца “чыста для сябе”.
Увесь час – разам
З сабакамі з валанцёрскага атрада працуюць трохі інакш. Тут поспех навучання палягае на шчырых адносінах з гаспадарамі і ўзаемаразуменні на мяжы ледзь не чытання думак адно аднаго. Калі сабака здольны вучыцца і адчувае жаданне гаспадара, то разам ім падуладна многае. У атрадзе ёсць сабакі, у пароду каторых генетычна не закладзены вялікія здольнасці да пошуку. Узяць аляскінскага маламута Осціна ў прафесійныя шукальнікі нікому б не прыйшло на думку. А ён ужо пасля некалькіх трэніровак змог у рэальнай сітуацыі знайсці чалавека.

Святлана Касценка, у сям’і якой жыве сабака, расказала як усё адбылося:
“Мы тады толькі пачалі хадзіць на заняткі, толькі шэсць разоў павучыліся. І вось позна ўвечары, калі выйшлі гуляць, атрымалі сігнал – у нашым раёне шукаюць мужчыну. Ён выскачыў з хаты лёгка адзеты – пасварыліся з жонкай. Мінула ўжо некалькі гадзін, а на вуліцы – мароз. Жанчына шукала яго па раёну, плакала, бо баялася, каб дзе не замерз.
Так мы з Осцінам атрымалі першае заданне – знайсці чалавека ў свабодным пошуку. Пачалі прэчэсваць раён, як нас вучылі. Праз хвілін 20 сабака змог выйсці на след і пацягнуў за сабой праз кусты. Там і знайшлі прапажу. Мужчына і праўда заснуў, скруціўшыся ад холаду. Разбудзілі, дапамаглі дабрацца дадому”.
Святлана прыводзіць на трэніроўкі яшчэ аднаго сабаку – Шэрі. Гэта меціс аўчаркі, ці па-просту – дварняга. У прафесійныя шукальнікі шлях і яму быў бы закрыты. А Шэрі здольны да навукі – хапае ўсё на ляту і дае надзею стаць добрым ратавальнікам.

Калі праца – як любімая гульня
З назіранняў валанцёраў-кінолагаў, чым больш сабака гуллівы і “куражны”, тым лягчэй ён вучыцца і тым большая верагоднасць, што будзе паспяхова працаваць у пошуку. “Гэта для людзей ёсць розніца – рэальны пошук ці трэніроўка на мясцовасці. Для сабак задача аднолькавая – шукаць. Нібы гэта гульня. Яны так робяць, таму што цікаўныя. Сабакам падабаецца, калі ім ставяць задачы, яны любяць працаваць галавой, – распавядае Наташа Кавалёва, гаспадыня лабрадора Аціка. – Як толькі Аціка бачыць, што я знімаю з вешака форменную куртку ці бяру ў рукі доўгую шлейку – усё! Ні на крок не адыдзе, будзе пры дзвярах ажно зямлю рыць, каб хутчэй на працу!”

У сабак службовая форма таксама ёсць. Гэта – шлейкі ці хустачкі з сімволікай Чырвонага Крыжа. Яны патрэбны, каб тыя, каго знойдуць у лесе, не палохаліся і зразумелі – сабака – гэта не небяспека, а дапамога.
Наташы з Ацікай ўжо даводзілася працаваць у рэальных умовах пошуку. Валанцёраў вызвалі на дапамогу, калі некалікі сутак не маглі знайсці пенсіянера з вёскі, што пайшоў у лес. “У той дзень, калі мы працавалі, яго не знайшлі. Але вынік у пошуку – гэта тыя “квадраты”, што ўжо праверылі. Кожны з іх павышае верагоднасць выніку на іншых накірунках і дапамагае правільна размеркаваць сілы для далейшага пошуку”.
Сабак не падманеш, бо ў выніку яны падмануць цябе
На трэніроўках сабакі выходзяць у лес. Некалькі кіламетраў масіва імітуюць “квадраты” пошуку, якія звычайна выдзяляюцца кожнаму з кінолагаў-валанцёраў. Месца для трэніроўкі заўжды выбіраюць іншае – то рэдкалессе, то кустоўе, то халмістая паверхня, то буралом. Колькасць “згубленых” на ўчастку чалавек і адлегласць да іх ад старта таксама ўвесь час змяняюць.
Гэта патрэбна, каб у сабак не замацоўвалася ў свядомасці адна схема працы. Кшталту, што заўсёды трэба шукаць на адлегласці не далей чым кіламетр, ці не больш за двух чалавек. Сабакі вельмі добра лічаць – і людзей, і кіламетры. Таму ў навучанні ўвесь час трэба “гуляць” – мяняць уводныя, ставіць новыя задачы. Толькі тады ў рэальным пошуку яны будуць працаваць з поўнай аддачай, шукаць, пакуль не атрымаюць каманду спыніцца.
Валанцёрам-кінолагам таксама даводзіцца працаваць напоўніцу. Усе адведзеныя на занятак кіламетры яны праходзяць услед за сабакам. І фізічнымі нагрузкамі іх удзел у пошуку не абмяжоўваецца. “Праца сабакі складае 70% поспеху, бо сабака можа адчуць і ўбачыць тое, што для чалавека немагчыма. Але тыя 30%, што залежаць ад чалавека, не менш важныя”, – даводзіць Міхаіл Гатоўчыц, прафесійны кінолаг і кіраўнік атрада. Для сабакі гаспадар – галоўны, каго ўвесь час трэба браць пад увагу. Сабака “чытае” яго намеры і памкненні. Таму трэба навучыцца аналізаваць сітуацыю, адчуваць, куды можа быць скіраваны пошук. Бо пакуль у сабакі няма аб’ектыўных слядоў, яна арыентуецца на кінолага – пойдзе шукаць, куды ён паварочваецца, ці скіроўвае позірк. Пошук – гэта заўжды праца на дваіх.
Досвед паказвае, што кінолаг-пашукавік з часам робіцца і псіхолагам – у пошуку трэба ўлічваць усе акалічнасці сітуацыі. Калі чалавек пайшоў у лес і заблукаў – ён будзе хацець, каб яго знайшлі, адгукацца. Калі згубіўся сталы ці слабы чалавек, трэба браць пад увагу, што ён можа страціць прытомнасць і не адзавецца. “Трэба ўмець паставіць сябе на месца таго, каго шукаеш, каб вызначыць кірункі пошуку больш дакладна. Але без сабакі ніводзін следапыт з пошукам не справіцца. Свайму сабаку трэба давяраць. Часам глядзіш – здаецца, нікога і быць не можа, а сабака акурат у тым месцы чалавека знаходзіць”.
Ва ўмовах, набліжаных да рэальных
“Мядзьведзь – Вега! Прыём! Знайшлі другога чалавека”, – Міхаіл звязваецца па рацыі з тымі, што застаўся на ўскрайку лесу і адначасова паказвае Андрэю, каб змяніў схованку.
“Вега – Мядзведзю! Прыём! Наступны выходзіць на пошук”.

Валанцёр Андрэй Кавалёў пераходзіць на іншае месца – ад паваленага дрэва, дзе яго знайшла Шэрі, спускаеца ў лажбіну, хаваецца ў кустоўніку. Зараз яго будуць шукаці Лабрадор Фанта і Ганна Уласенка. “Фанта такая ж добрая, як усе лабрадоры – пойдзе да любога, што прылашчыць і будзе з ёй гуляць. А калі на яе накрычаць, то пакрыўдзіцца, як дзіця”.
Для Фанты пошук – любімы занятак. Тая самая гульня, у якую гуляюць з ёй дома. Толькі замест цацкі тут трэба шукаць людзей. Фанта хутка навучылася, што знайшоўшы чалавека ў лесе, трэба заставацца на месцы і падаваць голас. Яна ўжо ведае, што сыходзіць нельга і трэба чакаць гаспадыню. Бо любімую цацку за добра выкананае заданне дасць менавіта яна.

Пакуль толькі вучацца, але ўжо ратуюць, каго могуць
Сабакі з Гродзенскага кіналагічнага атрада пакуль толькі “студэнты”. Гучных поспехаў яшчэ не маюць, але вучацца вельмі добра. Пра тое сведчаць атрыманыя некаторымі з іх дыпломы “сацыяльнага сабакі”. Апроч трэніровак у лесе сабакі-валанцёры маюць яшчэ адну працу. Яны наведваюць дзяцей з інваліднасцю – прыходзяць да іх дадому ці разам выходзяць на шпацыры.








