У дзень яднання народаў Беларусі і Расіі - 2 красавіка 2024 года — у Гродне адкрыюць Расійскі цэнтр навукі і культуры. Адкрыццё так званага «Рускага дома» прымяркуюць да 25-годдзя стварэння Саюзнай дзяржавы. Што вядома пра Рускія дамы ў Беларусі і чым яны займаюцца?
Адкрыццё гэтай пляцоўкі афіцыйна звязана са зваротам прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання «Русское общество» да Рассупрацоўніцтва (Федэральнае агенцтва па справах Садружнасці Незалежных дзяржаў, суайчыннікаў за мяжой і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве). Яны папрасілі адкрыць падобны цэнтр у Гродне.
Рускі дом будзе размяшчацца на вуліцы Вялікай Траецкай, 42. У будынку арганізавалі навучальны клас і канцэртную залу. Асноўная задача такога цэнтра — культурнае і гуманітарнае ўзаемадзеянне. Там плануюць праводзіць сумесныя выставы расійскіх і беларускіх мастакоў, канцэрты, адукацыйныя мерапрыемствы.
«У першую чаргу нашы дамы мы адкрываем для людзей, якія хочуць пабольш даведацца пра Расію, яе культуру, атрымаць дакладную інфармацыю пра падзеі, што адбываюцца. Рускі дом — гэта пляцоўка для дыялогу і абмену думкамі па розных пытаннях», — сказаў напярэдадні адкрыцця Рускага дома ў Гродне кіраўнік Рассупрацоўніцтва Яўген Прымакоў.
Рускія дамы ў Беларусі працуюць у Мінску, Брэсце і Гомелі. Імі кіруе Юрый Макушын, які раней працаваў у Маскоўкім урадзе. Працай гэтых дамоў кіруе Рассупрацоўніцтва.
У 2022 годзе ў Рускім доме ў Мінску арганізоўвалі канферэнцыю «Захаванне, падтрымка і прасоўванне рускай культуры і мовы за мяжой». Таксама там адбываліся фотавыстава, канцэрт і канферэнцыя «Агульная культурна-гістарычная спадчына Расіі і Беларусі».
Тады ж гомельскі Рускі дом арганізоўваў канцэрты бардаў, адпраўляў дзяцей і моладзь на мерапрыемствы ў расійскія гарады, а таксама ў анэксаваны Расіяй Крым. У Брэсце Рускі дом збіраў падарункі для сем’яў у патрэбе, у тым ліку з так званых Луганскай і Данецкай Народных рэспублік, а таксама часткі акупаваных расійскімі войскамі Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны.
У сацыяльных сетках Рускіх дамоў публікуюць кантэнт, прысвечаны расійскай гісторыі, палітыцы і кіно.
«Асобна варта вылучыць праекты, арыентаваныя на нашую агульную гісторыю, і асабліва тыя яе трагічныя старонкі, якія нельга забыць і важна не даць ім паўтарыцца», — сказаў Прымакоў.
Напрыклад, у Мінску арганізавалі міжнародны форум Расійскага вайскова-гістарычнага таварыства «Гісторыя для будучыні. Расія і Беларусь» для моладзі. Удзельнікі абмяркоўвалі «новыя выклікі і пагрозы, якія стаяць перад Расіяй і Беларуссю».
У Мінску арганізавалі выставу «Звычайны нацызм». Паводле Прымакова, яна была прысвечана «трагедыі мірнага насельніцтва Данбаса» і «выкрыццю злачынстваў украінскіх неанацыстаў».
Чытайце таксама: Замкі разбураць не будуць, але назвы вуліц «пачысцяць». Як могуць уніфікаваць гісторыі Беларусі і Расіі
«Рускія дамы цесна супрацоўнічаюць з уладай у той жа час, калі жорстка пераследуюцца польскія культурныя інстытуцыі ў Беларусі, не маюць магчымасці працаваць культурныя ініцыятывы літоўскай амбасады, зачынены Інстытут Гётэ, — казаў у 2022 годзе выданню „Медыязона“ сацыёлаг Аляксей Ластоўскі. — Зачышчаны культурны ландшафт Беларусі, засталася толькі Расія як адзіны саюзнік, і гэты саюзнік мае магчымасць уплываць не толькі на культурныя, але і на палітычныя, эканамічныя аспекты жыцця краіны».
На думку Ластоўскага, беларускія чыноўнікі не цалкам могуць кантраляваць працу Рускіх дамоў, бо гэтыя арганізацыі падначальваюцца Расіі. А ідэі, якія прасоўваюць Рускія дамы, могуць атрымаць падтрымку ў значнай часткі насельніцтва Беларусі.
Асноўная дзейнасць Рускіх дамоў накіравана на дзяцей і моладзь. У гродзенскім Рускім доме плануюць арганізоўваць паездкі ў Расію ў межах праграмы «Новае пакаленне», а таксама рабіць сумесныя валанцёрскія і спартовыя праекты.
«Падчас правядзення Расіяй буйных мерапрыемстваў аддзяленне ў Гродне будзе працаваць з патэнцыйнымі беларускімі ўдзельнікамі», — сказаў Прымакоў.
«Калі мы хочам прасоўваць нейкія ідэі, то больш эфектыўна рабіць гэта праз падрастаючае пакаленне. Гэта дасць найбольшы эфект, таму што дзеці і падлеткі ў будучыні будуць рэалізоўваць той комплекс каштоўнасцяў, які быў у дзяцінстве», — лічыць Ластоўскі.
Згодна з гэтым, калі гаворка ідзе пра стратэгічнае планаванне на гады і дзесяцігоддзі, то Расія плануе далей трымаць Беларусь у сферы свайго ўплыву, патлумачыў сацыёлаг.
«Няма нічога дзіўнага і страшэннага ў практыцы такіх „дамоў“, калі не ўлічваць тое, што Расія — гэта краіна, якая пачынае войны, і тое, што праца прадстаўніцтваў іншых краін не ўяўляецца немагчымай, — кажа Ластоўскі. — Існуюць Польскія дамы ў Літве, Венгерскія ва Украіне і гэтак далей. Больш за тое, падкрэслю, што Рускія дамы — гэта толькі адзін інструмент уплыву, і значна больш важны інструмент уплыву — гэта тое, што міліцэйская дубінка знаходзіцца ў руках людзей, якія згодныя з тым, што кажуць у Рускіх дамах. Ці, нават калі яны не згодныя — гэта ім здаецца больш блізкім, чым тое, што кажуць у Польскіх дамах».
Чытайце таксама: У школе Гродна збіраюць прысмакі для дзяцей Данбаса. Ініцыятар — фонд прарасійскага актывіста Талая
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…