У гродзенскай і ваўкавыскай польскіх школах з 2022 года пачнуць выкладаць на рускай мове. Польскай мовы і літаратуры пакінуць па адной гадзіне ў тыдзень. Па-беларуску будуць выкладаць толькі гісторыю Беларусі і частку прадмету «Чалавек і свет». Hrodna.life пагутарыў пра гэта з бацькамі гродзенскіх вучняў і дзеячамі Саюза палякаў Беларусі.
Кіраўніцтва гродзенскай школы № 36 з польскай мовай навучання паведаміла аб зменах на бацькоўскім сходзе 7 красавіка. Кіраўнікі спаслаліся на змены ў Кодэксе аб адукацыі. Паводле закону, зараз у Беларусі выкладанне на мове нацыянальнай меншасці не прадугледжваецца.
«На бацькоўскім сходзе аб’явілі, што польская школа стане звычайнай школай мікрараёна. Я не ведаю, калі шчыра, што тут каментаваць: паставілі ў вядомасць, моўчкі ўсе запоўнілі анкеты, застаюцца ў школе альбо, можа, хто з наступнага года ў іншую школу хоча перайсці, каб ім было зразумела, якая будзе справа з напоўненасцю класаў», — сказала Hrodna.life маці адной з вучаніц школы Таццяна.
Таццяна распавяла, што школа будзе з рускай мовай адукацыі. «Руская альбо беларуская — з бацькамі практычна не абмяркоўвалі. Адміністрацыя школы вырашыла разам з выканкамам, што прадметы будуць выкладаць на рускай, акрамя „Гісторыі Беларусі“ і „Чалавека і свету“».
У школе на польскай мове працягнуць выкладаць польскую мову і літаратуру. Але застанецца толькі па адным уроку на кожны прадмет на тыдзень. Адзнаку па гэтых прадметах будуць выстаўляць у атэстат.
Яшчэ адна маці вучняў польскай школы — Крысціна — распавяла, што на бацькоўскім сходзе іх проста паставілі перад фактам. «Магчыма, што будзе магчымасць дадаць [польскай мовы] за кошт стымулюючых [заняткаў - заўв. Hrodna.life]. Паставілі перад фактам: кодэкс прыняты і ў ім няма артыкула, права выкладання на мове нацыянальных мяншасцей. Нічога ўжо нельга змяніць».
«Усе прысутныя [на бацькоўскім сходзе — заўв. Hrodna.life] былі абураны, што гэта ўжо сталася фактам! Я і ўсё, каго я ведаю са школы, абураны. Разумеем, што ўжо нічога не можам зрабіць. У школу ішлі дзеці матываваныя, у сваёй большасці этнічныя палякі, хаця гэта і неабавязкова. Вучыцца складана, але вучні годна прадстаўлялі школу на гарадскіх, абласных мерапрыемствах і алімпіядах. За 25 год створаны цудоўныя традыцыі, заўсёды падкрэслівалася, што нашы дзеці вельмі выхаваныя, значна менш парушэнняў з вучнямі 36-й школы. Навошта знішчаць усё тое добрае, што было створана за гэты час», — лічыць Крысціна.
«Якая рэакцыя бацькоў? А якая тут унутры краіны рэакцыя ў каго-небудзь на што-небудзь. Ніякай, усе маўчаць. А што тут скажаш? Наконт планаў? А што, хтосьці цяпер можа будаваць нейкія планы? У мяне планы толькі на сёння і на заўтра», — сказала Таццяна.
Многія аддавалі сваіх дзяцей у польскую школу, каб тыя потым здалі экзамены, атрымалі стыпендыю і паехалі бясплатна вучыцца ў Польшчу. Але былі і іншыя прычыны. Некаторыя выбіралі польскую школу праз адсутнасць у горадзе беларускіх.
«Каб у нас у горадзе была б хоць адна беларускамоўная школа, сапраўдная беларускамоўная, са сваімі традыцыямі і іншым, я б аддала дачку туды. Ніколі не было мэты з’ехаць з краіны, проста традыцыі, якіх прытрымліваліся ў польскай школе, мне здаваліся больш блізкімі. Магчыма, таму што мы католікі. У гэтай школе проста ўсё было не так ідэалагізавана», — сказала Таццяна.
Другая маці кажа, што польская школа «са сваёй атмасферай, вучыла і выхоўвала». Для яе і яе сям'і - палякаў - было важна, каб дзеці вучыліся менавіта ў гэтай школе. «Побач ёсць яшчэ дзве школы, мы маглі выбіраць. Але ніколі не пашкадавалі».
«Паступіць у Польшчу і выехаць мы не планавалі. Навучанне ў школе працягнем. Рэпетытараў браць не будзем», — сказала Таццяна.
«Пакуль яшчэ будуць працаваць цяперашнія кадры — захаваюцца тыя створаныя традыцыі. У іншую школу не пераходзім. Ніхто з класа, як я ведаю, не пераходзіць. Школа стане звычайнай і стане па месцы жыхарства. Значыць, дзеці не будуць так матываваныя. Польскага кампанента амаль не застанецца, — лічыць Крысціна. — Ствараюцца ўмовы, каб усе, што звязана з польскім, загінула».
Моўнае пытанне ў польскай школе падымалі раней. Першы раз — у 2012 годзе, калі школе прапанавалі стварыць рускамоўныя класы. У 2017 годзе Міністэрства адукацыі Беларусі планавала перавесці частку прадметаў і экзаменаў на дзяржаўныя мовы. Тады бацькі апелявалі да польска-беларускіх дамоўленасцяў, паводле якіх гэта школа, пабудавана за польскія грошы, павінна выкарыстоўвацца толькі для навучання на польскай мове.
«Улады ўжо з 2017 года „насіліся“ з думкай перапрафілявання школы ў рускую. Тады мы накіравалі ліст Старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміру Андрэйчанку, міністру адукацыі Ігару Карпенку, міністру замежных спраў Уладзіміру Макею і кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай, за маім подпісам, а таксама Сямёна Домаша, Генрыха Крупенкі і Мікалая Маркевіча. Тых, хто стаяў ля вытокаў школы», — расказаў тэлеграм-каналу «Hrodna 11:27» Тадэвуш Гавін, першы старшыня Саюза палякаў Беларусі.
На гэты ліст чыноўнікі адказалі, што змены, якія плануюць унесці ў Кодэкс аб адукацыі, не закрануць сярэднюю школу № 36 у Гродне і сярэднюю школу № 8 у Ваўкавыску. «Іншымі словамі, гэтыя школы і далей мелі функцыянаваць як школы з польскай мовай навучання», — тлумачыць Гавін.
«Збіралі подпісы, бацькі хадзілі ў аддзел адукацыі. Пяць год таму ўжо былі спробы перавесці на рускую мову. Бацькі тлумачылі, што школа не па мікрараёне і яе выбіраюць па жаданню, каб дзеці вучыліся на польскай мове. Прывозяць дзяцей з усяго города. Былі пісьмовыя звароты бацькоўі тлумачэнні, што мы маем права! Тады нас пачулі», — сказала маці вучняў польскай школы Крысціна.
У жніўні 1995 года Саюз палякаў Беларусі падпісаў дамову з Гродзенскім гарвыканкамам. У пункце 1.3 гэтай дамовы пазначана, што будынак школы, пабудаваны за грошы польскіх падаткаплацельшчыкаў, павінен выкарыстоўвацца як школа з польскай мовай навучання. «Змяніць гэта можна толькі па пагадненні бакоў. Але зараз такой згоды ніхто не даваў. На такіх жа ўмовах у 1999 годзе адкрылі школу ў Ваўкавыску», — сказаў Тадэвуш Гавін.
У сакавіку 1993 года Беларусь і Польшча падпісалі дамову «Аб добрасуседстве і прыязным супрацоўніцтве». «У артыкуле 16 гэтай дамовы сказана, што «бакі будуць імкнуцца даваць асобам, названым у арт. 14 [нацыянальныя меншасці - заўв. Hrodna 11:27] суадносныя магчымасці для навучання на іх роднай мове і адукацыі на гэтай мове ў агульнаасветніцкіх установах», — сказаў Гавін.
Чытайце таксама: «Яны працягваюць палітыку савецкіх уладаў». Першы старшыня Саюза палякаў - пра гісторыю змагання за польскія школы ў Беларусі
Зараз у гродзенскай польскай школе навучаецца каля 620 дзяцей. У ваўкавыскай — 250.
«Усё, што зараз плануюць зрабіць беларускія улады, спасылаючыся на кодэкс, гэта ўсё супрацьпраўныя дзеянні. Яны не маюць пад сабой ніякіх прававых падстаў для змены профілю школы з польскай мовай навучання на школу з рускай мовай навучання», — лічыць Тадэвуш Гавін.
На думку Гавіна, гэта рашэнне абмяжоўвае правы палякаў, грамадзян Беларусі. «Якія жывуць, якія з’яўляюцца карэннымі жыхарамі Рэспублікі Беларусь, якія працуюць, плацяць падаткі. Пры гэтым ушчымляць іх правы. Гэта проста дыскрымінацыя польскай нацыянальнай меншасці па нацыянальнай прыкмеце».
Чытайце таксама: «Праверылі падручнікі і карты». У польскія школы ў Гродне прыходзіла пракуратура
«Так здарылася, што Беларусь сталася хаўруснікам Расіі ў гэтай вайне супраць Украіны. І Беларусь знаходзіцца фактычна пад расійскай акупацыяй. Тое, што адбываюцца гэта дзеянні, якія ад беларускага кіраўніцтва вымусіла кіраўніцтва акупанта, а менавіта ўлады Расіі. Вось дэнацыфікуюць Украіну. І Крэмль разумее, што наступным крокам будзе дэнацыфікацыя Беларусі, у сэнсе дэбеларусізацыі і напэўна дэпаланізацыі. І калі РФ пачне шукаць чарговыя ахвяры сваёй інвазіі, якую яна ўжо пачала супраць Украіны, то імі напэўна стануцца Беларусь і Польшча», — сказаў галоўны рэдактар партала Саюза палякаў Анджэй Пісальнік у інтэрв'ю «Радыё С****да».
На думку Тадэвуша Гавіна, бацькі, педагагічны калектыў школы і польскія арганізацыі не павінны апускаць рук. Школу пабудавалі згодна з дзейнымі беларускімі законамі і перапрафіліраваць яе нельга. Трэба весці перамовы і прадпрыняць усе меры, якія могуць паўплываць на тое, каб школа і далей функцыянавала так, як гэта напісана ў дамове аб яе будаўніцтве.
Крыніца Hrodna.life паведаміла, што на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы нібыта расфармоўваюць Кафедру польскай філалогіі.
Яе ў 1989 годзе заснавала доктарка філалагічных навук, прафесарка Святлана Мусіенка. Пры кафедры польскай філалогіі працуе літаратурны музей Зоф'і Налкоўскай. Пацвердзіць або абвергнуць гэтую інфармацыю рэдакцыя Hrodna.life не змагла.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…