Івану Тужыкаву 19 гадоў. Ён нарадзіўся і жыве ў Мінску. Вучыцца ў БДУ на фаультэце геаграфіі і геаінфарматыкі. Летам 2021 года ён вырашыў аб’ехаць на ровары Заходнюю Беларусь: зняць руіны і зрабіць фільм пра спадчыну, якую краіна губляе. Выехаўшы з Мінска 1 ліпеня, за 26 дзён падарожжа Іван зняў каля 38 архітэктурных каштоўнасцей. 24 ліпеня ён даехаў да Гродна. Для Hrodna.life падарожнік распавёў, чаму і навошта ён круціць педалі.

Мінчанін праехаў на ровары 1500 кіламетраў, каб зняць фільм пра руіны
Іван Тужыкаў. Фота: Hrodna.life

У 16 гадоў Іван выпадкова даведаўся, што ў самым цэнтры Мінска пад зямлёй знаходзяцца руіны замка. У яго адразу ўзнікла пытанне: чаму ў сталіцы, дзе жыве амаль 2 млн чалавек, ніхто гэтага не адкапаў і не зрабіў музей пад адкрытым небам.

«Я пачаў шукаць інфармацыю. Замак адкапалі пасля Другой сусветнай вайны. Пасля працы археолагаў яго засыпалі і пачалі будаваць Палац спорту. Другі раз на яго наткнуліся, калі будавалі метро. Далі пакапацца археолагам яшчэ меней. І чым больш я даведваўся пра страчаныя будынкі, тым больш станавілася сумна», — распавёў Hrodna.life Іван.

«Вельмі хочацца, каб у будучыні ў краіне развіваўся турызм. Бо тут можна зрабіць вельмі шмат для прыцягнення турыстаў».

Даехаць з Мінска да Нарачы і не памерці

Падарожнічае Іван на ровары. На багажніку замацаваны заплечнік. У левым аддзяленні знаходзяцца кухонныя прылады: газавая плітка, кансервы, кашы. У правым — адзенне. Наверсе — намёт.

Мінчанін праехаў на ровары 1500 кіламетраў, каб зняць фільм пра руіны
Ровар Івана. Фота: Hrodna.life

«Я проста катаўся. Потым праехаў 50, 60, 70 кіламетраў. Пасля задаўся пытаннем: ці можна даехаць з Мінска да Нарачы і не памерці? Праехаў каля 150 кіламетраў туды. Гэта была цэлая „Санта Барбара“. Каб бацькі не даведаліся, я распрацаваў схему, як сябрам мяне „прыкрыць“. Бо два дні адсутнічаў дома. Калі я вярнуўся, то зразумеў - за два дні атрымаў эмоцыяў больш, чым за тры месяцы».

Пазней Іван даведаўся, што ёсць людзі, якія праязжаюць на ровары 1000 і нават 4000 кіламетраў. А адзін гамяльчанін наогул праехаў ад Гомеля да Уладзівастока. Гэта дало матывацыю на ўласнае падарожжа па Беларусі.

«Калі пракладаю маршрут, мне балюча»

Іван распачаў падарожжа 1 ліпеня. За амаль месяц ён праехаў каля 1500 кіламетраў. Сярод гарадоў і мястэчак, куды заяжджаў Іван ужо былі Баранавічы, Мір, Нясвіж, Пінск, Бяроза, Брэст, Камянец, Ваўкавыск і Гродна.

Мінчанін праехаў на ровары 1500 кіламетраў, каб зняць фільм пра руіны
Іван Тужыкаў у Гродне. Фота: Hrodna.life


«Я зайшоў на турыстычныя сайты і форумы. Пазначыў цікавыя для мяне месцы, правёў паміж імі лінію — і ўсё. На жаль, шматлікімі адметнасцямі трэба ахвяраваць. Калі я разлічваю маршрут, то мне балюча. Бо яшчэ хочацца заехаць у адно ці два мястэчкі, але гэта ўжо не 40 км, а 60 км, а калі яшчэ нешта дадаць, то і 150 км».

У падарожжы Іван пераследуе дзве мэты. Першая — асабістая: атрымаць вопыт і адыйсці ад навінаў і праблемаў. Другая — грамадская: звярнуць увагу людзей на тое, што Беларусь — гэта краіна з вялікай гісторыяй, што можа зацікавіць турыстаў з усяго свету.

Мінчанін праехаў на ровары 1500 кіламетраў, каб зняць фільм пра руіны
Іван Тужыкаў у Гродне. Фота: Hrodna.life

«З кожным днём усё больш абыякава, дзе ты будзеш спаць»

У падарожжы Іван прачынаецца і рушыць у дарогу, а восьмай ці а дзявятай. Ад трэцяй да пятай гадзіны робіць перапынак на сіесту.

«Я паважаю свой арганізм і ўдзячны яму за тое, што ён мяне трывае». Пад вечар выбірае месца для начлегу. «Гэта можа быць спецыяльна абсталяванае месца. Можа каля вадаёма, можа ў полі. З кожным днём усё больш абыякава, дзе ты будзеш спаць. У нейкі момант я прачнуўся і зразумеў, што за спінай дарога, перада мной плот, а побач конскі гной». Некалькі разоў Івана запрашалі переночыць новыя знаёмыя, у Брэсце ёнспыняўся ў сваякоў.

«Гродна — самы еўрапейскі горад Беларусі»

Гродзенская і Брэсцкая вобласці - самыя багатыя на архітэктурную спадчыну, лічыць Іван. Маўляў, калі ўсе адметнасці пазначыць на мапе кропачкамі, то адразу бачная мяжа паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю.

Мінчанін праехаў на ровары 1500 кіламетраў, каб зняць фільм пра руіны
Іван Тужыкаў у Гродне. Фота: Hrodna.life

«Гродна па прыгажосці такі ж як і Мінск. Але гэта зусім розныя гарады. Мінск гэта савецкая архітэктура, куды амерыканцы прыязжаюць фатаграфаваць серп і молат. А Гродна — самы еўрапейскі горад Беларусі. Тут самы вялікі гістарычны цэнтр. Самая старая аптэка, самы стары гадзіннік. Два сярэднявечныя замкі. Тут патрэбна шмат часу, каб абысці ўсе цікавыя месцы».

З Гродна Іван вяртаецца ў Мінск. Падарожжа па поўначы і ўсходзе краіны працягне ўжо на аўтамабілі. Ён плануе падарожнічаць да канца жніўня, а потым паступова мантаваць фільм.

Хоча «рукамі» зразумець, што такое нармальная рэстаўрацыя

У будучыні Іван плануе паехаць валанцёрам ў Гедэлон. Гэта  — сучасны праект пабудовы замка XIII cт. у Францыі. Тут выкарыстоўваюць выключна метады і матэрыялы сярэднявечча. Іван хоча зразумець «сваімі рукамі», што такое нармальная рэстаўрацыя.

«Я пісаў ім. Яны сказалі, што гатовыя прыняць мяне. І будуць вельмі радыя, калі хтосці потым скарыстае гэты вопыт у Беларусі. Але зараз каранавірус, таму гэтыя планы пакуль адкладаюцца».