Над старадаўнімі роспісамі на тэрыторыі Архірэйскага падворка ў Гродне працавала на працягу чатырох месяцаў сям’я Ліпскіх з Мінска. Спецыялісты аднавілі малюнкі святых дакладна так, як яны былі нанесеныя на сцяну ў пачатку 19 стагоддзя.

У цэнтральным будынку Архірэйскага падворка ў пачатку 2000-х гадоў знайшлі на сценах старадаўнія малюнкі. Роспісы захаваліся, бо шмат год знаходзіліся пад пластамі тынкоўкі. Рабочыя знайшлі іх выпадкова ў час рамонту.

У гродзенскім Архірэйскім падворку аднавілі старадаўнія роспісы сцен
Роспіс незадоўга да аднаўленчых работ, жнівень 2017 г.

На аднаўленне сышло чатыры месяцы

Аднаўляць роспісы праваслаўная царква запрасіла спецыялістаў з Мінска. За работу ўзялася сям’я Ліпскіх: бацька і тры сыны.

«Работа была складаная, бо для нас было важна аднавіць усё дакладна, як было ў арыгінале, — распавядае кіраўнік будаўнічых работ на Архірэйскім падворку Валянціна Сачко. — На ўсе працы сышло парадку чатырох месяцаў. Спачатку ўсё расчышчалі, пасля ўмацоўвалі, праводзілі хімічны аналіз, а таксама падбіралі колер. Даводзілася чакаць, пакуль усе растворы застывалі і высыхалі, і толькі пасля працягвалі працу».

У гродзенскім Архірэйскім падворку аднавілі старадаўнія роспісы сцен
Роспіс пасля аднаўлення, снежань 2018 г

Фрэску зможа ўбачыць кожны

Па словах Валянціны Сачко, рэстаўрацыя будынка ўжо заканчваецца. У будучыні сцяна, дзе аднаўлялі роспіс, будзе знаходзіцца ў малельным пакоі. Ён будзе адкрыты для святароў і вернікаў.

«Такую прыгажосць трэба паказваць. Сёння, напэўна, ужо няма тых людзей, якія ў арыгінале бачылі гэтую фрэску. Прайшло ўжо столькі гадоў, але мы пастараліся аднавіць усё як было», — дадала Валянціна Сачко.

Даведка

Будынкі, вядомыя цяпер як Архірэйскі падворак, былі спраектаваны ў 1765−1772 гадах як палац віцэ-адміністратара Гарадніцы. У 1858 годзе комплекс набыла Літоўска-Віленская епархія, у якую ўваходзіў тады Гродна. Тут размяшчаліся духоўная кансісторыя, архірэйская рэзідэнцыя і жыллё для святароў. У той час на тэрыторыі Архірэйскага падворка была заснавана Дамавая царква, якую можна ўбачыць на малюнках Напалеона Орды. З сярэдзіны 50-х гадоў ХХ стагоддзя і да 2004 года аб’ект належаў медуніверсітэту. Сёння ён зноў належыць праваслаўнай царкве.

У гродзенскім Архірэйскім падворку аднавілі старадаўнія роспісы сцен
У гродзенскім Архірэйскім падворку аднавілі старадаўнія роспісы сцен
У гродзенскім Архірэйскім падворку аднавілі старадаўнія роспісы сцен

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life