Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а да 27 гадоў адкрыў уласную вытворчасць у вёсцы пад Лідай. Зараз у Instagram-акаўнце Рамана больш за 20 тысяч падпісчыкаў, а заказы распісаны на два месяцы наперад. Гісторыю поспеху гродзенца распавядае Onliner.by.

«Такарны станок застаўся ад дзядулі - на ім вытачыў каля 500 біт»

Раман нарадзіўся ў Гродне. Калі яму было ўсяго два месяцы, яго бацьку забілі. Разам з маці і братам яны перабраліся ў Ліду. Маці Рамана — чэмпіёнка Беларусі па біятлоне, матывавала і сыноў займацца спортам. Малады чалавек захапіўся плаваннем і стаў кандыдатам у майстры спорту. Але зарабіць спортам на жыццё складана, лічыла маці.

— Яшчэ ў школьныя гады ў маім жыцці з’явіўся такарны станок, які застаўся ад дзядулі. Думаю, а што мне, маладому дурню, трэба, не скалкі ж. Так я вытачыў сваю першую бейсбольную біту і панёс яе ў школу, дзе з’явілася шмат жадаючых яе набыць. Так мы з аднакласнікамі сталі цэлымі дэлегацыямі ездзіць за 20 кіламетраў да дзедаўскага станка. За год мы вытачылі каля 500 біт. Гэта быў мой першы прыбытак, які я патраціў на другі такарны станок, — расказвае Раман.

Спачатку заказы паступалі ад школьнікаў, а пазней сталі прыходзіць аматары аўтамабіляў.

— Для аўтамабілістаў мы прадавалі біты спачатку па $ 30, потым па $ 50, потым па $ 70. Памятаю, як аднойчы кліент папрасіў выгравіраваць на біце фразу Memento mori, але выйшла смешная памылка: «Момантаў мора». Потым ён мне тэлефануе са сходкі BMW і кажа: «Вы тут нешта наблыталі», — узгадвае гродзенец.

Адвучыўся на сталяра ў Міры, а досведу набіраўся ў Расіі

Пасля школы Раман хацеў і надалей развіваць рамесныя навыкі. Таму паехаў вучыцца ў Мір на столяра, разбяра і станочніка.

— Адразу сказаў майстру, што праседжваць тут штаны не збіраюся. Калі іншыя долатам стругалі ручкі ад рыдлёўкі, я ўжо стаяў на фрэзеры, дзе патрэбен чацвёрты-пяты разрад, — адзначае ён.

У 21 год Раман вырашыў паехаць у Расію — планаваў набрацца там вопыту. Усяго за паўгода ён стаў найлепшым майстрам мэблевай вытворчасці і дарос да кіраўніка, а потым яго «кінулі» з заробкам.

— Так я вярнуўся ў Беларусь — не скажу, што голы-босы. Але прабыў тут нядоўга: мяне паклікалі ў Санкт-Пецярбург, на стары кардонны завод. Там была кампанія, якая займалася чыста слэбамі [шырокі падоўжны або папярочны зрэз дрэва, які выкарыстоўваецца для стварэння сталоў - Hrodna.life], я ж прасоўваў свае тэхналогіі па смале і яе заліванні. Так я стаў галоўным тэхнолагам вытворчасці, прапрацаваў недзе два з паловай гады. Мы бралі вельмі вялікія і сур’ёзныя замовы, за месяц рабілі 2500 «квадратаў» сталоў, заробак быў добры. Але ў рэшце рэшт не зусім прыгожа павёў сябе дырэктар, а я, ужо набраўшыся досведу, зразумеў, што хачу сваю вытворчасць, але дома, — распавядае гродзенец.

«Калі перастануць стальніцы купляць, я спушчуся да зэдлікаў»

Так Рома вярнуўся ў Ліду і пачаў браць першыя заказы. Сарафаннае радыё працавала добра — заказы паступалі амаль бесперапынна.

— Майстэрня была ну проста ў жудасным стане. У бацькоў была невялікая вытворчасць у Ганчарах, там пакой 3×4 метра. Гэта была мая першая майстэрня, — успамінае хлопец.

Цяпер у Ромы ёсць уласнае памяшканне для працы з цэхамі і складам, а таксама ўсё неабходнае абсталяванне. У рабоце гродзенцу дапамагаюць два майстры.

— Тут не толькі сталы. Хочаш — крэслы, хочаш — лесвіцы, любую прыладу з дрэва можна выпілаваць. Я разумею, што калі перастануць стальніцы купляць, то я спушчуся да зэдлікаў, пастаўлю за станкі хлопцаў, мы зробім іх і будзем рэалізоўваць на маркетплэйсах. Вялікіх грошай, можа, і не зараблю, але хаця б змагу працаваць у нуль, — распавядае Рома.

«Хацеў бы выйсці на рынак Дубая і больш займацца эксклюзівамі»

У месяц выдаткі Рамана на вытворчасць складаюць каля 3500 рублёў. Малады чалавек кажа, што закупляецца пра запас, бо кошты ўвесь час растуць. Да расходнікаў ён адносіць лакі, герметыкі, шліфавальныя дыскі - увогуле, усё, што можа спатрэбіцца для стварэння стала. Частку прыбытку рэгулярна інвесціруе ў вытворчасць.

У месяц Раман разам з супрацоўнікамі вырабляе да 70 стальніц. Паводле яго слоў, заказы распісаны да Новага года. Прадукцыю заказваюць у асноўным забяспечаныя людзі, якія маюць па дзве-тры нерухомасці. Мэблю бяруць на лецішчы, у дамы і кватэры. Таксама хлопец бярэцца за аптовыя заказы ад рэстаранаў і кафэ.

— Я б выйшаў на рынак Дубая, таму што чуў, як кожныя два гады там мяняюцца дызайн-праекты ў апартаментах. Уявіце, што да вас прыйшоў гатэль, у ім 200 нумароў, і ў кожным з іх паліцы, сталы, шафы. Гэта цікавей, і я б тады не стаяў і сам пілаваў, а наняў людзей, дэлегаваў і больш займаўся эксклюзівамі, — дзеліцца Рома.

«Толькі нарыхтоўка драўніны каштуе $ 1150»

Гродзенец адзначае, што не працуе з эпаксіднай смалой — аддае перавагу акрылаваму палімеру.

— Ён не жоўкне, не цьмянее, не адслойваецца, ён надзейней і трывалей за смалу. Яшчэ эпаксідка каля паўгода вылучае стырол (атрутны газ), і пакупнік пра гэта не ведае. У акрылавага ж палімера тэрмін поўнай палімерызацыі - 8−12 гадзін. Гэта значыць, за гэты час у цябе атрымліваецца гатовы пластык.

Па словах Рамана, рынак завалены аднатыпнымі сталамі а-ля «дзве палкі і смала па цэнтры». Каб выраб выглядаў стыльна, нестандартна і прыцягваў погляды, трэба пастарацца.

— Сапраўдны заробак — толькі на эксклюзіве. Напрыклад, у нас зараз ёсць слэб капавага клёну. Толькі нарыхтоўка такой драўніны каштуе $ 1150. Прыязджае яна волкая, затым сохне 90 дзён (па міліметры ў дзень) і праходзіць тэрмаапрацоўку. Гэта разбурае клеткавую структуру, каб драўніну не вяло ад вільгаці. Мы сушым і тэрміруем дрэва самі, у Гродне.

«Мой бізнес дакладна не пра грошы»

Адкрываць шоурум у Лідзе малады чалавек не плануе — лічыць, што попыту на яго прадукцыю тут не будзе. А таму і не бачыць сэнсу марнаваць грошы на арэнду, лагістыку і зарплату супрацоўнікам.

Вяртацца ў наём Раман таксама не хоча — кажа, што разглядае працу толькі на сябе.

— Мой бізнес дакладна не пра грошы. Ды і які я бізнесмен, калі сам за станком стаю? Я проста люблю гэтую справу і жыву ёй. Калі б я думаў толькі пра заробак, ніколі б не заняўся сталяркай. Ведаеце, у маім атачэнні ёсць шмат людзей з уласным заводамі. Ты глядзіш на іх магчымасці, станкі і думаеш: вось да гэтага трэба імкнуцца. А потым яны кажуць: «Ромка, ты самы шчаслівы чалавек, таму што нам, калі працы няма, трэба паўсотні супрацоўнікаў плаціць зарплату, а ты палку балгаркай стругануў і аддаў». І тут мысленне адразу мяняецца. Ты думаеш пра маштабаванне, але бачыш гэтых дырэктараў, у якіх няма часу на жыццё, і спрабуеш знайсці баланс.

«Пайшоў бы ў будаўнічы бізнес і заняўся каркаснымі лазнямі»

На думку Рамана мэбля, якую ён вырабляе, паступова будзе страчваць актуальнасць. Па падліках гродзенца, часу засталося няшмат — каля трох гадоў. Усё з-за таго, што Масква, асноўны рынак збыту, куды прадпрымальнік пастаўляе сваю прадукцыю, перанасычаны. А людзі аддаюць перавагу металу.

Акрамя таго, прызнаецца Раман, за шэсць гадоў ён і сам стаміўся.

— Трэба штосьці мяняць. Мы ўжо робім насценныя пано, тумбы, дзверы, лесвіцы. Станкі дазваляюць рабіць усё што заўгодна. Улетку, напрыклад, робім тэрасы. Я б увогуле ў будаўнічы бізнес пайшоў і заняўся каркаснымі лазнямі. Магчыма, хутка да гэтага і прыйду.