Алена і Ксенія (імёны зменены) сталі мамамі з розніцай у два гады, але Ксенія нараджала ў Беларусі, а Алена — у Польшчы. Мы задалі ім аднолькавыя пытанні пра роды, умовы ў шпіталях і стаўленне медыцынскага персаналу.
Рэдакцыі MOST і Hrodna.life запускаюць сумесны праект пра людзей, з’явы і падзеі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.
Ксеніі 35 гадоў, і яна двайчы мама. Паводле слоў беларускі, першы вопыт родаў быў не надта ўдалым: сутычкі доўжыліся каля 13 гадзін, а ў працэсе ўзніклі ўскладненні — з-за анестэзіі спынілася родавая дзейнасць, і медыкам давялося аднаўляць яе медыкаментозна. Таму перад другімі родамі Ксенія хвалявалася, але старалася захоўваць аптымізм.
— Было вельмі страшна, але хацелася паўтарыць, — усміхаецца жанчына.
Нягледзячы на вопыт мацярынства, Ксенія запісалася на курс па падрыхтоўцы да родаў. Там будучай маме нагадалі, як правільна дыхаць падчас родаў, як даглядаць за немаўляткам, прыкладаць яго да грудзей, спавіваць і многае іншае. Пазней да курсу далучыўся і муж Ксеніі, Сяргей, каб атрымаць сертыфікат, які дазваляе прысутнічаць на родах. Навучанне абышлося маладым бацькам у 500 рублёў.
Першы раз Ксенія нараджала адна. Тады Сяргей таксама вельмі хацеў быць побач у гэты важны момант, але яна адмовілася, паддаўшыся меркаванню атачэння.
— Усе казалі: «Навошта муж на родах? Гэта глупства!» — успамінае Ксенія. — Але калі зацяжарала другі раз, адразу сказала яму: «Хачу, каб ты прысутнічаў».
Жаданне Ксеніі было невыпадковым: падчас родаў жанчына адчувае моцны боль, не можа крычаць і, адпаведна, паклікаць на дапамогу. Падчас першых родаў у палаце не было трывожнай кнопкі, і Ксенія доўга не магла паклікаць лекара. У другі раз яна хацела, каб Сяргей знаходзіўся ў перадродавым пакоі, але пара ўсё яшчэ не планавала, што ён будзе ў родзале.
Калі Ксенія была на 38-м тыдні цяжарнасці, яны з мужам падпісалі дамову на партнёрскія роды з Гродзенскім абласным клінічным перынатальным цэнтрам.
Трэніровачныя схваткі ў Ксеніі пачаліся ноччу. У той момант у кватэры яны былі ўдваіх з мужам: старэйшае дзіця начавала ў дзеда. Не спалі да ранку, рыхтуючыся ехаць у шпіталь, але рэгулярныя сутычкі так і не пачаліся. Тады Сяргей забраў старэйшае дзіця, адвёз на заняткі і паехаў на працу.
— Праз 15 хвілін пасля таго, як муж з’ехаў, пачаліся сапраўдныя схваткі, — успамінае Ксенія. — Я патэлефанавала яму і сказала: «Вяртайся — паедзем нараджаць».
Афармленне ў перынатальным цэнтры ішло марудна. Акрамя запаўнення дакументаў і агляду, патрабаваліся вынікі аналізу на COVID-19. У Сяргея яны былі, а ў Ксеніі — не, бо яна здала тэст пазней і не паспела атрымаць вынік. Таму новы аналіз у яе ўзялі на месцы. Чаканне ў прыёмным аддзяленні заняло каля трох гадзін.
— Сяргей нерваваўся і не разумеў, чаму так доўга. Гаварыў: «Ты ж нараджаеш!» — з усмешкай успамінае Ксенія.
Калі вынікі аналізаў былі гатовыя, пару адправілі ў перадродавую палату. У гэты дзень на паверсе яны былі адны, бо больш ніхто не нараджаў. Ксенія лічыць, што ім пашанцавала, бо яны маглі вольна хадзіць і размаўляць.
У перадродавым пакоі Ксенія правяла каля двух з паловай гадзін. Схваткі былі больш балючымі, чым падчас першых родаў, але анестэзію ёй не рабілі. Справіцца з болем дапамаглі фітбол і масаж, які рабіў ёй муж.
— Было спакайней, бо ён быў побач, — адзначае Ксенія.
У пэўны момант акушэр-гінеколаг прыняла рашэнне праколаць каляплодавы пузыр. Гэта стымулюе родавую дзейнасць і паскарае роды. Лекар абяцала вярнуцца праз 30 хвілін, але ўжо праз 10 хвілін у Ксеніі пачаліся патугі.
— Сказала Сяргею: «Я нараджаю — кліч лекара». Ён паклікаў лекара, яна пацвердзіла, што я нараджаю, і сказала, каб мы пераходзілі ў родзалу. Сяргей давёў мяне да родзалы і застаўся: стаяў за маёй галавой і трымаў за руку, — успамінае Ксенія.
Усяго праз пяць хвілін на свет з’явілася маленькая Сафія. Дзіця адразу прыклалі да грудзей, а праз некалькі хвілін Сяргею дазволілі перарэзаць пупавіну. Пасля гэтага дзяўчынку забралі на вымярэнне і ўзважванне. Калі ўсе працэдуры былі завершаныя, Сяргей змог узяць дачку на рукі.
Пасля родаў Сяргей з’ехаў дадому да старэйшага сына, а Ксенію перавялі ў агульную палату з іншымі маладымі мамамі. Беларуска кажа, што ёй было лягчэй, бо ўжо быў досвед з першым дзіцём.
— Я нават вучыла дзяўчат, як правільна прыкладаць да грудзей і карміць, — смяецца Ксенія.
А вось дапамогі ад медперсаналу перынатальнага цэнтра не было. Калі падчас другіх родаў яна не адчувала ў гэтым патрэбы, то пасля першых родаў у яе была праблема з малаком: яно застаялася, і малочныя залозы пачалі балець.
— Гэта вельмі небяспечна. Але тады мне нават за грошы адмовіліся расцадзіць грудзі, — успамінае яна.
Чытайце таксама: Гродзенская вобласць — на другім месцы па колькасці медыкаў. Дзе яны працуюць і колькі атрымліваюць?
З перынатальнага цэнтра Ксенію з Сафіяй выпісалі на трэція суткі. Іх забралі Сяргей і бацька Ксеніі. Пры выпісцы была фотазона, і можна было зрабіць прафесійныя фота, але пара адмовілася.
— Я марыла толькі пра адно: хутчэй паехаць дадому, — усміхаецца Ксенія. — Але ўвогуле мне другія роды вельмі спадабаліся. Гэта быў больш удалы вопыт, які я б хацела паўтарыць. Цяпер з мужам думаем пра трэцяе дзіця.
Перш чым вы працягнеце чытаць гэты артыкул, калі ласка, падтрымайце рэдакцыю Hrodna.life, калі гэта бяспечна для вас. А калі ёсць магчымасць — аформіце рэгулярную падтрымку.
Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!
Алене 31 год. У жніўні 2022 года яна пераехала ў Польшчу і ўладкавалася на працу, а праз некалькі месяцаў зацяжарала першым дзіцём. Стаць мамай адразу пасля пераезду жанчына не планавала, таму гэтая навіна стала для яе шокам. Нават размаўляць з лекарамі ёй было складана: яна часта не разумела іх з першага разу.
Але адышоўшы ад шоку, Алена пачала шукаць інфармацыю пра тое, як у Польшчы праходзяць роды. Асноўныя звесткі яна збірала ў беларускіх эмігрантак, якія ўжо сталі мамамі. Адны раілі ёй лекараў, іншыя расказвалі пра аналізы, дзяліліся досведам родаў у прыватных і дзяржаўных клініках.
Пазней Алена запісалася ў школу падрыхтоўкі да родаў. На занятках тлумачылі тэорыю, а таксама звярталі ўвагу на фізічную падрыхтоўку — зарадку, расцяжку, навучанне правільнаму дыханню падчас родаў.
Алена даходзіла да 42-а тыдня цяжарнасці. На кантрольным абследаванні ў дзяржаўным шпіталі лекар парэкамендаваў ёй застацца, бо галоўка дзіцяці ўжо была вельмі нізка. Але жанчына не адчувала ніякіх змен, таму адмовілася. У выніку яны дамовіліся, што на наступны дзень Алена вернецца з рэчамі і застанецца пад назіраннем. Так яна і зрабіла.
Беларуску паклалі ў аддзяленне паталогіі, узялі аналізы, зрабілі УГД і кардыятакаграфію — метад дыягностыкі, які фіксуе частату сэрцабіцця плода і скарачэнні маткі. Пасля абследавання лекары паведамілі, што цяжарнасць працякае нармальна, але паколькі тэрмін ужо вельмі вялікі, роды неабходна стымуляваць. Для гэтага назаўтра прызначылі гармон аксітацын.
Чытайце таксама: Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак
Алена ўзгадвае, што ў гінекалагічным аддзяленні яе сустрэлі вельмі цёпла: персанал быў уважлівы і добразычлівы.
— Санітарка прывезла ўсе мае сумкі на каталцы. Я адчувала сябе выдатна і была гатовая несці рэчы сама. Але ў іх практыцы гэта забаронена. Парадзіха можа ўзяць з сабой толькі невялікую сумку, а ўсе астатнія рэчы дастаўляюць у палату, — расказвае яна.
Алена хвалявалася, што ад стрэсу разгубіцца і нічога не зразумее. Але яе асцярогі не апраўдаліся. Акушэрка максімальна зразумела тлумачыла ўсё, а калі жанчына ўсё ж не разумела, перафармулявала сказанае.
Пасля ўвядзення аксітацыну пачаліся схваткі, але спачатку боль была прымальнай. Калі яна узмацнілася, акушэрка стараліся максімальна дапамагчы: прапанавала фітбол, дапамагала мяняць становішча цела, рабіла масаж крыжа.
Калі боль стала невыноснай, Алена папрасіла анестэзію, але лекары растлумачылі, што яшчэ рана — яе прызначаюць пры раскрыцці маткі ад 5 см.
— Мне было ўжо вельмі цяжка. Тады акушэрка прапанавала схадзіць у душ. Стала лягчэй. Пасля яна дапамагла мне апрануцца і вярнуцца ў палату. Памяняла прасціны пад мной. Я адчувала, што мяне атачылі клопатам.
Праз некаторы час Алена зноў папрасіла абязбольванне. Тады да яе выклікалі анестэзіёлага. З жанчыны ўзялі пісьмовую згоду на правядзенне працэдуры.
На той момант яе ўжо моцна трэсла ад болю, таму ўкол атрымалася зрабіць толькі з другога разу.
Муж Алены змог прыйсці ў палату і застацца з ёй да родаў.
Калі дзеянне анестэтыка пачало праходзіць, Алену зноў ахапіла дрыготка і трэмар, а пазней дабавіўся скрыгат зубоў.
— У суседняй палаце нараджала полька. Яна вельмі моцна крычала, і мяне гэта вельмі палохала: я ўяўляла, што мяне чакае, — успамінае яна.
Калі пачаліся патугі, гінеколаг кантралявала сітуацыю і выразна тлумачыла Алене, што рабіць, каб палегчыць боль і паскорыць роды. Але Алена прызнаецца, што страх не пакідаў яе да самага канца.
— Начытаўшыся і наслухаўшыся пра роды ў Беларусі, я вельмі баялася, што мне націснуць на жывот і выціснуць дзіця. Ведаю, што ў Гродне такое практыкуюць. Калі я сказала пра гэта акушэрцы, яна расплюшчыла вочы і адказала, што такія метады тут даўно не выкарыстоўваюць. Я супакоілася, — расказала беларуска. — І яшчэ я прасіла, каб пасля нараджэння дзіцяці пупавіна цалкам адпульсавала, перш чым яе перарэжуць. Гінеколаг сказала, што дасць столькі часу, колькі спатрэбіцца.
У выніку Алена нарадзіла дзяўчынку «за тры патугі». Медыкі пакінулі Алену з мужам і дачкой адных на 20 хвілін — за гэты час пупавіна скончвае пульсаваць. Пасля гэтага муж перарэзаў пупавіну пад наглядам лекара.
Нованароджаную забралі, каб правесці неабходныя даследаванні, а Алене прынеслі вячэру. Пасля гэтага жанчыну ў суправаджэнні мужа перавялі ў палату. Там ёй паказалі, дзе знаходзяцца халадзільнік, чайнік, пеленальны столік і іншыя неабходныя рэчы, а таксама растлумачылі, як карыстацца кнопкай для выкліку медперсаналу.
У палаце Алена змагла схадзіць у душ і адпачыць.
Яна адзначае, што медперсанал усяляк дапамагаў ёй, у тым ліку з наладжваннем груднога гадавання. На працягу двух дзён Алену і дзіця рэгулярна аглядалі профільныя лекары.
Чытайце таксама: Беларуска пасля трох гадоў жыцця ў Польшчы вярнулася ў Гродна. Чаму?
Пакуль Алена знаходзілася ў шпіталі, яе муж паспеў атрымаць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці ў гарадской адміністрацыі. У дакуменце пазначаны імёны і прозвішчы бацькоў, дата нараджэння дзіцяці і індывідуальны нумар PESEL.
Паводле слоў Алены, гэта заняло ўсяго адзін дзень.
— Нам нават далі невялікі падарунак — плед, — кажа яна.
Перад выпіскай Алене падабралі рэкамендацыі па далейшым наведванні лекараў: дзіця трэба было паказаць артапеду, бо ў дзяўчынкі было падазрэнне на касалапасць, а Алене параілі назірацца ў гінеколага.
Таксама ёй растлумачылі, што пры неабходнасці яна можа звярнуцца да сямейнага доктара, які можа выпісаць накіраванне да псіхолага або псіхатэрапеўта.
Роды ў польскай дзяржаўнай клініцы былі для Алены бясплатнымі — па страхоўцы ад Нацыянальнага фонду аховы здароўя (NFZ). Узносы туды плаціць працадаўца.
— Я вельмі рада, што на момант цяжарнасці і родаў я знаходзілася ў Польшчы, бо ўсе мае знаёмыя, якія нараджалі ў Беларусі, у большасці выпадкаў адклікаліся пра гэта негатыўна, — кажа жанчына. — Не магу сказаць, што мой вопыт родаў — гэта нешта страшнае, што хочацца хутчэй забыць. Наадварот, усё прайшло з сапраўднай увагай. І калі я рашуся на другое дзіця, то хацела б нараджаць менавіта тут.
Дзяўчына з Палесся зрабіла беларускія паліцы ў варшаўскіх бібліятэках, дала інтэрв’ю Vogue Polska і паспрыяла…
На тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў мінулым жылі не толькі беларусы. Напрыклад, яшчэ ў XII стагоддзі…
У Гродне ёсць дом, у якім правальваюцца падлогі, сцены абсыпаюцца з-за транспарту, які праязджае міма,…
Артур Марчукевіч прыйшоў у бодзібілдынг у 2017 годзе - пачалося ўсё з таго, што гродзенец…
Чэргі на мяжы — гэта выпрабаванне, знаёмае многім беларусам, хто падарожнічае праз польскую або літоўскую…
Пра сацыяльны ліфт уніз і апошнюю кроплю для ад'езду сям'і распавёў у Instagram гродзенскі фатограф,…