У маленькім і акуратным Адэльску ў Гродзенскім раёне, дзе нарадзіўся мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, ведаюць і перажываюць пра тое, што іх земляка не пусцілі на радзіму. Кажуць, што хвалююцца і моляцца за яго, а яшчэ пытаюцца ў прыезджых, як жа так атрымалася, што кіраўніка Каталіцкай Царквы ў Беларусі, сапраўднага беларуса па нараджэнні і перакананнях, не пусцілі дадому. «А што ж ён зрабіў такога? Ён жа наш, адэльскі», — разгублена пытаюцца мясцовыя. TUT.BY з’ездзіў на малую радзіму Тадэвуша Кандрусевіча і даведаўся, як жыве пасёлак, адкуль родам мітрапаліт і дзе ёсць вуліца яго імя, і што пра ўсё, што адбываецца, думаюць вяскоўцы.
Днём у Адэльску — пустэльна і ціха. Пасярэдзіне мястэчка — старадаўні драўляны касцёл, крыху далей — вялікі плакат з інфармацыяй пра людзей і помнікаў, якімі ў Адэльску ганарацца. На адной з фатаграфій — Тадэвуш Кандрусевіч.
Нагадаем, кіраўнік Каталіцкай царквы Беларусі ўсё яшчэ знаходзіцца ў Польшчы — 31 жніўня яго не пусцілі на радзіму. Беларускія памежнікі адмовілі мітрапаліту-беларусу ва ўездзе ў Беларусь без тлумачэння прычын.
Адэльск называюць мястэчкам чатырох біскупаў. Мясцовыя пра гісторыю аграгарадка гатовыя распавядаць доўга і грунтоўна. Вось, напрыклад, адразу кажуць, што ў канцы XVII стагоддзя жылі два браты: Астафій і Аляксандр Катовічы. Першы быў Смаленскім біскупам, другі - Віленскім. Адсюль жа родам Караль Панцяжынскі, ён быў беларускім, Смаленскім і віленскім біскупам. І калі пра гэтых трох святароў мясцовым вядома мала, то біяграфію Кандрусевіча, здаецца, тут ведаюць назубок.
Святара тут успрымаюць больш не як кіраўніка Каталіцкай Царквы ў Беларусі (хоць, прызнаюцца, ганарацца вядомым земляком), а як свайго, мясцовага. Успамінаюць яго хлапчуком і, абмяркоўваючы апошнія навіны пра мітрапаліта, маюць шмат пытанняў, якія задаць няма каму. Хіба што заезджым журналістам.
Адэльскія адразу кажуць, што мітрапаліт часта прыязджае на сваю малую радзіму. Тут ён быў і летась, калі святкаваў 30-годдзе свайго біскупскага служэння. Вяскоўцы згадваюць, што год таму ў мястэчку праходзіла богаслужэнне, на якім біскуп расказваў аб пачатку свайго духоўнага шляху, згадваў сям’ю, якая многае зрабіла для яго станаўлення як святара, аб мясцовым каталіцкім плябане Пятры Барташэвічу і аб бабулі, якая прыводзіла маленькага Тадэвуша ў касцёл нават тады, калі ксяндза тут не было.
Мітрапаліт Кандрусевіч — першы ў Беларусі каталіцкі святар, якога прысвяцілі ў духоўны сан у пасляваенны перыяд. Было гэта летам 1989 года. Праўда, у Беларусі ён праслужыў нядоўга — усяго паўтара года. У красавіку 1991 года папа Ян Павел II адправіў Тадэвуша Кандрусевіча ў Расію, дзе тады было ўсяго два дзеючых касцёла — у Маскве і Ленінградзе. У 2007 годзе Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь, каб працягнуць тут сваё біскупскае служэнне.
Па словах жыхароў Адэльска, «іх Тадэвуш» ніколі не забываў пра роднае мястэчка. І пры любой магчымасці — а мясцовыя разумеюць, што ў біскупа шмат спраў, — прыязджаў на малую радзіму.
Быў ён тут і мінулым летам. Браў удзел у традыцыйных урачыстасцях у гонар святога Антонія Падуанскага, якога ў гэтых месцах паважаюць ужо больш за 500 гадоў. У Адэльску святому нават паставілі бронзавы помнік. Мясцовыя аб усім гэтым падрабязна распавядаюць і сцвярджаюць, што малітвы, узнесеныя да святога Антонію, дзеюць цуды. Вось і Тадэвуш Кандрусевіч шануе святога, а прыходзячы ў мясцовы касцёл з сям’ёй, будучы хлапчуком, заўсёды маліўся і Антонію Падуанскаму.
— Я Кондрусевича знаю с детства, — гаворыць пажылы мужчына на прыпынку. Прадстаўляецца Эдвардам і распавядае, што родам адсюль, але ўжо даўно жыве ў Гродне, у Адэльску ж засталася бацькоўская хата. Цяпер ён вяртаецца ў абласны цэнтр, да аўтобуса хвілін 20 — значыць, ёсць час пагаварыць. — У касцёле тогда был ксёндз Барташэвіч. Он у лагеры сидел. Харошы был ксёндз. Как пропаведзі вёл, так увесь касцёл плакал. Тадэуш яму дапамагаў, служыў. А потым у сваёй пропаведзі ўспамінаў яго, што той дапамог яму на духоўнай дарозе. Я на 6 год старшэ яго (Тадеуш Кондрусевич родился в 1946 году. — Прим. TUT.BY). Яму тады, калі мы ў касцёл хадзілі, было 7 лет, мне — 13. Ёсць фота, дзе мы вмесце. Он сидит, а мы, старшие, стаім. Дык біскуп жа наш, калі вярнуўся з Расіі на радзіму у сваім біскупскім служэнні, начал усе рабіць для обшчага касцёла. Не было ж сістэмы нікакой. Ксёндзы былі, но мала, касцёлы многія стаялі закрытыя. І што? Такога чалавека не пускают сейчас у Беларусь?
Мужчына распавядае, што касцёл у Адэльску пры савецкай уладзе ніколі не закрываўся, а прыход заўсёды быў шматлюдным. Зараз, праўда, з-за каранавіруса «да касцелу» людзей у буднія дні прыходзіць менш. Але, калі прыязджаў Тадэвуш Кандрусевіч, храм нязменна напаўняўся вернікамі. Людзі прыязджалі на пропаведзі не толькі з навакольных вёсак, але і з Гродна.
Эдвард усё спрабуе знайсці прычыну таго, што адбылося нядаўна на польска-беларускай мяжы. Расказвае: пра тое, што мітрапаліта не пускаюць назад у Беларусь, даведаўся з навін.
Праўда, адразу дадае: многія ў Адэльску глядзяць польскія каналы. Мову суседняй краіны ведаюць, ды і вунь антэны-«талеркі» на дамах вісяць. Але, кажа, вы не думайце: у Адэльску з нацыянальным пытаннем усё добра — і палякі па нацыянальнасці, і беларусы заўсёды жылі разам. Большасць тут — каталікі. Ёсць праваслаўныя, да вайны жылі габрэі. «За польскім часам» Адэльск значыўся горадам, а яшчэ раней меў свой сцяг і герб.
— Усё ў нас тут добра. І Кандрусевіч свой, — кажа Эдвард. — Понятно, что ён мог слова нейкае не так сказаць — і ўсё. Зараз хваціт аднаго слова. Но, думаю, вернецца ж біскуп дамой. Мы ж чакаем.
Аб мітрапаліце-земляку людзі кажуць адно і тое ж: паважаны, добры і справядлівы. Свой.
Пра тое, як ставяцца тут да Тадэвуша Кандрусевіча, кажа і той факт, што вуліцу, дзе стаіць дом, у якім калісьці жыла сям’я будучага біскупа, афіцыйна перайменавалі ў яго гонар. Гадоў 10 таму мясцовыя жыхары сабралі подпісы — і стала вуліца Леніна вуліцай Кандрусевіча. Тут пра гэта кажуць з непрытоеным гонарам.
— Добра атрымалася, так? — з усмешкай пытаецца ў нас мясцовы жыхар Міхаіл. Цяпер ён — гаспадар драўлянага дома, дзе калісьці жыла сям’я біскупа. Бацькі Кандрусевіча памерлі ў 1985-м (тата) і 1999-м (мама) гадах. Але дажывалі свой век яны ўжо ў Гродне, не ў Адэльску. Пахаваная мама на мясцовых могілках.
— Пасля смерці бацькоў хату выкарыстоўваю толькі ў якасці дачы. Там у мяне агарод і сад вялікі - яблыні, грушы. Чулі мы тут пра тое, што Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь. Я не ведаю, як гэта каментаваць. Дзівімся, перажываем, молімся, — кажа мужчына і вядзе паказваць свае ўладанні, адначасна збіраючы ў пакет для нас яблыкі.
Здаецца, навіны з «вялікай зямлі» з яе пратэстамі і затрыманнямі, тут, у ціхім Адэльску, на самай мяжы з Польшчай, ідуць фонам і змешваюцца з апавяданнямі пра ўраджай і непазбежнай зімы. Мясцовыя ж адразу кажуць: гэта не таму што вяскоўцам нецікава, проста і тое, і то цяпер важна — і перамены ў жыцці краіны, і «выгнанне» мітрапаліта, і ўжо вырасла бульба.
— Вось на зіму загатовім 15 яшчыкаў яблык, дык яны да вясны ляжаць будуць, — гаворыць Яніна, якая таксама жыве на вуліцы Кандрусевіча. Жанчына — аднакласніца біскупа. Пра тое, што мітрапаліта не пусцілі ў Беларусь, яна даведваецца ад журналістаў.
— Аёечкі! А дзе ж ён там жыве зараз? А можа яму якая дапамога патрэбна, а мы тут не ведаем? Аёечкі! Як жа мы без яго тут будзем, калі ён застанецца там? —жанчына махае рукой у бок мяжы. Да памежнай паласы праз поле — не больш за кіламетр. —Ён жа беларус, наш, адэльскі. За што ж яго не пускаюць дадому? Што ж ён такога зрабіў? Што ж гэта робiцца?
Яніна распавядае пра былога аднакласніка: вучыўся добра, быў спакойным і адказным. У касцёл хадзіў з бацькамі і бабуляй, удзельнічаў у набажэнствах. Скончыў Ленінградскі політэхнічны універсітэт, а потым і духоўную семінарыю ў Каўнасе. Рапартуе: з сям'і мітрапаліта ў Адэльску нікога не засталося, толькі далёкія сваякі, мама біскупа і сястра, якая памерла ў маладым узросце, пахаваныя на мясцовых могілках.
— Нармальны і просты. Вой, пайду да касцёлу, памалюся за яго. Ды мы ўсе будзем малітву складаць за яго.
Бабуля на імгненне змаўкае — а потым зноў, лемантуючы па-сялянску, дзівіцца таму, што цяпер Тадэвуш Кандрусевіч вымушана знаходзіцца ў Польшчы. Яніна качае галавой і доўга ўздыхае.
— Ну дык, можа, пусцяць яго-такi дахаты? — пытаецца яна ў нас на развітанне — і вяртаецца ў агарод выкопваць бульбу.