Па загадзе гродзенскіх уладаў знеслі адзін з найцікавейшых міжваенных дамоў горада. Гэта адбылося раніцай 6 кастрычніка 2006 года. Утульна размешчаны на куце вуліц 17 верасня ды Горкага ён сустракаў гродзенцаў смачным пахам гарачага свежага хлеба і фарміраваў пачатак так званай Залатой Горкі - месца, дзе заканчваўся горад у першай палове ХХ ст.

Залатую Горку — каля дзясятка драўляных дамоў - знеслі ў жніўні-верасні 2006 года. А вось за «Гарачы Хлеб» гісторыкі вырашылі пазмагацца. Яны падалі заяўку на ўнясенне будынка ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Каштоўнасць будынка была настолькі відавочная, што ў Міністэрстве культуры знос «Гарачага Хлеба» прыпынілі.

Дом па вуліцы Горкага 29, вядомы як «Гарачы хлеб», быў выдатным прыкладам архітэктуры польскага канструктывізму (функцыяналізму) 1930-х. Ён стаў сапраўдным сімвалам абароны архітэктурных помнікаў раёна Новы Свет і горада наогул у перыяд «бульдозернай рэканструкцыі» сярэдзіны 2000-х. І адначасова сімвалам таго горада, які не ўдалося захаваць.

Па рэспубліканскім тэлебачанні нават паказалі рэпартаж аб спробах захавання дома. Ён складаўся з цалкам аптымістычных «прадбачанняў» чыноўнікаў ды журналістаў.

Паралельна гродзенцы і мінчане збіралі подпісы за тое, каб захаваць будынак. На момант зносу такіх подпісаў было каля 600.

2006-09-06-07-37-51

Вечарам 5 кастрычніка стала вядома, што Міністэрства культуры па просьбе гродзенскіх абласных уладаў заднім чыслом адкінула прапанову ўключыць дом у спіс каштоўнасцей. Ранкам 6 кастрычніка цяжкая будаўнічая тэхніка цалкам зруйнавала будынак.

2006-09-06-07-53-22

Працягвалі збіраць подпісы да самага зносу

Гродзенцы яшчэ і ранкам падпісвалі просьбу захаваць дом — яна была прыклеена да вітрын будынка. У працэсе руйнавання яе сарвалі ды кінулі на зямлю.

На месцы зруйнавана дома так нічога і не збудавалі. Пазней там з’явілася клумба.

Дарэчы, месца на скрыжаванні Горкага і 17 Верасня надоўга стала адным з самых аварыйных скрыжаванняў Гродна. Кожны год там здараліся цяжкія аварыі. Самай кур’ёзнай было падзенне танка з цягача. Толькі цудам ніхто не пацярпеў. Пазней схему руху ў гэтым месцы змянілі і аварыйнасць знізілася.

Чытайце таксама: «Гарачы хлеб» як сімвал страт: гродзенцы ўспамінаюць Антоненку і разбурэнне ў Новым свеце

Фотагалерэя: апошнія здымкі крамы «Гарачы хлеб» у Гродне