У верасні 2015 года ад старога дома па вуліцы Маладзёжнай № 3 пакінулі толькі фасад. Тады ж заказчык абяцаў узнавіць дом, які б упісваўся ў архітэктуру вуліцы. Праз год аб’ект набліжаецца да завяршэння, будаўнікі прыбралі агароджы і паказалі гарадзенцам навабуд з адной захаванай арыгінальнай сцяной. Пасля завяршэння ўсіх работ у новым будынку размесцяцца офісы.
Стары дом, як лічыцца, быў пабудаваны ў 1887 годзе. Па іншых дадзеных — у 1910. Шэсць гадоў таму апошняга жыхара літаральна эвакуіравалі, калі абваліўся дах. Адсяляць дом пачалі яшчэ ў 2007 годзе, калі будынак прызналі аварыйным. Большасць жыхароў атрымала новае жыллё на Дзевятоўцы.
Каля пяці гадоў будынак прастойваў і нікому не было да яго справы. Толькі ў 2015 годзе было вырашана стары дом знесці, і на яго месцы пабудаваць новы. Тады гарадскія ўлады далі зразумець заказчыку, што будаваць новы дом давядзецца абавязкова з захаваннем фасада старога будынка. Ужо тады будаўнікі казалі, што танней і бяспечней было б узвесці цалкам новы дом. У выніку праз год атрымаўся прыгожы будынак, які многія нават і не адрозняць ад аўтэнтычнага.
Разам з новым будынкам з’явілася і новая паркоўка для аўтамабіляў.