Група спецыялістаў з міністэрства культуры Польшчы 26 лютага пабывала на будаўнічай пляцоўцы Старога замка. У рамках візіту беларускія калегі азнаёмілі іх з ходам работ на аб’екце, а таксама распавялі пра планы.
Гэта ўжо другая кансультатыўная місія польскіх спецыялістаў у Гродне. У 2018 годзе іх азнаёмілі з ходам першай чаргі рэканструкцыі. Па выніку паездкі польскі бок дапамог беларускім калегам з распрацоўкай формы купала на ўязной вежы Старога замка.
«Нам цікава меркаванне польскіх спецыялістаў»
«Польскія спецыялісты прыехалі ў рамках дзейнасці беларуска-польскай кансультыўнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якая 8 красавіка засядала ў Варшаве, — распавядае начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. — Тады мы разглядалі шмат пытанняў па ахове самых розных гісторыка-культурных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. І адзін з пунктаў пратакола той камісіі - стварэнне польскай группы экспертаў, якія могуць знаёміцца з ходам работ на Старым замку. Таксама нам цікава меркаванне польскіх спецыялістаў. Калі будуць там слушныя парады, будуць абгрунтаваныя прапановы, то безумоўна яны будуць улічаны пры музеефікацыі палаца і пры стварэнні праекта па другой чарзе».
Каралеўскі пакой
Падчас экскурсіі па залах палаца дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка запэўніў польскую дэлегацыю, што каралеўскія пакоі ў якасці туалета выкарыстоўвацца не будуць.
«Прайшла чутка, што нібыта ў спальні караля мы збіраемся рабіць прыбіральні. Так ніхто ніколі не думаў. Гаворка ішла пра камунікацыйны кут, гэта можа быць там будуць прыбіральні. А пакоем караля мы будзе займацца», — распавёў Юры Кітурка.
«Мы хочам неяк дапамагчы»
Працэс работ на Старым замку выклікае вялікую цікавасць у Польшчы. Польскія спецыялісты не спяшаліся дзяліцца папярэднімі высновамі па першай чарзе рэканструкцыі Старога замка. Адзначылі, што калі іх дапамога спатрэбіцца, яны яе акажуць.
«Гэта наш не першы візіт на Стары замак, — распавядае прадстаўнік Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Міхал Міхальскі. — У рамках камісіі працуе група экспертаў па Старым замку. Гэта гісторыкі, архітэктары і мастацтвазнаўцы. Сам аб’ект з’яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай не толькі Беларусі і Польшчы, але і Літвы і Украіны. Гэта адзіны на тэрыторыі Беларусі каралеўскі замак, дзе жылі польскія каралі і Вялікія князі літоўскія. Нельга забываць, што гэта і месца пасяджэння нашага сумеснага парламента — Сойма Рэчы Паспалітай.
У планах на 2020 год на Старым замку завяршэнне работ па першай чарзе і стварэнне музейнай экспазіцыі над якой зараз працуе Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-архелагічный музей.