Гродна працягвае ўтрымліваць другое месца сярод гарадоў Беларусі з найбольш устойлівым і пры гэтым дынамічным жыццём. Пры тым па выніках 2022 года Гродна вылецела з дзясяткі гарадоў з найлепшай эканамічнай сітуацыяй і трапіла ў антылідары па рэпрэсіях у дачыненні да гараджан. Куды лепш пераехаць, калі не хочаш эміграваць, спрабавалі разабрацца ў «Цэнтры новых ідэй».
Даследчыкі прааналізавалі 40 гарадоў Беларусі з насельніцтвам больш за 19 тысяч чалавек. Гэта чацвёрты такі рэйтынг.
Для ацэнкі паводле 13 паказнікаў пакінулі чатыры катэгорыі: дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця і грамадска-палітычныя практыкі. Турыстычную прывабнасць сёлета вырашылі не ацэньваць. Для выніковага рэйтынгу большую вагу надалі стану эканомікі і якасці жыцця (па 30%), а дэмаграфічнай устойлівасці і грамадска-палітычным практыкам — меншую (па 20%). На думку даследчыкаў, першыя два вымярэнні часцей уплываеюць на нашае адчуванне найлепшага горада і больш наўпростава адбіваюцца на жыцці гараджан. Параўнальна з папярэднімі гадамі, шмат якія статыстычныя дадзеныя проста перасталі публікаваць, а нейкія перасталі адлюстроўваць рэальнасць.
У тройцы лідараў гарадоў па выніковай ацэнцы Гродна апярэджвае толькі Мінск. Трэцім у рэйтынгу найлепшых ідзе Брэст. У гэтых гарадах больш лекараў, вышэйшыя заробкі, добры прырост насельніцтва. Але калі паглядзець дэтальна, выяўляюцца праблемы.
Эканоміка: самастойныя, але не ў дзясятцы
Па стане эканомікі за апошнія два гады Гродна спусціўся з 8 месца да 13. Узровень афіцыйна зарэгістраванага беспрацоўя ў Гродне ў 2022 годзе не змяніўся параўнальна з 2021 і склаў 0,3%. Большы сярод даследаваных гарадоў толькі ў Наваполацку і Полацку.
Сярэдні заробак у 2022 годзе склаў 1392,8 рубля. Гэта не такі і кепскі паказнік — 10 месца сярод 40. У 2021 годзе сярэдні заробак у Гродне быў 1211,5 рубель.
Звесткі пра долю ўласных даходаў у бюджэце Гродна магчыма было ацаніць за 2021 год. Яна вырасла на 1% параўнальна з папярэднім годам і склала 97,4%. У гэтым сэнсе наш горад апярэджвае толькі Мінск.
Памер інвестыцый сведчыць аб эканамічнай актыўнасці ў рэгіёне і разлічваецца за пяць гадоў. Сярэдні паказнік інвестыцый у асноўны капітал на тысячу жыхароў за 2017−2021 гады ў Гродне склаў 2,3 мільёна рублёў. Гэта не так і шмат параўнальна з іншымі - 27 месца ў спісе. У 2016−2020 гг.у Гродне паказнік інвестыцый складаў 2,1 мільёна рублёў.
Дэмаграфія: гродзенцы памаладзелі?
Пры ацэнцы дэмаграфічнай устойлівасці ўлічвалі, наколькі насельніцтва маладое і як хутка яно расце. Тут Гродна захавала сваё пятае месца. Звесткі па дэмаграфічнай сітуацыі прыйшлося браць за 2019 год, бо больш свежыя перасталі публікаваць пасля пандэміі. У 2019 годзе натуральны прырост у Гродне складаў 619 чалавек на тысячу жыхароў. Доля людзей, век якіх перакрочыў прадукцыйны, ад насельніцтва Гродна ў 2022 годзе склала 20,8% (у 2021 годзе была 21,3%). Па гэтым параметры Гродна заняў 11 месца з 40. Пад прадукцыйным узростам разумеюць узрост, маладзейшы за пенсійны.
Паводле даследавання, доля людзей у прадукцыйным узросце быццам бы вырасла. Але ж даўно вядома, што беларусы — нацыя, якая старэе, і доля насельніцтва ў пенсійным узросце павялічваецца з года ў год. У гэтым рэйтынгу доля насельніцтва ў пенсійным узросце ў кожным з даследаваных гарадоў зніжаецца. Даследчыкі называюць такое маладзенне анамальным і бачаць яго як ускосны паказнік уплыву эпідэміі ковіда на беларусаў: смяротнасць ад яго значна вышэйшая сярод людзей пажылога ўзросту.
Якасць жыцця: студэнтаў усё менш, але шмат дактароў
Якасць жыцця — гэта ўзровень злачыннасці (упэўненасць, што ніхто не скрадзе гаманец), колькасць дактароў на душу насельніцтва, колькасць студэнтаў і рэйтынг славутасцяў. Апошні параметр даследчыкі лічаць важным фактарам насычанасці культурнага жыцця горада. Жыць у Гродне досыць камфортна — ён заняў другое месца (пасля Мінска) з 40, як і ў леташнім рэйтынгу.
Колькасць студэнтаў у горадзе ацэньвалі паводле звестак аб планах прыёму ў ВНУ на іх сайтах. У Гродне яна падае, хоць і параўнальна высокая па краіне — 5 месца з 40. У навучальным 2021/22 годзе на дзённай форме навучання вучыліся 7,9 студэнта і магістранта на тысячу жыхароў. У 2020/21 адпаведна былі 11,7 студэнта і магістранта на тысячу жыхароў (звесткі на кастрычнік), а ў 2017/2018 навучальным годзе іх было 37.
Па колькасці дактароў Гродна — на першым месцы сярод усіх даследаваных гарадоў. У 2022 годзе дактароў стала яшчэ крыху больш — 7,3 на тысячу жыхароў. Летась іх было 7,1 адпаведна, у 2018 — 6,76.
Узровень злачыннасці ў 2022 годзе крыху зменшыўся і склаў 9,4 злачынства на тысячу жыхароў. Гэта паказнік вышэй за медыяльны сярод даследаваных гарадоў. У 2021 годзе здзяйснялі 9,9 злачынстваў на тысячу гараджан, але затое ў 2017 — усяго 7,4. Падзенне колькасці злачынстваў назіраецца ва ўсіх даследаваных гарадах.
У экспертным рэйтынгу славутасцяў, адмыслова падрыхтаваным стваральнікам праекта globus.tut.by, Гродна лідар па краіне. Наш горад займае першае месца, падзяліўшы яго з Полацкам.
Грамадска-палітычныя практыкі: рэпрэсіі і «кухонная культура»
У гэтай катэгорыі з трэцяга месца Гродна спусцілася на 12-е. Пры яе вызначэнні аўтары ўлічвалі актыўнасць жыхароў на анлайн-платформе «Голас», якая з’явілася і набыла папулярнасць у 2020 годзе ў час выбараў, і праводзіла шматлікія апытанні пазней. Для сёлетняга рэйтынгу аналізавалі актыўнасць у час рэферэндума лютага 2022 года. Агулам у краіне анлайн-актыўнасць грамадзян радыкальна зменшылася. На платформе «Голас» рэгістрацыі ўпалі ў 10−15 разоў. У Гродне колькасць зарэгістраваных на платформе «Голас» склала 13 чалавек на тысячу жыхароў супраць 123 чалавек на тысячу жыхароў адпаведна ў папярэднім годзе.
У леташнім рэйтынгу Гродна быў сярод найбольш грамадскі актыўных гарадоў разам з Мінскам, Маладзечнам, Жодзінам і Салігорскам. Зараз жа Гродна трапіў у антылідары па рэпрэсіях. Узровень рэпрэсій ацэньвалі паводле дадзеных сайта Politzek.me. Рэпрэсаваныя ўлічваліся ў тым горадзе, адкуль яны паходзілі і дзе спазналі рэпрэсіі, а не дзе адбываюць пакаранне. Гродна, Ліда, Жлобін, Брэст, Пінск, Мазыр — гарады з найбольшай колькасцю палітвязняў на тысячу жыхароў.
«Можна сказаць, што палітыка ўладаў спрацавала — палітычныя прызначэнні ў Гродне далі свой вынік. „Вольны горад Гродна“ ў 2020 годзе не трапіў у лідары ў „Голасе“ ў 2022 годзе. Тое ж тычыцца Брэста», — канстатавалі даследчыкі.
2022 год агулам стаў годам знішчэння гарызантальных грамадска-палітычных сувязяў, мяркуюць складальнікі рэйтынгу. Вярнулася «кухонная культура», калі давяраць і ўдзельнічаць у нечым толькі з самым блізкім колам.
У гэтай катэгорыі Гродна ратуе даступнасць інфармацыі для жыхароў ад гарадскіх уладаў. Горад займае шостае месца ў спісе і мае сярэднюю ацэнку ў 80 балаў паводле кантэнт-аналізу сайтаў выканкамаў на наяўнасць публікацый рашэнняў выканкамаў і мясцовых Саветаў дэпутатаў, звестак аб бюджэце і яго выкананні ды наяўнасці беларускамоўнай старонкі. Праўда, летась гэты паказнік быў вышэйшы — яго ацэньвалі на 100 балаў.
Куды знікла турыстычная прывабнасць
У адрозненне ад папярэдніх гадоў, сёлета з вымярэнняў знікла турыстычная прывабнасць гарадоў, якая раней лічылася іх драйверам. Знік адзін са сладнікаў яе вымярэння — колькасць жытла на сайце Booking.com, які перастаў працаваць з Беларуссю. Акрамя таго, урады многіх краін рэкамендавалі грамадзянам не наведваць Беларусь. Калі ў 2019 годзе доля турыстаў з краін Еўразвязу складала каля 25% ад усіх, зараз яна зменшылася да блізу 3%, адзначылі даследчыкі. Агулам паводле афіцыйнай статыстыцы па выніках 2021 года колькасць турыстаў зменшылася ў шэсць разоў.
Бязвіз, які станоўча ўплывае на гарады ля заходняй мяжы, можна было б лічыць унёскам у турыстычную прывабнасць. «Але мы лічым турыстаў, якія ездзяць па бязвізу, хутчэй чаўнакамі, якія прыязджаюць па танныя пакупкі, бензінам і гэтак далей, а не турыстамі ў традыцыйным сэнсе», — патлумачылі аўтары рэйтынгу ў час яго прэзентацыі.
Летась (як і пазалетась), калі гэты параметр яшчэ ўлічвалі, па турыстычнай прывабнасці Гродна быў на другім месцы ў краіне пасля Брэста. Зараз гэтыя гарады, якія найперш былі магнітамі для турыстаў і дзе развівалася турыстычная інфраструктура, губляюць такое сваё значэнне. Захоўваецца паток турыстаў з Расіі, але турыстаў з Захаду амаль няма.
Дзе зручней жыць у Беларусі
Як і раней, заходняя мяжа будзе даваць сваю перавагу ў параўнанні са ўсходнімі гарадамі. Але гэта ўжо зусім не тое, што было ў дакаранавірусныя часы і да выбараў 2020 года, адзначаюць аўтары рэйтынгу.
Пакуль захоўваецца ўзровень жыцця сталіцы і гарадоў-спадарожнікаў. «У людзей, якія думаюць, куды пераязджаць за лепшым жыццём, па сутнасці, будзе дзве опцыі: або выязджаць за межы Беларусі, або, калі пераязджаць кудысьці ўнутры краіны, то хутчэй за ўсё гэта будзе Мінская агламерацыя. Гэта будзе магніт, які будзе прыцягваць беларусаў, якія шукаюць паляпшэння якасці жыцця», — зазначаюць даследчыкі.