Рэйтынг дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі замерылі дзяржаўныя і незалежныя аналітычныя цэнтры. Першы атрымаў вынік у 76%, другі – у 35%. Па апытаннях буйных СМІ рэйтынг склаў 3%, адкуль пайшлі мемы і жарты. У пачатку жніўня з’явіўся новы рэйтынг на сайце narodny-opros.info. Там рэйтынг даверу прэзідэнту склаў 16-21%. Сацыёлаг Даследчага цэнтра ІПМ Дар’я Урбан патлумачыла розніцу ў лічбах, чаму на іх аснове нельга вывесці сярэдняе арыфметычнае і чаму недакладныя рэйтынгі выклікаюць негатыў у людзей.
Якім павінна быць апытанне?
Для дакладнага выніку пры апытанні трэба выконваць два асноўныя патрабаванні.
Першае – патрабаванні рэпрэзентатыўнасці, каб выбарка – людзі, якіх апыталі, – па структуры адпавядала генеральнай сукупнасці, то бок усяму насельніцтву краіны, а вынікі апытання можна было распаўсюдзіць на ўсіх. У палітычным апытанні трэба, каб выбарка была рэпрэзентатыўнай па рэгіёне, тыпу мясцовасці, былі прадстаўлены палавыя і ўзроставыя кагорты адпаведна структуры, якая адпавядае насельніцтву ў генеральнай сукупнасці.
Другое – апытанне павінна праводзіцца выпадковым чынам, каб туды трапілі людзі зацікаўленыя і незацікаўленыя, з розным сацыяльным становішчам, адукацыяй, але каб гэта было прапарцыйна генеральнай сукупнасці – усяму насельніцтву.
Калі гэтыя патрабаванні выконваюцца, апытанне можна прызнаць сапраўдным.
Апытанне можа быць прадузятым
Дар’я не пракаментавала вынікі апытанняў ААЦ і НІСЭПД, паколькі не знаёмая з іх метадалогіяй. Праверыць, як была пабудавана выбарка ў двух цэнтраў, складана – не на ўсіх сайтах апісана метадалогія. Рашэнне аб публікацыі дадзеных прымае даследчы цэнтр. Таму няма і дадзеных, як выглядае партрэт чалавека, які падтрымлівае Лукашэнку.

Апытанне, якое праводзіцца дзяржаўным цэнтрам, можа быць прадузятым.
– У класічных палітычных апытаннях ёсць такі эфект: калі людзі даведаюцца, хто іх апытвае, яны не кажуць, за каго будуць галасаваць, ці хлусяць па якой-небудзь прычыне. Напрыклад, ім сорамна прызнацца. Але гэта звычайна невялікі працэнт.
Павінны быць моцныя ўмовы для таго, каб людзі саромеліся казаць, за каго яны будуць галасаваць і выбіралі іншага чалавека. Трэба, каб нешта на іх ціснула. Я не бачу ў нас такіх абставін.
Рэйтынг Лукашэнкі ў 16-21% можа быць рэальным
Што датычыцца вынікаў “Народного опроса”, Дар’я станоўча ацаніла метадалогію апрацоўкі дадзеных.
– Замест таго, каб паказваць лічбы абсалютныя – лінейнае размеркаванне, якое кажа, колькі чалавек выбрала кандыдата, яны зрабілі папраўку на генеральную сукупнасць. Яны апыталі 45 000 чалавек праз інтэрнэт і 1000 чалавек асабіста. Потым зрабілі папраўку і праз адмысловую матэматычную мадэль разлічылі не дакладнае значэнне, а калідор значэнняў рэйтынгаў. Гэта магчымае адхіленне, – сказала Дар’я.

Калі была правільна пабудавана выбарка і працэдура апытання, дадзеным апытання можна давяраць з хібнасцю ў 5%. Дар’я адправіла ім запыт і пакуль не атрымала адказ.
– Калі апытвалі толькі тых людзей, якія былі зацікаўлены адказаць, стаялі толькі ў адным пункце горада, гэтым звесткам давяраць таксама нельга, – патлумачыла сацыёлаг. – Хібнасці ёсць ва ўсіх апытаннях. Стандартная памылка выбаркі – 5%.
Вынікі ў 3% рэйтынгу Лукашэнкі непраўдзівыя
Апытанні, у якіх Лукашэнка набраў 3% ад агульнага рэйтынгу, праводзіліся на сайтах інтэрнэт-выданняў або ў пабліках.
– Трэба разумець, што калі там прагаласавала 200 тыс. чалавек, гэтая выбарка рэпрэзентатыўная выключна аўдыторыі гэтай групы або навінавага пабліка. Гэта актыўныя карыстальнікі інтэрнэту – раз, актыўныя карыстальнікі гэтай групы або партала – два. Гэта ўжо не ўсё насельніцтва па азначэнні. Гэтай групе людзей, аб’яднаных нейкім інтарэсам – гэта рэпрэзентатыўна. Насельніцтву агулам – не.
Апытаннямі павінны займацца прафесіяналы. Гэта зніжае рызыку таго, што ў апытанне закрадзецца сістэмная памылка, лічыць Дар’я. “Калі СМІ робіць усё па правілах, палічылі выбарку і сталі не ў адной кропцы горада, а апыталі людзей хаця б усіх раёнаў, гэта адзін варыянт. Калі СМІ апыталі 10 чалавек на вуліцы – іншы”, – сказала сацыёлаг.
“Да любых апытанняў трэба ставіцца крытычна”
Абагульнена і ўсярэднена чатыры рэйтынгі прэзідэнта разглядаць нельга. Сярэдняе арыфметычнае ад гэтых апытанняў не будзе праўдай. Можна параўноўваць толькі апытанні, якія праводзіліся па адзінай метадалогіі ў аднолькавых умовах, сказала Дар’я.
– Думаю, да любых апытанняў трэба ставіцца крытычна. Заўсёды ёсць верагоднасць прадузятасці, – патлумачыла Дар’я.
“Людзі пачынаюць злавацца, што іх падманваюць”
Інфармацыя, якую распаўсюджваюць СМІ, можа спрацаваць па-рознаму, таму што СМІ маюць магчымасць “падарыць адчуванне”.
– Калі казаць пра рэйтынг доўга і планамерна, гэта можа аказаць эфект. Але гэта рэч, якой небяспечна жангляваць. Калі рэйтынг пачынаюць вельмі моцна перабольшваць, а вы разумееце, што вакол вас вельмі мала людзей, якія падтрымліваюць кандыдата, таксісты і бабулі ў двары кажуць, што не падтрымліваюць уладу, у вас пачынаюць з’яўляюцца сумневы, і гэта заканамерна, – патлумачыла Дар’я.
– Акрамя рэйтынгу, на ўспрыманне чалавека ўплывае шмат рэчаў. У першую чаргу – асяроддзе. “Вядома, яно не рэпрэзентатыўна ўсёй краіне. Але калі бачыце і адчуваеце, што вам хлусяць, гэта можа выклікаць вельмі негатыўную рэакцыю. Аж да таго, што, можа быць, мы зараз назіраем, – сказала сацыёлаг.

– Ніхто не пярэчыць моцна з нагоды рэйтынгу Ганны Канапацкай. Ён па ўсіх апытаннях прыкладна аднолькава нізкі. Але калі выкатваюць рэйтынг з двума самымі абмяркоўваемымі кандыдатамі – Лукашэнкам і Ціханоўскай – людзі пачынаюць сумнявацца, таму што вакол іх іншая сітуацыя. Яны пачынаюць злавацца, што іх падманваюць – хоць, можа, і не падманваюць.
Адзінае, што застаецца – глядзець на ўсе лічбы, думаць, як яны маглі быць атрыманыя, спрабаваць дастукацца да ўладальнікаў апытанняў і спытаць наўпрост, праверыць і ўжо на аснове гэтага рабіць высновы, – сказала Дар’я.
Калі ў аднаго кандыдата рэйтынг падае, не абавязкова, што ён расце ў апанента. Людзі могуць галасаваць “супраць усіх”. Але ў гэтую выбарчую кампанію сітуацыя не такая.

– Гэта выснова з узроўню актыўнасці цяпер – як мінімум у інтэрнэце. Калі глядзець на актыўнасць у параўнанні з мінулымі выбарамі і нават выбарамі 2010-га года, мы бачым, што яна значна вышэй. І значна большая колькасць людзей праяўляюць ініцыятыву, цікавасць, прыйшлі ў ініцыятыўныя групы. Гэтым разам людзі не сыдуць у апатыю, – лічыць Дар’я.



