Рэйтынг дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі замерылі дзяржаўныя і незалежныя аналітычныя цэнтры. Першы атрымаў вынік у 76%, другі - у 35%. Па апытаннях буйных СМІ рэйтынг склаў 3%, адкуль пайшлі мемы і жарты. У пачатку жніўня з’явіўся новы рэйтынг на сайце narodny-opros.info. Там рэйтынг даверу прэзідэнту склаў 16−21%. Сацыёлаг Даследчага цэнтра ІПМ Дар’я Урбан патлумачыла розніцу ў лічбах, чаму на іх аснове нельга вывесці сярэдняе арыфметычнае і чаму недакладныя рэйтынгі выклікаюць негатыў у людзей.
Якім павінна быць апытанне?
Для дакладнага выніку пры апытанні трэба выконваць два асноўныя патрабаванні.
Першае — патрабаванні рэпрэзентатыўнасці, каб выбарка — людзі, якіх апыталі, — па структуры адпавядала генеральнай сукупнасці, то бок усяму насельніцтву краіны, а вынікі апытання можна было распаўсюдзіць на ўсіх. У палітычным апытанні трэба, каб выбарка была рэпрэзентатыўнай па рэгіёне, тыпу мясцовасці, былі прадстаўлены палавыя і ўзроставыя кагорты адпаведна структуры, якая адпавядае насельніцтву ў генеральнай сукупнасці.
Другое — апытанне павінна праводзіцца выпадковым чынам, каб туды трапілі людзі зацікаўленыя і незацікаўленыя, з розным сацыяльным становішчам, адукацыяй, але каб гэта было прапарцыйна генеральнай сукупнасці - усяму насельніцтву.
Калі гэтыя патрабаванні выконваюцца, апытанне можна прызнаць сапраўдным.
Апытанне можа быць прадузятым
Дар’я не пракаментавала вынікі апытанняў ААЦ і НІСЭПД, паколькі не знаёмая з іх метадалогіяй. Праверыць, як была пабудавана выбарка ў двух цэнтраў, складана — не на ўсіх сайтах апісана метадалогія. Рашэнне аб публікацыі дадзеных прымае даследчы цэнтр. Таму няма і дадзеных, як выглядае партрэт чалавека, які падтрымлівае Лукашэнку.
Апытанне, якое праводзіцца дзяржаўным цэнтрам, можа быць прадузятым.
— У класічных палітычных апытаннях ёсць такі эфект: калі людзі даведаюцца, хто іх апытвае, яны не кажуць, за каго будуць галасаваць, ці хлусяць па якой-небудзь прычыне. Напрыклад, ім сорамна прызнацца. Але гэта звычайна невялікі працэнт.
Павінны быць моцныя ўмовы для таго, каб людзі саромеліся казаць, за каго яны будуць галасаваць і выбіралі іншага чалавека. Трэба, каб нешта на іх ціснула. Я не бачу ў нас такіх абставін.
Рэйтынг Лукашэнкі ў 16−21% можа быць рэальным
Што датычыцца вынікаў «Народного опроса», Дар’я станоўча ацаніла метадалогію апрацоўкі дадзеных.
— Замест таго, каб паказваць лічбы абсалютныя — лінейнае размеркаванне, якое кажа, колькі чалавек выбрала кандыдата, яны зрабілі папраўку на генеральную сукупнасць. Яны апыталі 45 000 чалавек праз інтэрнэт і 1000 чалавек асабіста. Потым зрабілі папраўку і праз адмысловую матэматычную мадэль разлічылі не дакладнае значэнне, а калідор значэнняў рэйтынгаў. Гэта магчымае адхіленне, — сказала Дар’я.
Калі была правільна пабудавана выбарка і працэдура апытання, дадзеным апытання можна давяраць з хібнасцю ў 5%. Дар’я адправіла ім запыт і пакуль не атрымала адказ.
— Калі апытвалі толькі тых людзей, якія былі зацікаўлены адказаць, стаялі толькі ў адным пункце горада, гэтым звесткам давяраць таксама нельга, — патлумачыла сацыёлаг. — Хібнасці ёсць ва ўсіх апытаннях. Стандартная памылка выбаркі - 5%.
Вынікі ў 3% рэйтынгу Лукашэнкі непраўдзівыя
Апытанні, у якіх Лукашэнка набраў 3% ад агульнага рэйтынгу, праводзіліся на сайтах інтэрнэт-выданняў або ў пабліках.
— Трэба разумець, што калі там прагаласавала 200 тыс. чалавек, гэтая выбарка рэпрэзентатыўная выключна аўдыторыі гэтай групы або навінавага пабліка. Гэта актыўныя карыстальнікі інтэрнэту — раз, актыўныя карыстальнікі гэтай групы або партала — два. Гэта ўжо не ўсё насельніцтва па азначэнні. Гэтай групе людзей, аб’яднаных нейкім інтарэсам — гэта рэпрэзентатыўна. Насельніцтву агулам — не.
Апытаннямі павінны займацца прафесіяналы. Гэта зніжае рызыку таго, што ў апытанне закрадзецца сістэмная памылка, лічыць Дар’я. «Калі СМІ робіць усё па правілах, палічылі выбарку і сталі не ў адной кропцы горада, а апыталі людзей хаця б усіх раёнаў, гэта адзін варыянт. Калі СМІ апыталі 10 чалавек на вуліцы — іншы», — сказала сацыёлаг.
«Да любых апытанняў трэба ставіцца крытычна»
Абагульнена і ўсярэднена чатыры рэйтынгі прэзідэнта разглядаць нельга. Сярэдняе арыфметычнае ад гэтых апытанняў не будзе праўдай. Можна параўноўваць толькі апытанні, якія праводзіліся па адзінай метадалогіі ў аднолькавых умовах, сказала Дар’я.
— Думаю, да любых апытанняў трэба ставіцца крытычна. Заўсёды ёсць верагоднасць прадузятасці, — патлумачыла Дар’я.
«Людзі пачынаюць злавацца, што іх падманваюць»
Інфармацыя, якую распаўсюджваюць СМІ, можа спрацаваць па-рознаму, таму што СМІ маюць магчымасць «падарыць адчуванне».
— Калі казаць пра рэйтынг доўга і планамерна, гэта можа аказаць эфект. Але гэта рэч, якой небяспечна жангляваць. Калі рэйтынг пачынаюць вельмі моцна перабольшваць, а вы разумееце, што вакол вас вельмі мала людзей, якія падтрымліваюць кандыдата, таксісты і бабулі ў двары кажуць, што не падтрымліваюць уладу, у вас пачынаюць з’яўляюцца сумневы, і гэта заканамерна, — патлумачыла Дар’я.
— Акрамя рэйтынгу, на ўспрыманне чалавека ўплывае шмат рэчаў. У першую чаргу — асяроддзе. «Вядома, яно не рэпрэзентатыўна ўсёй краіне. Але калі бачыце і адчуваеце, што вам хлусяць, гэта можа выклікаць вельмі негатыўную рэакцыю. Аж да таго, што, можа быць, мы зараз назіраем, — сказала сацыёлаг.
— Ніхто не пярэчыць моцна з нагоды рэйтынгу Ганны Канапацкай. Ён па ўсіх апытаннях прыкладна аднолькава нізкі. Але калі выкатваюць рэйтынг з двума самымі абмяркоўваемымі кандыдатамі - Лукашэнкам і Ціханоўскай — людзі пачынаюць сумнявацца, таму што вакол іх іншая сітуацыя. Яны пачынаюць злавацца, што іх падманваюць — хоць, можа, і не падманваюць.
Адзінае, што застаецца — глядзець на ўсе лічбы, думаць, як яны маглі быць атрыманыя, спрабаваць дастукацца да ўладальнікаў апытанняў і спытаць наўпрост, праверыць і ўжо на аснове гэтага рабіць высновы, — сказала Дар’я.
Калі ў аднаго кандыдата рэйтынг падае, не абавязкова, што ён расце ў апанента. Людзі могуць галасаваць «супраць усіх». Але ў гэтую выбарчую кампанію сітуацыя не такая.
— Гэта выснова з узроўню актыўнасці цяпер — як мінімум у інтэрнэце. Калі глядзець на актыўнасць у параўнанні з мінулымі выбарамі і нават выбарамі 2010-га года, мы бачым, што яна значна вышэй. І значна большая колькасць людзей праяўляюць ініцыятыву, цікавасць, прыйшлі ў ініцыятыўныя групы. Гэтым разам людзі не сыдуць у апатыю, — лічыць Дар’я.