Настольныя гульні спрыяюць інтэлектуальнаму развіццю і сацыяльнай адаптацыі, лічыць Іван Петушок, уладальнік антыкафэ “Партал”, дзе 2 снежня прайшла бясплатная гульнятэка для людзей з парушэннямі інтэлектуальнага развіцця. Іван плануе навучыць валанцёраў мясцовага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання гуляць у настолкі, каб наведвальнікі маглі гуляць кожны дзень.

– Людзям з асаблівасцямі цяжка знайсці цікавае хобі. Яны ходзяць на кіно, але настольныя гульні ім таксама даступныя, – кажа Іван Петушок. – Яны трошкі даўжэй засвойваюць правілы, але ў цікавыя гульні, кшталту “Каркасона” ці “Чарапашых бегаў” граюць нароўні з усімі.

Гульнятэку прымеркавалі да Міжнароднага дня людзей з інваліднасцю і акцыі “Вместе мы сможем многое”. Запрасілі наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна. Гэта пераважна людзі з інтэлектуальнымі парушэннямі, узрост – ад 18 да 48.

img_6528

Супрацоўніцтва будзе рэгулярным

Загадчыца аддзялення Ларыса Мамай расказала, што настольныя гульні спрыяюць развіццю мыслення, мысленчых здольнасцей і маторыкі рук. Іван пагаджаецца:

– Настольныя гульні развіваюць, бо трэба думаць лагічна. Калі яны будуць перыядычна гуляць, адбудзецца скачок асабовага развіцця і адаптацыі, – кажа ён. – У нас быў эксперымент, калі мы працавалі з цяжкімі падлеткамі. Выхаванец, які кепска паводзіў сябе ў школе, падчас гульняў навучыўся правільна выбудоўваць адносіны з дзецьмі і дарослымі, стрымліваць свае эмоцыі.

З аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў Іван Петушок пазнаёміўся на трэнінгу па сацыяльным прадпрымальніцтве для людзей з інваліднасцю.

img_6512

Цэнтр плануе рэгулярна супрацоўнічаць з “Парталам”. Пад Новы год яны правядуць сумесную акцыю. Сувеніры і цацкі, якія вырабляюць у гуртках людзі з асаблівасцямі, трапяць на кірмаш у час гульнятэкі. Сабраныя сродкі пойдуць на дабрачыннасць і развіццё аддзялення. Напрыклад, на пакупку расходных матэрыялаў у гурткі.

Дзеці не прапускалі ніводнага занятку

Іван Петушок некалі год праводзіў гульнятэкі для дзяцей з ДЦП. Кажа, што яны не прапускалі ніводнага занятку, бо дзецям падабалася – яны ўзаемадзейнічалі, гулялі і атрымлівалі прыемныя эмоцыі. Іван кажа, што настольныя гульні – добрая альтэрнатыва камп’ютарным. У  камп’ютраных гульнях няма часу абдумаць крок і няма камунікацыі чалавека з чалавекам: не бачна яго твару, рэакцыі, эмоцый.

Да таго ж, на звычайных карэкцыйных занятках наведвальнікі могуць пачаць “сачкаваць”. А з настольнымі гульнямі такога не бывае, бо ім падабаецца працэс. У гульню могуць уключацца і выхавацелі.