Фінальнае шоў конкурсу прыгажосці «Міс Гродна — 2017» прайшло на сцэне драматычнага тэатра 19 мая. Галоўная карона дасталася студэнтцы філалагічнага факультэта ўніверсітэта імя Янкі Купалы Маргарыце Мартынавай.

Паўтара месяца дзяўчаты рыхтаваліся да фінальнага шоў: навучаліся навыкам дэфіле, асновам сцэнічнай мовы і акцёрскаму майстэрству, удзельнічалі ў прымерках i здымках. На самiм фінальным шоў гледачоў чакалі не толькі выхады на сцэну прыгажунь, але і насычаная канцэртная праграма: музычныя і танцавальныя нумары ад артыстаў з Гродна і Мінска.

Пасля першага антракту члены журы выбралі з 16 канкурсантак 8 лепшых. А пасля другога — галоўную прыгажуню горада. Уладальніцай кароны стала чароўная Маргарыта Мартынава.

«У першую чаргу я хачу сказаць, што гэта агульная перамога. Калі б не было дзяўчат — не было б усяго гэтага маляўнічага шоў, якое сёння вы бачылі, — кажа Маргарыта Мартынава. — Я вельмі рада перамозе і буду з гонарам насіць званне «Міс Гродна — 2017».

Міс Гродна 2016 года Аляксандра Дораш перадала Маргарыце карону не ўпершыню. Гэтаксама здарылася раней на «Міс універсітэт», дзе дзяўчаты перамаглі адна за другой.

«Зараз я вучуся на філалагічным факультэце, вывучаю сучасныя замежныя мовы. Цяжка было сумяшчаць вучобу і падрыхтоўку да конкурса. Часам даводзілася ахвяраваць заняткамі дзеля рэпетыцый, а на носе акурат была абарона курсавой. Але я з усімі цяжкасцямі справілася і сёння раніцай, перад конкурсам, абараніла гэтую курсавую».

Дзяўчына кажа, што ў будучыні хацела б паўдзельнічаць у конкурсе «Міс Беларусь».

Званні першай і другой віцэ-міс атрымалі Анастасія Міклашэўская і Аляксандра Козырава. Перамогу ў намінацыях Міс Зачараванне і Міс Талент атрымала Інга Змітровіч, Міс глядацкіх сімпатый таксама стала Анастасія Міклашэўская.


Сёлета конкурс «Міс Гродна» быў юбілейны — 30-ы. Да гэтай гадавіны прадзюсар конкурсу Ігар Ляговiч запрасіў на свята пераможцаў мінулых гадоў. За 30 гадоў існавання конкурсу каля 4000 дзяўчат прэтэндавалі на тытул «Міс Гродна», а больш за 300 з іх прынялі ўдзел у фінальных шоў.