Праз шэсць гадоў на экранах зноў граміла Ральф з непрапарцыйна вялікімі рукамі і неверагодным абаяннем. «Дысней» у гэтым фільме спыніўся недзе паміж самаіроніяй і непрыхаванай самарэкламай і паказаў, што можа стварыць цікавую гісторыю нават без галоўнага адмоўнага персанажа.
У першым фільме Ральфу — герою камп’ютарных гульняў - надакучыла быць злыднем. Ён ускалыхнуў свет гульнявых аўтаматаў і даказаў усім, што ўмее не толькі ўсё разбураць, але і ратаваць «мілых» прынцэс. Сама прынцэса, Ванілопа фон Кекс, назойлівая «маляўка» з гульні «Салодкі фарсаж», таксама даказала свету, што яна не проста лічбавы ізгой.
У гэтай барацьбе супраць усіх нарадзілася вялікае сяброўства двух экстраардынарных персанажаў. І ўсё было б добра, калі б не з’явілася шчыліна ў інтэрнэт.
Падарожжа ў свет інтэрнэту
Першы «Ральф» удала прайшоўся па настальгічных пачуццях аматараў гульняў. Старэйшы глядач па шматлікіх адсылках пазнаваў знаёмых «Пакмана», «Змейку» і астатніх, а малодшага гледача зацягваў дзівосны пазл з мноства светаў, па якіх падарожнічалі галоўныя героі.
У другім фільме Ральф зноў нашкодзіў і выратаванне давялося шукаць там, дзе небяспека крыецца ў невядомасці, параўнальнай з бязмежным Сусветам, — у свеце інтэрнэту. Аніматары са студыі «Дысней» яшчэ тыя майстры ў стварэнні неабсяжнай прасторы і яе запаўненні рознымі фантазіямі. Але свет інтэрнэту ў «Ральфе» не патрабаваў прыдумвання чагосьці ўнікальнага. Трэба было займальна перакласці існуючыя факты і мякка ўбудаваць у гэты свет персанажаў мультфільма.
Лайкі як валюта
Сусветная павуціна паказаная гіганцкім мегаполісам, у якім юзэры з квадратнымі галовамі натоўпамі бегаюць у пошуках забаў. Ім дапамагаюць (ці перашкаджаюць) у пошуках розныя праграмы, у вобразе асоб з нармальнымі формамі. У гэтым крыецца іронія: стваральнікі мультфільма высмейваюць самога гледача, які з дапамогай квадратнага экрана кіруе сваім персанажам.
Сярод віру пастаяннага пошуку мільгаюць брэнды вялікіх і малых памераў, у залежнасці ад значнасці ў сусветным маштабе: Google, Twitter і іншыя. Галоўнай разменнай манетай чакана становяцца лайкі, а каментары — тым, што лепш абыходзіць бокам. Гэтая канцэпцыя інтэрнэту прыцягвае хаатычнасцю і анекдатычным поглядам на звыклыя рэчы.
Большая частка фільма — брэнды «Дыснея»
Дзёрзка выглядае тое, што «Дысней» большую частку мульціка аддаў пад свае асабістыя брэнды. Ванілопа апынецца сярод усіх персанажаў, правамі на якіх валодае «Мышыны дом». Тут і штурмавікі, і вослік Іа, і сам Стэн Лі - цэлая армія, здольная да захопу рэальнага свету. «Дысней» у «Ральф супраць інтэрнэту» заняўся велізарнай самарэкламай, дзе даў зразумець, што ў будучыні ніхто не зможа выстаяць перад іх прадукцыяй.
Нядрэнна абыграна сцэна, дзе ўсе-ўсе дыснэеўскія прынцэсы апынуліся ў адным памяшканні і спрачаюцца аб сваіх галоўных якасцях. Магчыма, настаў час, калі жанчыны ў шоў-бізнесе перамагаюць на ўсіх франтах, калі варта змяніць лагатып з Мікі Маўса на сілуэт Моаны альбо Пакахонтас.
Прынцэсы заўсёды перамагаюць
У гэтым маніякальным віры сусветнага павуціння Ральф і Ванілопа правяраюць сваё сяброўства на трываласць: гэта і ёсць лейтматыў другой часткі. Барацьба са сваімі ўласнымі жаданнямі, якія робяць цябе цынічным эгаістам, выходзіць на першы план, таму мультфільму не патрабуецца нават галоўны адмоўны персанаж. Героі самі сабе ствараюць глабальныя праблемы і ў пошуках іх вырашэння разбураюць інтэрнэт. Але мужчыну (Ральфу) прыйдзецца саступіць сваёй сяброўцы (Ванілопе), каб нарэшце наступіла ідылія. Прынцэсы заўсёды перамагаюць.
«Дысней» зноў даказаў, што ў стварэнні анімацыйных гісторый з ім можа цягацца толькі яго ўласная студыя «Піксар». «Ральф 2» паказвае, што чалавечая фантазія з дапамогай камп’ютарных тэхналогій здольная пашыраць межы. Толькі што перад намі? Самаіронія? Рэклама сябе прыгожых? Гэта ўжо вырашаць гледачу.