Гродзенцы шмат маглі б папрасіць у Беларускай Чыгункі. Каб хуткі цягнік з Мінска ў Гродна або дызель з Гродна ў Баранавічы ехалі крыху хутчэй. Каб да Гродна паехалі даўно абяцаныя сучасныя дызелі. Але асабліва хацелася б, каб нарэшце быў рэалізаваны даўно абяцаны праект музея чыгункі, які анансуюць з 2011 года. Для турыстычнага Гродна тое было б асабліва крута.

Цэнтрам комплекса мусіла стаць былое чыгуначнае дэпо, якое паўстала недалёка ад вакзала ў канцы 19 ст.

Чыгуначнае дэпо справа ад вакзала. Пачатак ХХ ст.
Чыгуначнае дэпо справа ад вакзала. Пачатак ХХ ст.

Дэпо добра бачнае злева ад вежы. Да дэпо далучаўся адміністрацыйны будынак. Пач. ХХ ст.
Дэпо добра бачнае злева ад вежы. Да дэпо далучаўся адміністрацыйны будынак. Пач. ХХ ст.
Дэпо ў міжваенныя гады перабудавалі ў прыгожы трохпавярховы будынак у неабарочным стылі, прыстасаваўшы яго ў адміністрацыйна-жылы будынак. Будынак нярэдка трапляў на здымкі наведвальнікаў горада, бо прыцягваў увагу. Каля яго таксама адстойваліся самыя хуткія тагачныя цягнікі-вагоны «Тарпеда-Люкс», якія з хуткасцю да 80 км/г ганялі да Варшавы і Вільні. У гады вайны будынак згарэў. У савецкі час яго адбудавалі сціпла. Панізілі дах і аддалі на патрэбы чыгуначнікаў, якія жылі тут цэлымі пакаленнямі.
Спалены ў гады вайны будынак
Спалены ў гады вайны будынак

Юбілейныя планы

Яшчэ ў пачатку 2000-х газеты пісалі аб тым, як цяжка жывецца людзям у гэтым доме. Маўляў, усё патрэскалася, вады гарачай няма, ацяпленне пячное. Дом ці тое збіраліся знесці, ці тое капітальна адрамантаваць. Выдзелілі на выраб праекта рамонту аж 18 мільёнаў рублёў (каля 10 000 долараў па тых грашах). У выніку дом не знеслі, бо пуцяпровад прайшоў побач. Пераезду побач таксама ўжо няма.

Да канца «нулявых» будынак выселілі і справа яго адбудовы, здаецца, зрушылася з месца. У 2012 г. чыгуначнікі ўрачыста адсвяткавалі праходжанне праз горад першай у Беларусі чыгункі ў 1862 годзе. Тады на гродзенскі вакзал прыехаў сапраўдны паравоз, а СМІ анансавалі праект стварэння музейна-адпачынкавага комплекса чыгункі, цэнтрам якога павінен быў стаць гэта будынак.

“Музей-прывід”: чым каштоўнае былое чыгуначнае дэпо і чаму яму нельга даць прапасці
Анасаваны музейна адпачынкавы комплекс, з якога нічога так і не было рэалізавана. 2012 г.

Апошні аўтэнтычны аб’ект на чыгунцы

Але святкаваннем 2012 года па-сутнасці ўсё скончылася. Паравоз у Гродна больш не завітваў (а якая б была прывабная штука для бязвізавых турыстаў!) а дом-дэпо ў 2014 годзе падпалілі бамжы і яго ледзь уратавалі пажарныя.

Цяпер дом чакае свайго лёсу і час ад часу чутныя галасы, што добра было б яго зусім знесці. Тое, канешне, будзе нечуванае глупства, бо гэты дом — апошні цікавы стары аўтэнтычны аб’ект на гродзенскім чыгуначным вузле, у нашым горадзе!

Замена страчанаму вакзалу

Просім звярнуць на гэты будынак увагу гродзенскіх чыноўнікаў. Калі ён не асабліва патрэбен чыгунцы, то можа гораду за яго ўзяцца? Як крута было б, калі на пад’ездзе да вакзала гасцей горада сустракаў бы такі шыкоўны трохпавярховік з напісам «ГРОДНА» як на старых фотаздымках! Можна сказаць, што добрая была б замена страчанаму ў савецкі час чыгуначнаму вакзалу. Здаецца, што аднавіць гэты будынак і зрабіць з яго які-небудзь офісны цэнтр было б не вельмі дорага для вялікага горада. Нельга даць гэтаму будынку прапасці.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life