Час у якім жыць, чалавек не выбірае. А вось каляндар, па каторым будзе цікава сачыць за падзеямі сучаснымі і мінулым, гродзенцы абраць могуць. Пазнаёміцца з новымі краязнаўчымі календарамі можна было 27 снежня ў гарадской бібліятэцы імя Макаёнка.
Традыцыя «мясцовых» календароў на Гродзеншчыне ідзе ад XVII стагодзя з «Календара штогодных свят», выдадзенага на Навагрудчыне і Гродзенскіх гаспадарскіх календароў, што выдаваліся ад 1776 года. Ідэя аднавіць традыцыю з’явілася ў 2016 годзе ў краязнаўцы Віктара Саяпіна і выдаўца Аляксандра Рыжага.
[irp posts="41 757″ name=""Пасля зброі, наркотыкаў і прастытуцыі - самы прыбытковы бізнес". Гродзенскі кнігавыдавец пра друкарскую справу з мясцовым каларытам"]Летась укладальнікам календара быў Алесь Госцеў, а сёлета традыцыю працягнулі адразу двума ілюстраванымі календарамі. Адзін з іх прысвечаны юбілею гравюры Мацея Цюндта і ўкладзены Аляксандрам Перагудавым, другі - прысвечаны яўрэйскай абшчыне Гродна ад Марыны Шапялевіч. Настольны перакідны каляндар ужо дзевяты раз падрыхтаваў прафесар Алексей Пяткевіч.
«Сапраўднае адлюстраванне Гродна ў Літве»
Галоўным «героем» календара ад Перагудава стаў Гродна, адлюстраваны на гравюры Мацея Цюндта. Наступны год будзе для выявы юбілейным. Першае адлюстраванне Гродна, зробленае на падставе рэальных ведаў, адзначыць сваё 450-годдзе. Падзеі, адлюстраваныя на гравюры, адносяцца да часоў Лівонскай вайны. Тады, у 1567 годзе, у Гродна да караля Жыгімонта Аўгуста прыехалі дыпламаты з маскоўскага, татарскага, валашскага і турэцкага пасольстваў. А Гродна стаў фонам, на якім была адлюстравана сустрэча.
На думку Аляксандра Перагудава, гравюру да гэтага часу цікава вывучаць, бо апроч афіцыйных дыпламатычных падзей яна адлюстроўвае побыт гродзенцаў таго часу.
[irp posts="25 627″ name="Юбілей адной гравюры, альбо чаму гродзенцам варта паказаць сваю годнасць"]
Выданнем календара аўтар зрабіў спробу «прыадкрыць некаторыя таямніцы „Сапраўднага адлюстраваання горада Гродна ў Літве“ і ўзгадаць 12 дат, што адыгралі значную ролю ў лёсе горада».
«Пад шчытом Давіда»
Са словаў Марыны Шапялевіч, скласці каляндар яе натхніла жаданне «ажывіць бязлікае словазлучэнне «гродзенская яўрэйская абшчына». Каляндар пабудаваны вакол значных для гісторыі яўрэяў Гродна падзеяў, асобаў і месцаў. Частку календара складаюць гісторыі пра Праведнікаў свету і цікавых людзей з абшчыны.
Адзін з іх — равім Нохам Каплан. Ён жыў на зломе XIX i XX стагоддзяў, але расповеды пра яго дабрачынную дзейнасць найшлі да нашых дзён. Неяк, прасіўшы міластыню для бедных, ён атрымаў аплявуху. «Гэта для мяне. А што для бедных?» — быў яго адказ на знявагу.
Таксама ў календары змешчана шмат рэдкіх фотаздымкаў, звязаных з гісторыяй яўрэйства.
[irp posts="10 680″ name="Вечны каляндар з Гродзенскага музея выдалі 200 гадоў таму дзякуючы краўдфандынгу"]
Настольны краязнаўчы каляндар
Прафесар Аляксей Пяткевіч раскрыў таямніцу свай працы над календарамі. Аказваецца, пошук круглых дат ідзе задоўга да новага году. Зараз, прызнаўся прафесар, ужо практычна ўкладзены дзясяты, юбілейны каляндар на 2019 год. Цягам года ёсць час на ўдасканаленне інфармацыі. Звесткі, што могуць зрабіць каляндар больш цікавым, «ловяцца» ўвесь час, бывае, што цікавосткі трапляюцца амаль выпадкова.
На кожнай старонцы календара ад Аляксея Пяткевіча 1−3 падзеі, звязаныя з Гродзеншчынай.
Пачуццё часу
Усе гродзенскія календары, прадстаўленыя на сустрэчы, былі выдадзены ў выдавецтве «ЮрСаПрынт», якім кіруе Аляксандр Рыжы. «Чалавек тым і адрозніваецца ад жывлаў, што мае пачуццё часу. Таму каляндар — гэта тое, што заўжды побач і што прыемна бачыць у сябе на працоўным стале», — патлумачыў ён.
[irp posts="44 914″ name="Каляндар для сваіх". 5+3 прапановаў для сапраўдных гродзенцаў"]